Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Захад ваяваць у Лібіі?


У Лібіі працягваюцца баі паміж сіламі Муамара Кадафі і паўстанцамі. Амэрыканскія вайскоўцы гавораць аб цяжкасьцях гіпатэтычнага ваеннага ўмяшальніцтва. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе рыхтуе абвінавачваньні супраць прадстаўнікоў лібійскага рэжыму.

Учора лібійскія ўрадавыя сілы пры падтрымцы авіяцыі на кароткі час захапілі нафтавыя тэрміналы ў горадзе Брэга, за 800 кілямэтраў на ўсход ад Трыпалі. Пазьней тэрміналы былі адбітыя сіламі супраціву, аднак паводле апошніх паведамленьняў урадавыя сілы сёньня раніцай ізноў пайшлі ў наступ на Брэгу, авіяцыя бамбардуе аэрапорт гораду.

Апазыцыя заяўляе, што пойдзе на Трыпалі, калі Кадафі адмовіцца сысьці з пасады.

Ваенныя экспэрты мяркуюць, што насамрэч апазыцыя ня мае дастатковых сілаў для посьпеху такога паходу. Паводле экспэртаў няздольнасьць ніводнага з бакоў дасягнуць хуткай і поўнай перамогі можа ўцягнуць краіну ў працяглую і крывавую грамадзянскую вайну.

Прадстаўнікі ААН папярэджваюць, што гвалтоўнае здушэньне ўрадавымі войскамі акцый пратэсту ўжо выклікала гуманітарны крызіс – дзясяткі тысяч людзей імкнуцца ўцячы з краіны.

Днямі прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс прапанаваў плян прымірэньня варагуючых бакоў у Лібіі. Паводле тэлеканалу «Аль-Джазіра», Кадафі і генэральны сакратар Лігі арабскіх дзяржаваў Амр Муса пагадзіліся на гэты плян, які прадугледжвае перамовы з удзелам пасярэднікаў з Лацінскай Амэрыкі, Эўропы і Блізкага Ўсходу.

Але лідэры супраціву адмаўляюцца пачынаць перамовы па любым пытаньні акрамя сыходу Кадафі.

Тым часам генэральны пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе паведаміў, што супраць 10 ці 15 высокапастаўленых прадстаўнікоў лібійскага рэжыму будуць выстаўленыя абвінавачаньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Прадстаўнік ураду ЗША заявіў, што Вашынгтон гатовы спрыяць суду.

Аднак пакуль ЗША адмаўляюць магчымасьць вайсковага ўмяшаньня ў канфлікт у Лібіі, спрэчкі выклікае нават прапанова ўсталяваць у паветры над Лібіяй зону, забароненую для палётаў авіяцыі Кадафі, каб спыніць бамбардзіроўкі апазыцыі.

Міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс заявіў на слуханьнях у кангрэсе, што для гэтай апэрацыі спатрэбіцца шмат самалётаў, больш, чым можа несьці адзін авіяносец, апроч таго, гэтая апэрацыя павінна прадугледжваць зьнішчэньне ўсёй сыстэмы супрацьпаветранай абароны Лібіі.

Сам Кадафі заявіў, што калі ЗША альбо НАТО ўмяшаюцца ў канфлікт, то загінуць тысячы і тысячы лібійцаў і пачнецца “другі Віетнам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG