Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньнем прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Павал Сапелка выключаны з арганізацыі і праз гэта пазбаўлены права займацца адвакацкай дзейнасьцю. Такое рашэньне прынятае на прапанову Міністэрства юстыцыі, якое зьвінаваціла адваката ў парушэньні патрабаваньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і правілаў прафэсійнай этыкі. Праваабаронцы і юрысты называюць гэтае рашэньне незаконным і заяўляюць пра разгром незалежнай адвакатуры.

Госьць “Начной Свабоды” – Павал Сапелка.

Соўсь: Як вы лічыце, чаму вас пазбавілі права займацца адвакацкай дзейнасьцю? Паводле Міністэрства юстыцыі, вашыя дзеяньні «несумяшчальныя са званьнем адваката". Ці вы згодны з такім тлумачэньнем?

Сапелка: Пакуль не хацеў бы абмяркоўваць прычыны гэтага рашэньня, але лічу, што не зрабіў нічога такога, што было б на шкоду маім кліентам, ці што парушала б правілы прафэсійнай этыкі.

Соўсь: Як вы лічыце, кім гэта рашэньне было прынятае?

Сапелка: Прэзыдыюмам Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, на жаль.

Соўсь: Хто цяпер будзе абараняць Саньнікава, Севярынца, Дашкевіча? Ці лёгка будзе ім знайсьці абаронцаў?

Сапелка: Замест сябе я нікога прапанаваць не магу, але па законе абаронай яны будуць забясьпечаны.

Соўсь: Што вы думаеце рабіць далей?

Сапелка: Я перастаў быць адвакатам, але не перастаў быць юрыстам. Сьвет юрыспрудэнцыі ёсьць і па-за калегіяй адвакатаў. Буду шукаць працу.

Соўсь: Як зрэагавалі іншыя адвакаты на вашае выключэньне з калегіі адвакатаў?

Сапелка: Я пачуў словы падтрымкі і спачуваньня.

Соўсь: Многія адвакаты фігурантаў справы 19 сьнежня пазьбягаюць кантактаў з журналістамі альбо даюць мінімальную інфармацыю. З чым вы гэта зьвязваеце?

Сапелка: Не да мяне пытаньне. Задайце гэтае пытаньне гэным адвакатам, якія не даюць інфармацыю. Я не магу тлумачыць іх учынкі.

Соўсь: Паколькі вы цяпер не зьвязаныя таямніцай сьледзтва, якія падрабязнасьці справы сваіх падабаронных, пра якія раней не гаварылі, вы цяпер можаце абнародаваць?

Сапелка: Падпіска пра неразгалошваньне сваёй сілы ня страціла.

Соўсь: Ці скардзіліся вашы падабаронныя на катаваньні ў турме КДБ?

Сапелка: Пакуль пра гэта гаварыць рана.

Соўсь: Раней гаварылася пра такую магчымасьць, каб літоўскія адвакаты абаранялі падазраваных ў справе аб непарадках 19 сьнежня. Ці нейкія канкрэтныя рухі прадпрымаліся дзеля гэтага?

Сапелка: Ня ведаю. Што пэрспэктывы, пэўна, мае сэнс у сілу наяўнасьці дамовы пра аказаньне ўзаемнай прававой дапамогі паміж Літвой і Беларусьсю.

Соўсь: Чаго вам найбольш шкада з таго, што вы страцілі адвакацкую ліцэнзію? Ці можа ёсьць што і пазытыўнае ў гэтым?

Сапелка: Пазытыву я тут ніякага ня бачу. Шкада, што не завяршыў многія справы, засталіся некаторыя маральныя абавязкі перад людзьмі.

Слухаць гутарку цалкам:

Павал Сапелка: "Шкада, што не завяршыў многія справы"
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG