Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч заявіў, што ліст да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, вытрымкі зь якога апублікаваныя на сайце КДБ, быў напісаны пасьля катаваньняў і зьдзекаў у СІЗА КДБ.

Алесь Міхалевіч распавёў, што гэты ліст зьявіўся 10 студзеня. А выпусьцілі Міхалевіча зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 19 лютага. Паводле ягоных слоў, гэты ліст істотна не паўплываў на вызваленьне зь СІЗА, а наадварот, пачалася праца, каб схіліць палітыка да супрацоўніцтва з КДБ. Міхалевіч зьвяртае ўвагу, што на сайце КДБ, які падае вытрымкі зь ліста, «адмыслова і мэтанакіравана» выразана дата яго напісаньня.

Міхалевіч піша, што заўсёды ставіўся да Лукашэнкі з павагай. І яго «заслугі для незалежнасьці Беларусі бясспрэчныя і вельмі вялікія». Ён таксама адзначае, што падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі не сказаў нічога дрэннага ні на адрас Лукашэнкі, ні на адрас яго блізкіх і родных. Міхалевіч як былы кандыдат шчыра шкадуе, што адбыўся канфлікт і пацярпела многа людзей. Ён просіць кіраўніка краіны асабіста ўзяць пад свой кантроль пытаньне пра яго далейшы лёс. Гэта тое, што надрукавана на сайце КДБ. Ці было яшчэ што-небудзь у гэтым лісьце?

«Гэта асноўнае. Там таксама была фраза, што сваім вылучэньнем я ставіў на мэце данесьці інфармацыю пра тыя праблемы, якія ёсьць у грамадзтве. Паказаць гэтыя праблемы з гледзішча простага чалавека, што гэтыя праблемы ад вас, Аляксандар Рыгоравіч, утойваюць ніжэйстаячыя кіраўнікі. То бок гэта быў ліст, у якім я тлумачыў, навошта я вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. На сайце КДБ апублікаваны пачатак і канец гэтага ліста».

Міхалевіч распавёў, што пісаў гэты ліст у перапоўненай камэры ў СІЗА на Валадарцы. Ён накіраваў яго адрасату 9 студзеня праз пошту з турмы на Валадарскага і потым накіраваў яго копію 10 студзеня, пасьля найбольш сур’ёзных катаваньняў, зь СІЗА КДБ.

На пытаньне, ці адмаўляецца Алесь Міхалевіч цяпер ад гэтага ліста, ён адказаў:

Гэты ліст быў напісаны пасьля вельмі сур’ёзнага фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня.
«Гэты ліст быў напісаны пасьля вельмі сур’ёзнага фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Я думаю, што гэта бачна па почырку. Калі вы паглядзіце почырк гэтага ліста, то будзе зразумела, у якім стане ён пісаўся. Што тычыцца гэтага ліста, то я насамрэч пра гэта казаў падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі, тут усё тое, пра што я казаў. Што, безумоўна, Аляксандар Лукашэнка для дзяржаўнасьці Беларусі зрабіў шмат, пра тое, што я насамрэч у сваёй перадвыбарчай праграме не сказаў нічога дрэннага ні на яго адрас, ні адрас яго блізкіх і родных. Сапраўды, што я лічу: тое, што адбылося на плошчы, а менавіта зьбіцьцё людзей — гэта вельмі дрэнна, і насамрэч шкадую, што гэта адбылося».

Міхалевіч кажа, што ня ўтойваў гэтага ліста — пра яго ведалі жонка і сябры. Але ён ня меў копіі гэтага ліста, каб зьмясьціць на сваім блогу. Ён кажа, што цалкам трымаецца таго, што распавёў на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі і ў заяве ў Генпракуратуру — пра ўжытыя да яго катаваньні. Алеся Міхалевіча ўжо выклікалі на допыт у КДБ на 5 сакавіка а 10 гадзіне.

Алесь Міхалевіч сказаў, што ніколі не выстаўляў сябе героем.

«Я чалавек. Зразумела, што мая віна ў тым, што нам інкрымінуецца адпаведна з крымінальным артыкулам, вельмі маленькая, калі яна наогул ёсьць. То бок маёй віны ў гэтым наагул няма. Так, гэты ліст пісаўся пад узьдзеяньнем тых катаваньняў, якія нада мной адбываліся».
Вельмі дзіўна, калі мера стрыманьня зьмяняецца на падставе ліста да прэзыдэнта.


Навошта КДБ апублікаваў вытрымкі з гэтага ліста?

Міхалевіч: «Гэта робіцца для таго, каб дыскрэдытаваць мяне, магчыма, як палітыка. Для таго, каб паспрабаваць паказаць, што я слабы чалавек. Я яшчэ раз пацьвярджаю, што я адзін зь людзей, мяне можна фізычна зламаць, як, я думаю, можна фізычна зламаць практычна кожнага чалавека. Яны спрабуюць паказаць, што мяне вызвалілі пасьля таго, як я напісаў гэты ліст. Вельмі дзіўна, калі мера стрыманьня зьмяняецца на падставе ліста да прэзыдэнта. Гэта вельмі дзіўна. Я ведаю, што пасьля гэтага ліста больш за месяц я яшчэ знаходзіўся ў сьледчым ізалятары і са мной праводзіліся апэратыўныя мерапрыемствы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG