Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ заяўляе, што заявы Алеся Міхалевіча адносна канфідэнцыйных адносінаў з органамі дзяржаўнай бясьпекі і катаваньняў у СІЗА не адпавядаюць рэчаіснасьці, а інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сувязі з гэтым, паклёпніцкая.

Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце КДБ Беларусі.

У паведамленьні сказана, што сьледзтвам рашэньне аб зьмене ў дачыненьні да Міхалевіча меры стрыманьня было прынятае «па ўзгадненьні з органамі пракуратуры на падставе вынікаў праведзеных сьледчых мерапрыемстваў, у адпаведнасьці з заяўленай ім пазыцыяй пра разуменьне ўсёй адказнасьці за зьдзейсьненыя супрацьпраўныя дзеяньні, а таксама з улікам уласнаручнага напісаньня прашэньня аб палёгцы».

Да заканчэньня сьледчых дзеяньняў Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў прадстаўляе толькі некаторыя вытрымкі з гэтага прашэньня на імя кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Яго тэкст падаецца на сайце КДБ.

Пры такіх абставінах, паведамляе Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, «прымаючы пад увагу добра вядомыя характарыстыкі асобы Міхалевіча, органам дзяржаўнай бясьпекі не было неабходнасьці ўсталёўваць дадатковыя адносіны».

Ліст Міхалевіча да Лукашэнкі з сайту КДБ.

«Паважаны Аляксандар Рыгоравіч,

Я заўсёды ставіўся да Вас з павагай, і Вашы заслугі для незалежнасьці Беларусі бясспрэчныя і вельмі вялікія.

Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі я не сказаў нічога дрэннага ні на Ваш адрас, ні на адрас Вашых блізкіх і родных. Я як былы кандыдат шчыра шкадую, што адбыўся канфлікт і пацярпела многа людзей.

Прашу Вас асабіста ўзяць пад свой кантроль пытаньне пра мой далейшы лёс.

З павагай, А.А. Міхалевіч»

Паводле паведамленьня, «прычыны, зь якіх Міхалевіч пра гэта змоўчвае, а таксама факты яго дачыннасьці да парушэньня заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку да распаўсюджваньня паклёпніцкай інфармацыі, будуць устанаўлівацца ў працэсе правядзеньня далейшых сьледчых мерапрыемстваў».

Тым часам жонка зьняволенага Аляксандра Атрошчанкава, Дар’я Корсак, зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з заявай, у якой піша, што муж расказаў ёй пра катаваньні ў СІЗА КДБ, аналягічныя таму, пра што паведамляў Алесь Міхалевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG