Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыі ХХ стагодзьдзя былі рэвалюцыямі бедных супраць багатых. А вось "аксамітавыя рэвалюцыі" канца мінулага стагодзьдзя і "каляровыя рэвалюцыі" новага належалі да зусім іншага тыпу. У нейкім вельмі ўмоўным сэнсе іх можна назваць спажывецкімі ці рэвалюцыямі сярэдняй клясы.

Чаму рухнула камуністычная сыстэма? Прычынаў шмат, але акцэнтую ўвагу на адной зь іх, найбольш важнай. У апошнія дзесяцігодзьдзі яе існаваньня грамадзяне сацыялістычных краін пагаджаліся мірыцца з адсутнасьцю свабоды да той пары, пакуль сыстэма забясьпечвала ўзровень дабрабыту, які іх задавальняў. Вугорскія дасьледчыкі назвалі такую мадэль "гуляшным сацыялізмам". Гэта была своеасаблівая грамадзкая дамова, сацыяльны кантракт паміж грамадзянамі і дзяржавай: гуляш у абмен на свабоду (у дастасаваньні да СССР — каўбаса ў абмен на свабоду). І як толькі гуляшу зрабілася вобмаль, а каўбаса ўвогуле зьнікла, народ выбраў свабоду.

Цікавы досьвед арабскіх рэвалюцый. Лукашэнка тлумачыў выбух народнага незадавальненьня ў Эгіпце тым, што народ там галадае. І гэта цалкам упісваецца ў ягоную канцэпцыю, што людзям важныя толькі сацыяльна-эканамічныя правы: занятасьць, заробкі, сацыяльная абарона. Калі ўсё гэта ёсьць, то, на ягоную думку, грамадзянскія, палітычныя правы (свабода выбараў, дэманстрацый, арганізацый, мэдыяў) насельніцтву не патрэбныя. А паколькі ў Беларусі функцыянуе сацыяльная дзяржава, то рэвалюцыя тут немагчымая.

Аднак не існуе наўпроставай сувязі паміж беднасьцю і рэвалюцыяй. На сьвеце існуе шмат краін з насельніцтвам бяднейшым, чым, напрыклад, у Эгіпце, але рэвалюцый там няма. У Тунісе, дзе здарыўся першы выбух, першымі на вуліцу выйшлі ня самыя бедныя (усё пачалося з пратэсту прыватнага прадпрымальніка).

А падзеі ў Лібіі ўвогуле абвяргаюць ідэалягічны канструкт Лукашэнкі. Гэтая краіна багатая нафтай, зь невялікім насельніцтвам, адносна высокім узроўнем сацыяльнай абароненасьці. І, дарэчы, вы будзеце сьмяяцца, сярэдні заробак там — $500.
У Лібіі гінуць за свабоду.
Але тым ня менш там выбухнула. Людзі не баяцца ня толькі выходзіць на Плошчу, але яны ўзяліся за зброю і нават тысячамі гінуць. За што? Як ні дзіўна гэта гучыць для беларускага прэзыдэнта, за свабоду. Аказваецца, грамадзтва — гэта не жывёлагадоўчая фэрма, яго мала накарміць і напаіць, рэгулярна раздаваць баланду. Гэтае ашаламляльнае адкрыцьцё стала сапраўдным культурным шокам для Лукашэнкі.

Але вернемся да Беларусі. Калі меркаваць па сацыялягічных апытаньнях, у большасьці беларусаў няма ілюзіяў наконт наяўнасьці свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Але яны гатовыя ахвяраваць гэтай нязручнасьцю да таго часу, пакуль улада здольная забясьпечваць іх дабрабыт на ўзроўні, які яны лічаць задавальняючым — прынамсі, ня горшым, чым у суседніх краінах (Расеі, Украіне).

У 1994 годзе Лукашэнка атрымаў трыюмфальную перамогу дзякуючы падтрымцы сацыяльных аўтсайдэраў, людзей, якія ня ўпісваліся ў працэс рэформаў і баяліся іх (пэнсіянэры, калгасьнікі, рабочыя нерэнтабэльных прадпрыемстваў).

Але ў 2000-я гады на краіну звалілася неспадзяванка ў выглядзе шалёных нафтадаляраў. Пачаўся спажывецкі бум. На першы плян выйшла праблема не выжываньня,
Лукашэнка стаў закладнікам спажывецкага буму.
а якасьці жыцьця. Асьцярожныя і ашчадныя беларусы пачалі шмат траціць, купляць аўтамабілі, будаваць новыя кватэры і лецішчы, езьдзіць на адпачынак да цёплага мора.

Лукашэнка ўдала асядлаў гэтую тэндэнцыю, ён абвясьціў гэта сваёй заслугай, зрабіў спажываньне цэнтральным зьвяном нацыянальнай ідэі. У 2006 годзе за яго галасавалі ўжо ня толькі бедныя, але і значная частка сярэдняй клясы, што якраз нараджаецца.

Але, здаецца, рэсурсы для працягу спажывецкага буму падыходзяць да заканчэньня. Вось ад пачатку году сярэдні заробак у краіне ўпаў на 13%, расьце інфляцыя. Мыта на іншамаркі даражэе ў чатыры разы. Гуляш заканчваецца.

Гэтая сытуацыя больш небясьпечная для рэжыму, чым у 1990-я гады, калі ён абапіраўся на бедных. Таму што спажывецкія стандарты апошніх былі невысокія: чарка і скварка. (Памятаеце лёзунг аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты 1994 году — "Галасуйце за Дубко, будзе хлеб і малако"?)

Цяпер грамадзтва, якое прызвычаілася да вышэйшага, чым раней, спажывецкага ўзроўню, вельмі балюча будзе перажываць нават зьніжэньне тэмпаў росту дабрабыту. Лукашэнка стаў закладнікам спажывецкага буму. Мы бачылі, як з апошніх сілаў ён выціскаў з эканомікі заробак $500. Але што далей?

Гісторыя сьведчыць, што калі гуляш заканчваецца, народ патрабуе свабоды.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG