Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі Глыбоцкага выканкаму склалі на актывіста пратакол за парушэньне выбарчага заканадаўства падчас працы назіральнікам. І самі прызначылі дату судовага працэсу на 3-га сакавіка, не зважаючы на тое, што суд ня мусіць падпарадкоўвацца ворганам выканаўчай улады.

Журналіст незалежнага сайту www.westki.info прыйшоў у суд да 9-й раніцы, але ўбачыў, што працэс не прызначаны. У сакрэтарыяце яму сказалі зьвярнуцца да судзьдзі Ірыны Казак, якая, у сваю чаргу, дужа зьдзівілася зьяўленьню Кастуся Шыталя.

Акалічнасьці высьвятляла праваабаронца, сябра БХК Ганна Мартыноўская:

“Дату, якую прызначыла юрысконсульт райвыканкаму, складаючы пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня на Кастуся Шыталя, ніхто з Глыбоцкім райсудом не ўзгадніў. Суд ня мусіць падпарадкоўвацца ніякім распараджэньням райвыканкаму. Таму хлопец прыйшоў дарма, змарнаваў час, і гэта непавага да яго, як да грамадзяніна. Цяпер яму сказалі чакаць позву з суду, дзе будзе пазначана іншая дата пасяджэньня”.

Кастуся Шыталя вінавацяць у тым, што ён парушыў выбарчае заканадаўства, калі быў назіральнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары": нібыта ён распытваў на выбарчым участку навучэнца мясцовага прафліцэю, ці добраахвотна ён прыйшоў на датэрміновае галасаваньне. Скаргу пра тое, што назіральнік парушыў закон, у Глыбоцкую пракуратуру напісала супрацоўніца ідэалягічнага адзьдзелу Глыбоцкага райвыканкаму Марыя Мацулевіч, якая таксама была назіральніцай на ўчастку ад “Беларускага саюзу жанчын”.

Пракуратура адмовіла пачаць крымінальную справу па гэтым факце, але пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне ўсё ж будзе перададзены ў суд. Паводле артыкула 9.10 (парушэньне выбарчага заканадаўства) Кастусю Шыталю пагражае ці судовае папярэджаньне, ці штраф памерам да 15-ці базавых велічынь (што складае 525 тысяч рублёў).

Актывіст лічыць, што ініцыяваная супраць яго адміністрацыйная справа стала свайго кшталту помстай мясцовых уладаў, незадеволеных тым, што ён аб'ектыўна асьвятляў прэзыдэнцкія выбары на незалежным сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG