Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эніра Браніцкая: можна дапамагчы асуджаным салідарнасьцю


Суд Фрунзенскага раёну Менску асудзіў удзельнікаў Плошчы Аляксандра Атрошчанкава да 4 гадоў пазбаўленьня волі, Зьмітра Новіка да трох з паловай гадоў, а Аляксандра Малчанава да 3 гадоў. Усе трое будуць адпраўленыя ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуды камэнтуе госьця ранішняга эфіру – праваабаронца, былая палітзьняволеная Эніра Браніцкая.

Абламейка: Як вы пракамэнтуеце тое, што адбываецца ў апошнія тыдні ў судзе Фрунзенскага раёну Менску? Я маю на ўвазе і ранейшы прысуд Васілю Парфянкову, і ўчорашнія тры прысуды?

Браніцкая:
Перш за ўсё я скажу, што гэта проста палітычны перасьлед тых людзей, якія не пабаяліся выйсьці 19 сьнежня на Плошчу і сказаць. што яны супраць. У дзеяньнях хлопцаў – як Васіля Парфянкова, так і трох астатніх – няма складу злачынства "масавыя беспарадкі". Магчыма, хуліганства, магчыма, пашкоджаньне маёмасьці, але наогул – гэта проста ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Спачатку Васілю Парфянкову далі 4 гады, у той момант не было з чым параўнаць – гэта быў жах. Але тое, што адбылося пазаўчора і ўчора ў судзе Фрунзенскага раёну над Атрошчанкавым, Малчанавым і Новікам, я не магу назваць інакш, як юрыдычны абсурд і зьдзек з прававой сыстэмы. Бо прысуд насамрэч зьдзеклівы. Супраць Аляксандра Атрошчанкава ў справе не было наогул нічога. Аляксандар быў на Плошчы, ёсьць адно відэа, дзе ён стаіць у групе асобаў, ня ў першых шэрагах, на прыступках Дома Ўраду, ён усьміхаецца. Аляксандар усьміхаўся і на судзе. Яму і далі болей за ўсіх. Зьміцер Новік... Ёсьць кадар, як ён наносіць некалькі ўдараў, але няма ніякай шкоды ад яго дзеяньняў. Але Зьміцер казаў, што ён не з усім, што адбываецца ў каріне, згодны, што ён разумее, што ёсьць палітычныя рэпрэсіі. І яму далі тры з паловай гады. А Аляксандар Малчанаў прызнаў сваю віну, але не зусім зразумела ў чым. Зрэшты на яго матэрыялаў у справе болей за ўсіх – ён наносіў удары, таксама там ёсьць момант са зьняцьцем сьцяга з будынка КДБ. І ён атрымаў менш. Але як бы там не было – гэта палітычныя прысуды. Гэта расправа, гэта пакараньне за тое, што людзі не баяцца.

Абламейка: Вы сама была ў ролі палітзьняволенай. Што можа зрабіць для асуджаных удзельнікаў Плошчы незалежнае беларускае грамадзтва?

Браніцкая: Патрэбная простыя падтрымка і салідарнасьць. Ім патрэбныя лісты, патрэбныя паштоўкі. У турму КДБ, дзе знаходзяцца Атрошчанкаў, Малчанаў і Новік, таксама можна дасылаць пасылкі. Патрэбная падтрымка іх сем'яў. Напрыклад, у Малчанава бацькі пэнсіянэры, хворай маці проста фізычна цяжка вазіць з Барысава перадачы. У Новіка сям'я – маці, бабуля, малодшы брат – у Баранавічах, таксама ёсьць цяжкасьці з прыездам у Менск. У Васіля Парфянкова сям'я наогул не ўдзельнічае ў тым, што адбываецца ў яго жыцьці... Усе гэтыя сем'і цяпер разгубленыя, ім патрэбная маральная падтрымка.

СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:

Гутарка з Энірай Браніцкай. 3.03.2011
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:17 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG