Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі карэспандэнт: Доказаў пастаўкі беларускіх верталётаў не знайшлі


Мы зьвязаліся са Скотам Стэрнсам (Scott Stearns) у Абіджане, карэспандэнтам Голасу Амэрыкі на Заходнюю Афрыку, каб праясьніць некаторыя акалічнасьці, зьвязаныя зь нядаўнім абвінавачаньнем Беларусі ў нелегальных пастаўках верталётаў у Кот-д’Івуар.

РС: Як вы даведаліся пра тое, што Беларусь нібыта парушыла эмбарга на пастаўкі зброі ў Кот д’Івуар, выслаўшы туды верталёты?

Скот Стэрнс: Гэта была сур’ёзная памылка з боку ААН. Як ведаеце, генэральны сакратар Пан Гі Мун зрабіў заяву, што першы з трох баявых верталётаў прыбыў на лётнішча Ямусукра ў нядзелю (27 лютага – РС) ды што наступныя два верталёты зь нейкім неакрэсьленым узбраеньнем будуць пастаўленыя ў панядзелак. Ён перасьцярог перад мерамі ў адказ як супраць пастаўшчыка, – меркавалася, што баявыя верталёты паступілі зь Беларусі, – так і супраць атрымальніка, гэта значыць, ураду, падпарадкаванага Лярану Гбагбу. Інспэктары ААН у Ямусукры падаліся на лётнішча, каб паспрабаваць высьветліць, што насамрэч адбылося, але іх адтуль прагналі шквальным агнём. Трэба адзначыць, што ўлады як Кот-д’Івуару, так і Беларусі запярэчылі гэтым абвінавачаньням з самага пачатку. Беларусь заявіла, што яна заўсёды прытрымлівалася ўсіх рэзалюцый Рады бясьпекі ААН. А ўрад у Абіджане вуснамі свайго прэс-прадстаўніка заявіў, што ААН і канкрэтна Пан Гі Мун хлусяць, каб апраўдаць атакі супраць ураду Гбагбы. Ну што ж, аказваецца, што ААН памылілася і была вымушаная выбачыцца перад Беларусьсю. Кіраўнік міратворчых апэрацый ААН, Ален Ле Руа ў Нью-Ёрку, сказаў, што ў сапраўднасьці ніякія баявыя верталёты не былі пастаўленыя ў Кот-л’Івуар і што заява Пан Гі Муна не адпавядала праўдзе.

РС: Інспэктараў ААН не ўпусьцілі на лётнішча Ямусукра. Дык што насамрэч паўплывала, што ААН адклікала сваю папярэднюю заяву? Зьявіліся нейкія новыя факты?

Скот Стэрнс: Проста ніхто не прадставіў ніякіх доказаў, што там былі нейкія верталёты. Інспэктары ААН спрабавалі высьветліць гэтую справу на лётнішчы, але іх адтуль прагналі. Пан Гі Мун напісаў, што адзін верталёт ужо быў на лётнішчы, а два іншыя былі ў дарозе. Цяпер выглядае на тое, што ААН прынамсі мае доказ, што верталётаў там няма.

РС: А ці ведаеце вы, якога тыпу доказ удалося ААН атрымаць?

Скот Стэрнс: Ня ведаю. Але я ня думаю, што Ален Ле Руа адклікаў бы заяву генэральнага сакратара ААН і выбачыўся б перад Беларусьсю, абапіраючыся выключна на пярэчаньні ўраду Гбагбы. Адносіны паміж цяперашнім урадам у Кот-д’Івуары і міратворчым кантынгентам ААН моцна пагоршалі за апошні тыдзень. Адзін з камандзіраў сілаў, якія застаюцца ляяльныя Лярану Гбагбу, заклікаў прыхільнікаў Гбагба блякаваць рух усяго міратворчага кантынгенту ААН у Кот-д’Івуары, заявіўшы, што міратворцы дапамагаюць бунтаўнікам, якія падтрымліваюць былога прэм’ер-міністра Аласана Ўатару, прызнанага ААН пераможцам леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у краіне.

РС: А якая цяпер сытуацыя ў месцы, дзе вы знаходзіцеся? Што там адбываецца?

Скот Стэрнс: Гвалтоўныя сутычкі паміж прыхільнікамі Ўатары і Гбагбы ў Абіджане, эканамічнай сталіцы Кот-д’Івуару, пашыраюцца вельмі хутка. Цягам апошняга тыдня большасьць гэтых сутычак адбывалася ў прадмесьці Абоба, якое пакінулі каля 30 тысячаў цывільных асобаў. Большасьць кварталаў Абоба цяпер пустуе, а сам раён знаходзіцца ў асноўным пад кантролем баевікоў, ляяльных Уатару. Аде гвалт і сутычкі перакінуліся таксама ў іншыя прадмесьці Абіджану, дзе Саюз моладзі, падпарадкаваны Гбагбу, усталяваў так званыя "камітэты пільнасьці", каб выкрываць усё, што ім падасца падазроным. Адзін зь лідэраў гэтага Саюзу моладзі сказаў, што ўсё патрыёты Кот-д’Івуару цяпер зьяўляюцца сябрамі жандармэрыі. Зусім відавочна, што тут адбылося выразнае парушэньне правапарадку ў Абіджане. Некаторыя кажуць, што Гбагба цяпер узбройвае гэтых маладых цывільных баевікоў. Усё гэта адбываецца на тле баёў урадавых сілаў Гбагбы і паўстанцаў Уатары каля мяжы зь Лібэрыяй, дзе раней, у выніку перамір’я, была ўстаноўленая буфэрная зона паміж гэтымі сіламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG