Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Samsung прыпыніў пастаўкі ў Беларусь


Прадукцыя кампаніі Samsung перастала паступаць на беларускі рынак з-за пастановы ўладаў Беларусі, якая абмяжоўвае куплю замежнай валюты імпартэрамі шэрагу тавараў. Samsung прыпыніў пастаўкі як IT-прадукцыі, так і побытавай тэхнікі.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік Samsung у Беларусі, спаслаўшыся на пастанову Савету міністраў і Нацыянальнага банку Беларусі № 240/5 ад 25 лютага «Аб разьліках па імпарце некаторых тавараў», перадае РИА Новости.

Гэтая пастанова, паводле прадстаўніка кампаніі, робіць немагчымымі разьлікі з пастаўшчыкамі. Дакумэнт патрабуе, каб дамовы з замежнымі кампаніямі пра імпарт шэрагу тавараў на суму звыш 50 тысяч эўра аплачваліся за кошт уласнай валютнай выручкі кампаніі. Набываць на гэтыя мэты валюту звыш 50 тысяч эўра ў камэрцыйных банках цяпер забаронена.

Як заявіў прадстаўнік Samsung, праблемы з пастаўкамі ўзьніклі ня толькі ў ягонай кампаніі, але і ў шмат якіх іншых.

«Пакуль няма яснага тлумачэньня гэтай пастановы. Усе камэрцыйныя банкі напісалі ліст у Нацбанк з просьбай яе растлумачыць», — дадаў ён.
XS
SM
MD
LG