Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя вязьні патрабуюць расьсьледаваць факты катаваньняў у СІЗА КДБ


Абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках зьвярнуліся да генэральнага пракурора Беларусі з просьбай расьсьледаваць факты катаваньняў, якія прымяняюцца ў СІЗА КДБ.

Яны патрабуюць спыніць "прававую сваволю і ўсёдазволенасьць людзей у пагонах, якія адбываюцца сёньня ў краіне і ў СІЗА КДБ у прыватнасьці".

Паводле аўтараў звароту, 28 лютага экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч распаўсюдзіў заяву, дзе выклаў канкрэтныя факты катаваньняў, якія ўжываліся да яго і іншых грамадзянаў Беларусі ў СІЗА КДБ.

"Беларуская і міжнародная грамадзкасьць, без перабольшваньня, шакаваныя гэтымі фактамі. Праваабаронцы ўжо запатрабавалі ад Вас расьсьледаваць гэтыя факты і пакараць вінаватых", гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы патрабуюць правесьці незалежнае — з прыцягненьнем міжнародных экспэртаў — расьсьледаваньне фактаў гвалту, жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у дачыненьні да арыштаваных па справе 19 сьнежня. Неадкладна праверыць умовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ кандыдатаў у прэзыдэнты і сябраў іх каманд, мэтадаў працы супрацоўнікаў КДБ пры правядзеньні расьсьледаваньня. А таксама безумоўна вызваліць з турмаў усіх палітычных вязьняў.

Заяву падпісалі:
  • экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі
  • давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк
  • кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў
  • кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ўладзімір Кобец
  • намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка
  • лідэр моладзевага крыла АГП Алег Корбан
  • рэдактар сайту charter97.org Натальля Радзіна.
XS
SM
MD
LG