Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьцярожна, дзьверы ў Эўропу зачыняюцца!


Чырвоным пазначаныя краіны, якія ўвялі візавыя забароны

Чырвоным пазначаныя краіны, якія ўвялі візавыя забароны

Яшчэ дзевяць эўрапейскіх краінаў закрылі свае межы для групы службовых асобаў Беларусі, адказных за парушэньне дэмакратычных стандартаў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году ды за перасьлед апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Гэта — Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісьляндыя (кандыдаты ў Эўразьвяз); Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія (патэнцыйныя кандыдаты ў Эўразьвяз); Ліхтэнштэйн і Нарвэгія (удзельнікі Эўрапейскай эканамічнай прасторы). Яны далучыліся да санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму.

Дзевяць эўрапейскіх краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, заявілі, што падзяляюць абмежавальныя меры супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Кожная зь іх гарантуе — яе нацыянальная палітыка будзе адпавядаць рашэньню Эўразьвязу.

Зь дзевяці згаданых краінаў амбасаду ў Менску мае толькі Сэрбія. Першы дарадца амбасады спадар Джурычаніч сказаў "Свабодзе", што пакуль не гатовы камэнтаваць навіну:

"Гэтую інфармацыю я прачытаў сёньня раніцай. І нічога больш на гэтую тэму я ня ведаю".

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на просьбу "Свабоды" пракамэнтаваць рашэньне "дзявяткі" адказаў:

"Пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні ўжо выкладалася раней. Была адпаведная заява, калі прынялі рашэньне на роўні Рады Эўрапейскага Зьвязу".

У гэтай заяве, у прыватнасьці,сьцьвярджалася, што Эўразьвяз нібыта стварае "штучныя перашкоды на ўзроўні міждзяржаўнага ўзаемадзеяньня". Беларускі бок заявіў таксама, што вымушаны пайсьці "на адэкватныя і прапарцыйныя захады".

Беларускі палітоляг Вячаслаў Пазьняк зьвяртае ўвагу на тое, што сваё рашэньне далучыцца да візавых санкцыяў усе дзевяць краінаў аб'явілі сынхронна. Гэта зусім не выпадкова, адзначае палітоляг:

"Гаворка ідзе пра тыя эўрапейскія дзяржавы, бальшыня зь якіх імкнецца ўвайсьці ў Эўразьвяз. Яны падтрымліваюць кантакты паміж сабою. І гэта той выпадак, калі яны могуць прадэманстраваць салідарнасьць у каштоўнасьцях, у падыходах да парушэньняў дэмакратычных нормаў, правоў чалавека. А таксама паказаць, што яны кіруюцца іншымі, чым у Беларусі, каштоўнасьцямі — тымі, якія падзяляюцца Эўразьвязам. І гэтыя каштоўнасьці трэба абараняць".

Сярод тых беларускіх чыноўнікаў, перад якімі зачыніліся яшчэ дзевяць дзяржаўных межаў, — і сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. Камэнтуючы гэтае рашэньне для "Свабоды", ён заявіў:

"Я гэтыя санкцыі ацэньваю як абсалютна непрадуманыя, нерацыянальныя і, самае галоўнае, неабгрунтаваныя. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам і арганізатары выбараў былі ініцыятарамі дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Усе кандыдаты ў прэзыдэнты мелі магчымасьць свабодна зьбіраць подпісы, вельмі дэмакратычна прайшлі рэгістрацыя кандыдатаў і агітацыйная кампанія.

І ў падзяку за ўсё гэта — арганізатары выбараў апынуліся ў сьпісе неўязных. Лёгікі ніякай ня бачу. У мяне гэта выклікае зьдзіўленьне, вялікае абурэньне. У свой час у мяне ў парыве эмоцыяў вырвалася слова — эўрадэбілізм. Сёньня я дзьвюма тлустымі рыскамі падкрэсьліваю гэтае выказваньне. Гэта самы сапраўдны дэбілізм чыноўнікаў, якія прымалі такое рашэньне".

31 студзеня гэтага году Эўразьвяз увёў санкцыі — візавыя забароны і замарожваньне актываў — у дачыненьні да групы службовых асобаў Беларусі, адказных за парушэньне дэмакратычных стандартаў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 ды за перасьлед апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Адначасова санкцыі ўвялі і ЗША. Ад 22 лютага дзейнічаюць санкцыі, якія ўвяла Швайцарыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG