Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чорныя сьпісы" для дзяржаўных СМІ


Кіраўнікі дзяржаўных СМІ атрымалі з Міністэрства інфармацыі сьпіс дзеячаў мастацтва і творчых калектываў", зьяўленьне якіх на старонках выданьняў і ў тэле-, радыёэфіры непажадана. Пра гэта паведаміў партал TUT.BY.

Як адзначаюць крыніцы, спушчаная з міністэрства папера, копіяй якой валодае TUT.BY, носіць "неафіцыйны характар" і ня мае ні зыходных дадзеных, ні подпісу. Акрамя афіцыйных СМІ, сакрэтнае распараджэньне паступіла і на FM-радыёстанцыі. У некаторых СМІ "чорныя сьпісы" быццам бы дзейнічаюць ужо з панядзелка.

Такім чынам, у меркаваны "чорны сьпіс" патрапілі гурты "Ляпіс Трубецкой", "Палац", "Крама", "NRM", “Нэйра-Дзюбель”, "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў паўпадпольнага "Свабоднага тэатру "на чале з Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой, пісьменьніца Вольга Іпатава, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сябры Рады беларускай інтэлігенцыі, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімер Халіп, кінарэжысэры Юры Хашчавацкі і Ўладзімер Колас.



Цікава, што акрамя прадстаўнікоў Беларусі ў сьпісе фігуруюць і замежныя пэрсоны. Так, ад Расеі "нефарматнымі" сталі групы "ДДТ", "Наів", "Тараканы” (яны падпісалі зварот да ўладаў Беларусі адпусьціць усіх затрыманых падчас акцыі пратэсту 19 сьнежня, асудзіўшы "брутальны разгон, ужываньне сілы супраць мірных грамадзян і кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх наступнае затрыманьне"), пісьменьнікі Андрэй Бітаў, Барыс Васільеў, Віктар Ерафееў, Леанід Жухавіцкі, Эдуард Успенскі (яны зьвярнуліся да беларускіх уладаў з патрабаваньнем вызваліць Уладзімера Някляева і спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі) і некаторыя іншыя.

Не абышлося і без заходнікаў. З гэтага часу гледачы беларускіх радыёстанцый не пачуюць кампазыцый брытанскіх музыкаў Ніла Тэната і "Pet Shop Boys", гуртоў "Tru Thoughts", "Wah Wah 45", "7 Samurai"; чытачы дзяржгазэтаў і часопісаў не прачытаюць пра знакамітага брытанскага драматурга Тома Стопарда; гледачы дзяржаўных телеканалаў ня ўбачаць фільмы з удзелам галівудзкіх зорак Кэвіна Клайна, Сэмюэля Ўэста, Джуда Лоў, Кэвіна Спэйса ды інш. Усе яны прынялі ўдзел у "Глябальнай артыстычнай кампаніі салідарнасьці зь Беларусьсю", ініцыяванай "Свабодным тэатрам" на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў, накіраваных на прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў-2010.

Між тым, яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя "чорныя сьпісы", якія, па сутнасьці, забаранялі публічную дзейнасьць найбольш вядомых рок-гуртоў, такіх як "NRM", "Крама", "Палац", "Нэйра Дзюбель".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG