Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкага журналіста цягнуць у суд


Кастусь Шыталь
Кастусь Шыталь
Кастуся Шыталя вінавацяць у парушэньні выбарчага заканадаўства. Адміністрацыйны пратакол на актывіста склалі ў Глыбоцкім райвыканкаме. Раённы суд прызначыў разьбіральніцтва на 9 раніцы 10 сакавіка.

Паводле актывіста, позву даслалі на адрас ягонай маці. Аднак, хоць ён і не атрымаў дакумэнт асабіста ў рукі, Кастусь Шыталь зьбіраецца пайсьці ў суд.

У раённым судзе ён ужо пабываў 3 сакавіка, бо гэтую дату першапачаткова запісалі ў пратакол правапарушэньня, складзены юрысконсультам райвыканкаму. З улікам таго, што суд ня мусіць падпарадкоўвацца выканаўчым ўладам, справу Кастуся Шыталя ў тлой дзень разьбіраць ня сталі.

Згодна з адміністрацыйным артыкулам 9.10 (парушэньне выбарчага заканадаўства), спадару Шыталю пагражае альбо судовае папярэджаньне, альбо штраф памерам да 15 базавых велічынь.

Ініцыятарам судовай справы стала Марыя Мацулевіч, якая была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах ад «Беларускага саюзу жанчын». Яна напісала скаргу ў пракуратуру, нібыта Кастусь Шыталь, які быў назіральнікам на тым самым выбарчым участку, незаконна праводзіў апытаньне навучэнцаў прафэсыйнага ліцэю, ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне.

Актывіст лічыць, што ініцыяваная супраць яго адміністрацыйная справа — гэта спроба ціску за супрацоўніцтва зь незалежным сайтам Westki.info. У прыватнасьці, Кастусь Шыталь асьвятляў удзел прадстаўнікоў рэгіёну ў менскіх падзеях 19 сьнежня, а самы вялікі рэзананс меў яго артыкул «Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім», напісаны з уласнага назіральніцкага досьведу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG