Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аршанцы патрабуюць уратаваць кляштар базыльянаў



Ад імя мясцовых краязнаўцаў жыхарка Воршы Тацяна Вароніна напісала ў Міністэрства культуры ліст, каб там зьвярнулі ўвагу на занядбаны стан, у якім знаходзіцца будынак кляштара базыльянаў — помнік архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя.

Паўразбураны будынак месьціцца ў Музэйным завулку. З 2003 году ён належыць Віцебскай праваслаўнай япархіі, і аршанскія актывісты ўжо ня раз зьвярталіся туды, а таксама ў аблвыканкам і пракуратуру, каб дамагчыся рэстаўрацыі помніка архітэктуры. Пасьля леташняга звароту ў пракуратуру Аршанскі гарвыканкам запатрабаваў, каб япархія да канца 2010 году аднавіла дах будынка. Аднак працы па кансэрвацыі будынка так і не пачаліся.

Не знайшлося ў гарвыканкаме сродкаў, каб аднавіць гэтую частку гістарычнай спадчыны, і ў 2008 годзе, калі Воршу рыхтавалі да сьвяткаваньня Дажынак. Тады шмат якія аб’екты адрэстаўравалі, але рэшткі кляштарнага будынка ўсяго толькі часова прыкрылі зьверху маскіровачнай сеткай. Пасьля Дажынак сетку зьнялі.



Тацяна Вароніна патрабуе, каб Міністэрства культуры ўрэшце зьвярнула ўвагу на архітэктурны помнік. Яна ўпэўненая, што з пачаткам працаў да рэстаўрацыі далучыліся б і простыя аршанцы, і грамадзкія актывісты, гатовыя ладзіць суботнікі па добраўпарадкаваньні гістарычнага будынка.

Праваслаўная царква ня можа ці ня хоча ратаваць помнік нібыта з-за адсутнасьці сродкаў.
Адмысловы ліст да кіраўніцтва гораду падрыхтавала і аршанская суполка вернікаў грэка-каталікоў. У ім напісана: «Вось ужо 6 гадоў, як на вачах ва ўсяго гораду гіне пад дажджамі і сьнегам помнік барока ХVIII стагодзьдзя нацыянальнага значэньня. Пасьля сьнежнай зімы 2003–2004 гг. дах гэтага будынка, які прасеў у некалькіх месцах, як быццам спэцыяльна, замест таго каб адрамантаваць, разабралі цалкам. Аршанская адміністрацыя перадала помнік, які працягваў разбурацца, Віцебскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Цяпер праваслаўная царква ня можа ці ня хоча ратаваць помнік нібыта з-за адсутнасьці сродкаў.

Між тым комплекс будаваўся як грэка-каталіцкі манастыр ордэна базыльян і належаў грэка-каталіцкай царкве да яе гвалтоўнай ліквідацыі ў 1839 годзе. Таму сёньня пытаньне стаіць так: калі БПЦ ня можа па-гаспадарску клапаціцца пра перададзеную ёй дзяржаўную маёмасьць, то будынак былога манастыра павінен быць вернуты яго гістарычнаму, а значыць, такому, які мае на тое законнае права, уладальніку — Беларускай грэка-каталіцкай царкве».

Вернікі распачалі збор подпісаў пад гэтым лістом, які зьбіраюцца неўзабаве перадаць у аршанскі гарвыканкам.
XS
SM
MD
LG