Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За акцыю салідарнасьці зьбіраюцца караць непаўналетнюю ўдзельніцу


Ганна Шкадун

Ганна Шкадун

На непаўналетнюю ўдзельніцу магілёўскай акцыі салідарнасьці Ганну Шкадун складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Пра гэта паведаміў праз тэлефон яе маці, Натальлі Шкадун, супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва Ўладзімер Радзевіч. Што канкрэтна інкрымінуецца дзяўчыне, міліцыянт не патлумачыў.

Натальля Шкадун: «Ён сказаў, каб Ганна прыйшла сёньня ў Ленінскі райаддзел, азнаёмілася й падпісала пратакол. Туды адна яна ня пойдзе. Гэта дакладна. 2 сакавіка Ўладзімер Радзевіч, калі праводзіў апытаньне дачкі пра яе ўдзел у акцыі салідарнасьці, зазначаў, што ня ведае, ці будзе складаць пратакол. Тыя яго пытаньні, аднак, падказваюць, што дачцэ інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Гэтае правапарушэньне інкрымінавалі мне й астатнім удзельнікам акцыі, якіх ужо пакаралі».

Натальля Шкадун, калі яе пакараюць, стане шостай пацярпелай за акцыю салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня. Да сёньня яе пакараньнем лічыўся дзьвюхгадзінны допыт у міліцыі 2 сакавіка.

Зь дзевяці ўдзельнікаў акцыі двое фронтаўцаў, Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў, пабывалі пад адміністрацыйным арыштам, студэнт Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Максім Анцыповіч пакараны штрафам у 525 тысяч рублёў. Беспартыйнай шматдзетнай маці Натальлі Шкадун вынесенае папярэджаньне. У бабруйскай турме знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік акцыі — Яўген Васьковіч. Яго затрымалі на другі дзень пасьля акцыі. Яго вінавацяць у злосным хуліганстве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG