Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся новыя сьведкі катаваньняў у КДБ


Рух "За Свабоду" і прадстаўнікі шэрагу палітычных партый і рухаў абвясьцілі пра пачатак кампаніі "Страху няма". Гэтаму была прысьвечаная адмысловая прэсавая канфэрэнцыя, на якой арганізатары паведамілі пра мэту і задачы кампаніі.

Прэзэнтацыя новага руху распачалася праглядам відэафільму пра падзеі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, аўтар якога затым пабываў за кратамі. Мэта тых падзеяў і пазьнейшых затрыманьняў, ператрусаў і жорсткіх прысудаў удзельнікам Плошчы, — запалохаць беларускае грамадзтва. Мэта акцыі "Страху няма" скіраваная на разбурэньне атмасфэры страху, паведаміў адзін з арганізатараў, намесьнік кіраўніка руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч:

"Нашая кампанія скіраваная ў цэлым на ўсё грамадзтва. Мы лічым, што трэба змагацца з атмасфэрай страху, і лічым, што яе трэба і можна разбураць. І гэта павінна заключацца ня толькі ў салідарнасьці з палітвязьнямі. Гэта можа быць асабісты прыклад змаганьня са страхам, гэта могуць быць іншыя мэтады. Да прыкладу — сьмех: сьмех зь дзеяньняў улады, сьмех зь дзеяньняў КДБ, які таксама не ўсёмагутны. Сьмех можа разбураць цяперашнюю сытуацыю".

Юрась Губарэвіч паведаміў, што пачатак гэтай акцыі паклала заява Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў КДБ, якую ён зрабіў на пачатку тыдня. Прадоўжыць і пацьвердзіць гэтую заяву на прэсавую канфэрэнцыю прыйшоў таксама Валер Кавалеўскі — адзін з удзельнікаў мітынгу на плошчы 19 сьнежня, які пазьней таксама прайшоў праз турму КДБ. Гаворыць Валер Кавалеўскі:

"Падставай для таго, каб я тут зьявіўся, сталася заява Алеся Міхалевіча пра тое, што адбывалася зь ім. На сваім досьведзе магу пацьвердзіць, што так, многае з таго, што сказаў Алесь, мела месца ў дачыненьні да мяне: тыя ж самыя "расьцяжкі", распрананьні, прысяданьні, запаленае ў камэрах сьвятло. Я мяркую, што і да іншых вязьняў такая практыка магла прымяняцца. І я палічыў неабходным пераступіць і праз свае нейкія сумневы і страхі і пацьвердзіць словы Алеся".

Сярод заснавальнікаў кампаніі "Страху няма" — прадстаўнікі шэрагу палітычных партый і арганізацый, аб'яднаных у грамадзянскай акцыі "Беларускі выбар". Прадстаўнік партыі БНФ Ігар Лялькоў заявіў, што распачатая партыяй акцыя па зьбіраньні паручальніцтваў за палітвязьняў — таксама складнік новай кампаніі. Сярод іншага, змагацца са страхам актывісты прапаноўваюць праз арганізацыю пэрформансаў, конкурсаў карыкатур і іншыя акцыі.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зьлева направа: Аляксандар Лагуцёнак — прадстаўнік "Беларускай партыі зялёных" ; Кастусь Лукашоў — прадстаўнік саюзу "За мадэрнізацыю"; Юрась Губарэвіч — прадстаўнік руху "За свабоду"; Валер Кавалеўскі — удзельнік Плошчы і вязень турмы КДБ.

Адзін з удзельнікаў — прадстаўнік "Беларускай партыі зялёных" Аляксандар Лагуцёнак — паведаміў, што ягоная партыя не заклікала да ўдзелу ў мітынгу, аднак пасьля 19 сьнежня спэцслужбы ўзламалі дзьверы і разрабавалі партыйны офіс. Гаворыць Аляксандар Лагуцёнак:

"Што тычыцца нашага ўдзелу ў кампаніі "Страху няма", то Беларуская партыя зялёных бярэ на сябе стварэньне коміксаў, карыкатур, фотажабаў. Галоўнымі героямі будуць агент "Фэлікс" і агент "Заяц". Мы хочам паказаць, што дзяржорганы, спэцслужбы не на ўсё здольныя, ня ўсё і ўсіх кантралююць. А таксама самі патрапляюць у дурныя і сьмешныя сытуацыі".

Падчас прэсавай канфэрэнцыі таксама адбылася прэзэнтацыя адмысловага значка "Я быў на Плошчы". Арганізатары акцыі "Страху няма" заклікалі далучацца да кампаніі ўсіх ахвотных: прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў ды асобных людзей. Неўзабаве будзе абвешчаны конкурс на лепшую палітычную карыкатуру, разьлічаны на шырокі ўдзел грамадзкасьці.

Журналіст Арцём Лява прэзэнтуе значкі "Я быў на Плошчы"

Значак "Я быў на Плошчы"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG