Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух "За Свабоду" і прадстаўнікі шэрагу палітычных партый і рухаў грамадзянскай акцыі "Беларускі выбар" абвясьцілі пра пачатак кампаніі "Страху няма".

Акцыя "Страху няма" скіраваная на разбурэньне атмасфэры страху, якую пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня ў грамадзтве намагаюцца стварыць улады Беларусі.

Адзін з арганізатараў, намесьнік кіраўніка руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, паведаміў, што пачатак гэтай акцыі — заява Алеся Міхалевіча аб катаваньнях у КДБ, якую ён зрабіў на пачатку тыдня.


Змагацца са страхам актывісты прапаноўваюць, сярод іншага, празь сьмех: арганізацыю пэрформансаў, конкурсаў карыкатур і іншых акцыяў. Падчас прэсавай канфэрэнцыі таксама быў прэзэнтаваны адмысловы значак "Я быў на Плошчы". Арганізатары "Страху няма" заклікалі далучацца да кампаніі ўсіх ахвотных: прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў, а таксама асобных людзей.

Валер Кавалеўскі: многае з агучанага Міхалевічам - праўда


Валер Кавалеўскі, які правёў трое сутак у сьледчым ізалятары КДБ, пацьвердзіў словы Алеся Міхалевіча аб прымяненьні там катаваньняў.

"Я меў унікальную магчымасьць пабыць у СІЗА КДБ і паглядзець, якія там парадкі, як абыходзяцца зь людзьмі. Я магу пацьвердзіць, што многае з таго, што агучыў Алесь Міхалевіч, насамрэч праўда. Гэта мела месца і ў дачыненьні да мяне: тыя ж самыя "расьцяжкі", распрананьне, прысяданьні, ня гасіцца сьвятло ў камэрах. Можа, з пункту гледжаньня бясьпекі ў гэтым і ёсьць нейкая лёгіка, але я магу пацьвердзіць на сваім вопыце, што такія рэчы ўжываліся і да мяне", — заявіў Кавалеўскі 3 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі кампаніі "Страху няма", перадае БелаПАН.

Ён не выключыў, што такая ж практыка магла ўжывацца і да іншых людзей, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

Кавалеўскага затрымалі 25 сьнежня і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ па падазрэньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску. 28 сьнежня ён быў вызвалены зь СІЗА КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG