Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На новыя прысуды — новыя санкцыі


Новыя прысуды палітычным вязьням у Менску паскараюць увядзеньне новых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Такая думка сёньня гучала ў Браціславе, дзе знаходзіцца група беларускіх актывістаў апазыцыі. Яны ўдзельнічаюць у мерапрыемствах у рамках сустрэчы міністраў замежных спраў «Вышаградзкай чацьвёркі» з прадстаўнікамі краін «Усходняга партнэрства» і міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы «Globsec — 2011».

Сёньняшняе пленарнае пасяджэньне міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Браціславе адкрылася беларускай тэмай, якая прыцягнула ўвагу ня толькі краінаў «Вышаградзкай чацьвёркі» і «Ўсходняга партнэрства», але і іншых дзяржаваў Эўразьвязу. Прысутнічалі міністры замежных спраў і абароны, іхныя намесьнікі, палітыкі, аналітыкі. Адно гэта паказвае, наколькі Беларусь цяпер актуальная для эўрапейскай супольнасьці, распавёў «Свабодзе» з Браціславы Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч
«Разуменьне таго, што адбываецца ў нас, агульнараспаўсюджанае. І гэта цешыць. Таму што зь Беларусьсю трэба працаваць стратэгічна. А ня толькі падчас выбараў».

Тэму дыскусіі сфармулявалі так: «Беларусь пасьля выбараў: ці спрацуюць санкцыі?». «І да якога ж адказу на гэтае пытаньне прышлі ўдзельнікі канфэрэнцыі?» — спытаў я Аляксандра Мілінкевіча:

«Яны лічаць, што санкцыі Лукашэнка прызначае сабе сам. Эўропа іх не хацела б. Але яна абавязаная гэта рабіць, бо ёсьць маральныя каштоўнасьці, і яна будзе іх трымацца. А тыя прысуды, што на сёньня ўжо ёсьць, павялічваюць і паскараюць шанцы на тое, што будуць і далей уводзіцца новыя санкцыі. Прычым адначасова з ЗША».

У дыскусіі ўдзельнічаў і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
«Галоўныя тэзы майго выступу палягалі ў тым, што мы мусім падзяляць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя мэты. Першая — вызваленьне палітвязьняў. І яе неабходна вырашаць, сумяшчаючы ўнутраны ціск са зьнешнім.

А пытаньне стратэгічнае — пабудова дэмакратыі ў краіне — можа быць вырашанае выключна знутры. Рэжым сам ня можа стаць дэмакратычным. І з-за мяжы таксама немагчыма зрабіць дэмакратычныя пераўтварэньні. І з гэтага, на мой погляд, выцякае неабходнасьць пабудовы і стварэньня доўгатэрміновай стратэгіі супрацоўніцтва міжнароднай супольнасьці з дэмакратычнымі сіламі. То бок акцэнт павінен быць перанесены са спробаў будаваць нейкую дарожную мапу стасункаў з рэжымам (хоць і неабходна мець яснае бачаньне, як іх будаваць) на пабудову стратэгічнага пляну супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі».

Увечары беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы, сярод якіх яшчэ Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін ды іншыя, маюць сустрэцца з эўракамісарам Фюле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG