Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сікорскі: "Беларусь для Польшчы – тое самае, што Куба для Гішпаніі"


У інтэрвію гішпанскай газэце El País міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі распавёў, што прыярытэтамі будучага старшыняваньня ягонай краіны ў ЭЗ стануць стымуляваньне эўрапейскай эканомікі, адносіны з усходнімі суседзямі – Расеяй і краінамі Усходняй Эўропы, а таксама ўмацаваньне бясьпекі і абароны краін Эўразьвязу.

"Я лічу, што Эўропа разьвіваецца ў звышдзяржаву, а ў сучасным сьвеце неабходныя здольнасьці мірнага характару. У ЭЗ гэта атрымліваецца лепш, чым у НАТА, – адзначыў Сікорскі. – Нягледзячы на гэта, мы праводзім і вайсковыя апэрацыі, і для гэтага неабходна паляпшаць сыстэму камандаваньня і каардынацыі. Разьвіцьцё эўрапейскіх магчымасьцяў дазволіць нам пазьбегнуць некаторых памылак, зробленых НАТА".

Ён падкрэсьліў, што Польшча "вельмі задаволеная тым, што Расея хоча паляпшаць адносіны з ЭЗ, і Польшча выйграе ад гэтага ў першую чаргу". Ён прызнаў, што даклад МАК аб авіякатастрофе пад Смаленскам, у якой загінуў прэзыдэнт Лех Качынскі, "наблізіў нас да разуменьня таго, што адбылося, і ўтрымліваў мноства каштоўных рэкамэндацый, аднак мы рыхтуем уласны даклад, які неўзабаве будзе апублікаваны, і мы спадзяемся, што ён папоўніць некаторыя прабелы, якія існуюць у расейскім дакумэнце".

Камэнтуючы падзеі, якія адбыліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Сікорскі сказаў:

"Беларусь для Польшчы – тое самае, што Куба для Гішпаніі. Эўрапейцы ўсё паспрабавалі: і санкцыі, і адкрытасьць, але нам так і не ўдалося дамагчыся дэмакратызацыі краіны. Тут няма лёгкіх рашэньняў. Мы актывізавалі дыялёг, калі былі вызваленыя палітвязьні і праведзеныя больш-менш прымальныя выбары, але калі кандыдатаў зноў саджаюць у турму і душаць свабоду слова, мы павінны ставіцца да беларускага народу больш велікадушна і ўзмацніць жорсткасьць санкцый супраць адказных за рэпрэсіі. Калі вязьні ня будуць вызваленыя, то, як сказала Кэтрын Эштан, кіраўнікам краіны ня будуць выдавацца візы, а ў адносiнах да набліжаных да рэжыму кампаній будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі". Сікорскі распавёў, што ён асабіста разам са сваім нямецкім калегам езьдзіў у Менск, каб пераканаць Лукашэнку прыняць патрабаваньні ЭЗ, аднак той ня стаў іх слухаць.
XS
SM
MD
LG