Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў нагаварыў лішняга, бо ня ведаў, што ў залі ёсьць журналісты


На зьезьдзе абласной арганізацыі Партыі БНФ 6 сакавіка ў Гомелі былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў зрабіў шэраг нечаканых заяваў, а прысутныя на сходзе журналісты іх апублікавалі.

У камэнтары «Нашай ніве» Кастусёў прызнаўся, што ня ведаў аб прысутнасьці журналістаў:

«Шчыра кажучы, аб гэтым я даведаўся толькі пасьля завяршэньня мерапрыемства. Безумоўна, што шмат аб чым я б не гаварыў, калі б ведаў, што ўсё сказанае мной будзе апублікавана. На пытаньні сяброў партыі я б адказваў шчыра, але ад сябе гаварыў бы іначай. У нас ужо ва ўсіх абласных гарадах прайшлі падобныя сустрэчы. На некаторых зь іх прысутнічалі журналісты, у прыватнасці ў Горадні. Аднак мы прасілі іх пакуль не публікаваць маіх заяваў. У Гомелі выйшла іначай».

Гаворачы на зьезьдзе аб адносінах зь іншымі альтэрнатыўнымі экс-кандыдатамі, Кастусёў заявіў: «Я б узяў слова аднадумцы ў двукосьсе, таму што за гэтую выбарчую кампанію бруду, няшчырасьці, хлусьні і ўсяго іншага, дрэннага, я ўбачыў больш ад такіх вось «аднадумцаў», чым ад уладаў».

Ён паабяцаў сябрам партыі быць шчырым і адказаць на ўсе пытаньні, якія тычацца прэзыдэнцкіх выбараў. У прыватнасьці, Кастусёў адзначыў, што ў пэрыяд збору подпісаў і агітацыі на ягоны адрас ад лідэраў апазыцыі паступалі звароты з угаворваньнямі аб зьняцьці, з подкупам і шантажом.

«Апошняя прапанова была такая, што, маўляў, ты здымі сваю кандыдатуру, а на наступным зьезьдзе БНФ мы цябе вылучым на пасаду старшыні і падтрымаем сваёй групай, каб цябе абралі. Гэта прапанова была з вуснаў Хадыка і Вячоркі. Гутарка была як раз напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты », - падзяліўся сакрэтамі выбарчай кампаніі экс-кандыдат.

Паводле яго слоў, ад аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты яму паступіла прапанова зьняць кандыдатуру за пэўную плату - 100 тыс. даляраў. «Гэта прапанова мне паступіла, калі з тым кандыдатам мы былі сам-насам у лесе. Але цікава, што супрацоўнікі КДБ пасьля майго затрыманьня ў гутарцы са мной казалі менавіта пра такую лічбу і сказалі, што, маўляў, мы цябе паважаем, што ты ня ўзяў гэтыя грошы. Гэтую павагу я не стаўлю сабе ў заслугу, ад такой структуры. Я вам даю факты, а адзнаку гэтаму дамо разам », - падкрэсьліў Кастусёў.

Ён сьцьвярджаў, што ў пэрыяд выбараў яго спрабавалі зганьбіць, публікавалі на яго «пасквілі», прычым ня ўладныя структуры. «У «Народнай волі» ў адным толькі нумары былі два такія артыкулы на мой адрас. Мы з Аляксеем Янукевичем былі ў Сярэдзіча, размаўлялі зь ім, але Сярэдзіч сказаў адкрыта, што давайце грошы і мы апублікуем артыкул, які вы замовіце. Гэта што - нармальна? », - пытаўся экс-кандыдат.

Ён таксама сьцьвярджаў, што апошняе рашэньне, прынятае супольна кандыдатамі ў прэзыдэнты і начальнікамі іх штабоў падчас перамоваў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня, не прадугледжвала паходу на плошчу Незалежнасьці.

«Чаму людзі пайшлі - мне цяжка сказаць, ва ўсякім разе, мне прыйшлося ісьці, таму што людзей спыніць ужо было немагчыма. Ёсьць інфармацыя, хто вырашыў зьмяніць агульнае рашэньне, але я пакуль не скажу, хто гэта, таму што многія сядзяць у турме, і я ня маю маральнага права », - патлумачыў Кастусёў.

Паводле яго, плян у кандыдатаў у прэзыдэнты вечарам 19 сьнежня быў такі: «Стаяць каля дома на вуліцы Карла Маркса кальцом». «Проста стаяць. Вялікім кальцом, і нікуды не хадзіць, ніякіх штурмаў, адназначна. Адназначна зьбіраліся праводзіць мірную акцыю ", - падсумаваў экс-кандыдат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG