Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў


Злучаныя Штаты Амэрыкі зноў заклікаюць Беларусь да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх асоб, затрыманых з палітычных матываў.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве пра сытуацыю ў Беларусі, зь якой выступіў кіраўнік дэлегацыі ЗША пры АБСЭ Іэн Кэлі на пасяджэньні Сталай рады АБСЭ ў Вене.

Тэкст заявы разьмешчаны на афіцыйным сайце дэлегацыі ЗША ў АБСЭ.

"Злучаныя Штаты хацелі б яшчэ раз зьвярнуць увагу на непрымальную сытуацыю ў Беларусі, — сказаў Кэлі. — Мы па-ранейшаму сур'ёзна занепакоеныя невыкананьнем урадам дэмакратычных прынцыпаў; рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці, якія прадаўжаюцца, уціскам незалежных СМІ і апазыцыйных палітычных партый і рухаў; пачаткам судовых працэсаў і вынясеньнем суровых прысудаў у дачыненьні да затрыманых; цкаваньнем юрыстаў, якія прадстаўляюць інтарэсы затрыманых; абмежаваньнем доступу сем'яў да асобаў, затрыманых і зьмешчаных ва ўстановах КДБ, і недастатковым юрыдычным прадстаўніцтвам для гэтых асобаў; умовамі, у якіх утрымліваюцца затрыманыя, і абыходжаньнем зь імі ў час знаходжаньня пад вартай, а таксама закрыцьцём офісу АБСЭ ў Менску".

Па словах Кэлі, хуткія судовыя працэсы і прысуды "дэманструюць новыя спробы пазбаўленьня людзей волі зь відавочна палітычных прычын". "Яны таксама паказваюць на тое, што ўрад Лукашэнкі наўмысна працягвае ўціск тых, чые думкі адрозьніваюцца ад пункту гледжаньня ўраду. Іншымі словамі, улады па-ранейшаму спрабуюць павярнуць свой народ назад і падарваць рух Беларусі ў напрамку да Эўропы", — рэзюмаваў Кэлі.

Ён падкрэсьліў, што, нягледзячы на запэўненьні беларускага боку пра намер канструктыўна працаваць з АБСЭ па ўсіх пытаньнях, Беларусь так і не адказала на просьбу прадстаўніка па пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч даць ёй магчымасьць наведаць краіну і не дазволіла прадстаўнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ свабодна назіраць за ходам судовых працэсаў над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі 19 сьнежня.

"Хоць міністар замежных спраў паабяцаў канструктыўна супрацоўнічаць з выканаўчымі структурамі АБСЭ, гэтыя словы павінны быць падмацаваныя справамі", — сказаў Кэлі.

Па словах кіраўніка дэлегацыі ЗША пры АБСЭ, асаблівую занепакоенасьць выклікае заява, зробленая 28 лютага экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Алесем Міхалевічам. "Спадар Міхалевіч заяўляе, што ён і іншыя затрыманыя сыстэматычна зазнавалі катаваньні з боку прадстаўнікоў КДБ. Ён сьцьвярджае, што быў вымушаны пагадзіцца стаць інфарматарам КДБ, каб яго вызвалілі. Мы рашуча заклікаем урад Беларусі дазволіць незалежнае расьсьледаваньне гэтых вельмі сур'ёзных абвінавачаньняў", — заявіў Кэлі.

Ён таксама адзначыў узмацненьне ціску на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG