Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Эўрапейскаму Зьвязу, на думку славацкага міністра замежных справаў Мікулаша Дзурынды, нельга гаварыць зь беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнка ні на якія тэмы пакуль у беларускіх турмах будуць заставацца прадстаўнікі апазыцыі, якія не зрабілі нічога дрэннага, а толькі выявілі свае погляды.

Як зазначыў Дзурында сёньня на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, Эўразьвяз мусіць выступаць у гэтым пытаньні з адзінай пазыцыі. «Мы сваю Галгофу прайшлі. Шмат хто пра яе ня памятае. Шмат хто гэтую Галгофу на эўрапейскіх самітах не разумеюць, тым большая ляжыць на нас адказнасьць», - сказаў Дзурында.

Дзурында выказаў глыбокую павагу прадстаўнікам беларускай апазыцыі, а таксама салідарнасьць са зьняволенымі і іх сем'ямі. «Мяне цікавіла, як апазыцыя ўспрымае паводзіны Славаччыны і ЭЗ і як бы мы мусілі паводзіць сябе далей, каб і беларускі народ мог дачакацца лепшай будучыні», - дадаў ён.



Былы сьпікер беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч падкрэсьліў, што славакі разумеюць беларускую апазыцыю. Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандра Мілінкевіча, для беларускай апазыцыі важная салідарнасьць эўрапейскіх краінаў. «Свабоду мы мусім здабыць самі, але бяз вашай падтрымкі гэта настане значна пазьней», - зазначыў ён.



1-4 сакавіка ў Браціславе знаходзіцца група беларускіх грамадзкіх актывістаў, якія бяруць удзел у суправаджальных мерапрыемствах у рамках сустрэчы міністраў замежных справаў «Вышаградзкай чацьвёркі» з прадстаўнікамі краін «Усходняга партнэрства» і канфэрэнцыі Globsec. Сярод запрошаных ад Беларусі – першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былыя кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, а таксама палітычныя аналітыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG