Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму душаць адвакатаў?


Вядомы адвакат Павал Сапелка пазбаўлены права на адвакатскую дзейнасьць. Ці зьяўляецца ціск на адвакатаў новай тактыкай ўладаў? У чым асаблівасьць апошніх палітычных працэсаў? Чаму абвінавачваньне пераходзіць да тактыкі калектыўнай віны?

Удзельнікі: намесьнік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і кіраўнік Цэнтру па правах чалавека Раіса Міхайлоўская.

Ціск на адвакатаў


Валер Карбалевіч: «Першыя палітычныя працэсы над палітвязьнямі паказалі, што абвінавачваньне ня мае пераканаўчых доказаў віны зьняволеных. А зь іншага боку, напярэдадні судоў над галоўнымі фігурантамі справы 19 сьнежня трэба прад’явіць грамадзтву, замежнай супольнасьці нешта сур’ёзнае. Таму ўлады спрабуюць выкарыстаць нейкую новую тактыку. Гэта, напрыклад, запоўненыя залі судовых паседжаньняў незнаёмымі людзьмі. Ціск на адвакатаў — гэта таксама адзін з мэханізмаў уплыву ня столькі на суд, (тут усё прадвызначана) колькі на грамадзкую думку. Як вы думаеце?»

Валянцін Стэфановіч: «Усе гэтыя захады ўладаў не новыя. Гэтыя хвалі ціску ўзмацняюцца падчас і пасьля выбараў. Што тычыцца адвакатаў, то ў 1997 годзе дэкрэтам прэзыдэнта быў зьліквідаваны інстытут прыватнай адвакатуры. Адвакаты могуць ажыцьцяўляць адвакатскую дзейнасьць толькі ў складзе калегіі адвакатаў. Можна узгадаць, што ў калегію не уключылі Мечыслава Грыба, які меў адвакацкую ліцэнзію. Таксама з калегіі быў выключаны вядомы адвакат Гары Паганяйла.

Таму ўлады рэгулярна ціснуць на прынцыповых адвакатаў. Нядаўна былі пазбаўленыя адвакацкай ліцэнзіі чатыры адвакаты. І вось рукамі саміх менскіх адвакатаў быў выключаны з калегіі вядомы адвакат Павал Сапелка. Гэта фактычна азначае, што ён ня можа працаваць адвакатам. Гэта рэакцыя ўладаў на абарону адвакатамі палітвязьняў».
Мінюст ператварыў адвакатуру ў адну з сваіх філій.

Раіса Міхайлоўская: «Мінюст ператварыў адвакатуру ў адну з сваіх філій. Хоць у прававой дзяржаве адвакатура не павінна залежаць ад Міністэрства юстыцыі.

І пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году таксама ажыцьцяўляўся ціск на адвакатаў, якія абаранялі Казуліна. Улады самі справакавалі сытуацыю, а цяпер выганяюць адвакатаў. Фактычна атрымліваецца, што бок абароны палітзьняволеных ліквідаваны. Цяпер адвакаты будуць пужлівымі і безгалосымі. Асобная тэма — гэта тайна сьледства, якой зьвязалі рукі і абвінавачаным, і адвакатам».

У чым асаблівасьць апошніх палітычных працэсаў?


Карбалевіч: «Як вы патлумачыце, што абвінавачваньні становяцца ўсё больш абсурднымі. Кшталту таго, што двое расейскіх грамадзян пабілі 15 спэцназаўцаў, над чым пацяшаецца ўся блогасфэра?

Стэфановіч: «Толькі на першы погляд гэтыя дзеяньні ўладаў выглядаюць бязглуздымі. Лёгіка сьледства ў гэтым ёсьць. Папярэднія працэсы, якія адбыліся, сьведчаць пра тое, што сьледству не ўдалося прадставіць доказаў, нібыта 19 сьнежня адбываліся масавыя беспарадкі. Бо паводле Крымінальнага кодэксу беспарадкам павінен спадарожнічаць гвалт з пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам міліцыі. Прычым не адно з гэтых дзеяньняў, а комплекс.

Паводле тых працэсаў, якія прайшлі ці праходзяць, бачна, што такога не было. Таму абвінавачаньні трэба перакваліфікаваць ці то на „хуліганства“, ці то на „групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак“.

Некаторыя з абвінавачаных прызнаюць, што яны ня зьнішчылі, а толькі пашкодзілі маёмасьць, якая была адноўленая, а нанесеная шкода кампэнсаваная.
Так званых „пацярпелых“ міліцыянтаў уводзяць у працэс дзеля таго, каб даказаць, што былі гвалтоўныя дзеяньні.

Таму так званых „пацярпелых“ міліцыянтаў уводзяць у працэс дзеля таго, каб, па-першае, даказаць, што былі гвалтоўныя дзеяньні. Па-другое, абвінавачаньне хоча даказаць, што быў, хай сабе ня ўзброены супраціў, бо экспэртыза не прызнала халоднай зброяй тое, што было раскідана на плошчы, але ўсё ж супраціў.

З іншага боку, прызнаньне пацярпелымі 15 чалавек дае магчымасьць прад’явіць палітвязьням матэрыяльны пазоў у зьвязку з нанясеньнем шкоды здароў’ю і маральнай шкоды».

Міхайлоўская: «Незразумела, на якой падставе вылучаны гэтыя справы з агульнай справы 19 сьнежня. Вось судзяць двух расейцаў Брэуса і Гапонава, якія не былі знаёмыя дагэтуль. Атрымліваецца, што справа вылучана па нацыянальнай прыкмеце, грамадзянстве.

Пасьля першага паседжаньня над імі высьветлілася, што справа развальваецца. Таму было зьменена абвінавачваньне. Ёсьць падазрэньне, што гэтыя 15 пацярпелых міліцыянтаў — гэта кандыдаты ў ілжэсьведкі. Гэта тактыка ня новая. Такія ж „пацярпелыя“ былі і падчас суду над Казуліным».

Прынцып калектыўнай віны


Карбалевіч: «Адным з элемэнтаў новай тактыкі абвінавачваньня стаў прынцып калектыўнай віны. Калі, напрыклад, абвінаваўца даказаў, што асуджаны Парфянкоў і Новік дакраналіся рукамі да дзьвярэй Дома ўраду, то Атрошчанкаў атрымаў чатыры гады калёніі толькі за сам факт прысутнасьці на плошчы. Здаецца тое ж самае прад’яўляюць расейцам Брэусу і Гапонаву.

Такім чынам, прынцып калектыўнай віны — гэта новае слова ў беларускім правасудзьдзі. То бок, нібыта 19 сьнежня былі беспарадкі. Яны былі на плошчы, значыць удзельнічалі ў беспарадках. Альбо былі пабітыя 15 міліцыянтаў, яны былі на плошчы, значыць вінаватыя ў аказаньні супраціву міліцыі. На такой падставе можна пасадзіць усе дзясяткі тысяч людзей, якія былі на плошчы».

Стэфановіч: «Так сапраўды, сьледства ня можа даказаць віну асобных вязьняў. Таму яно пачынае апэляваць паняцьцямі „натоўпу“, што ўсе прысутныя на плошчы дзейнічалі як адно цэлае. У новым абвінавачваньні Брэусу і Гапонаву адзначаецца, што яны дзейнічалі ў натоўпе, а іншыя выкарыстоўвалі жалезныя пруты, ледарубы, у выніку чаго была нанесена шкода маёмасьці і здароўю міліцыянтаў. Але пры чым тут Брэус і Гапонаў, калі іншыя нешта выкарыстоўвалі?

І далей, каб абвінаваціць іх у беспарадках, трэба каб яны самі, непасрэдна ўдзельнічалі ў падпалах, гвалце і інш. Але гэта не даказана. Самі міліцыянты сьведчаць, што ў дэманстрантаў акрамя вудаў, на якіх віселі сьцягі, больш нічога не было.

Нават арганізатары шэсьця, якое мела мірныя мэты, ня мусяць несьці адказнасьць за дзейнасьць удзельнікаў. Пра гэта гаворыцца ў камэнтары да Крымінальнага кодэксу па артыкуле 293».

Міхайлоўская: «У нашым Крымінальным кодэксе няма такога паняцьця як „калектыўная віна“. Існуе паняцьце „псыхалёгія натоўпу“. Прад’явіць тысячам грамадзян абвінавачаньне — гэта абсурд».

Карбалевіч: «Па такой лёгіцы, у выбуху 4 ліпеня 2008 году падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці вінаватыя ўсе, хто былі на канцэрце, уключаючы Лукашэнку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG