Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абвергла заяву Мінэнэрга Беларусі пра АЭС


Ігналінская АЭС за гадзіну перад спыненьнем апошняга рэактару, 31 сьнежня 2009 году

Ігналінская АЭС за гадзіну перад спыненьнем апошняга рэактару, 31 сьнежня 2009 году

Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы зьняпраўдзіла сёняшнюю заяву Мінэнэрга Беларусі пра тое, што Літва больш ня мае ніякіх прэтэнзіяў адносна пабудовы Астравецкай АЭС.

“Мы адказалі на ўсе пытаньні літоўскага боку (адносна справаздачы аб ацэнцы ўплыву на асяродзьдзе (АУАС) будучай беларускай АЭС), правялі кансультацыі ў шасьці зацікаўленых дзяржавах... Усе заўвагі, якія да нас паступілі, улічаныя, на ўсе пытаньні адносна ўплыву на асяродзьдзе мы адказалі”, – заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у часе прэсавай канфэрэнцыі сёньня ў Менску.

Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы ў адмысловым прэс-рэлізе з гэтай нагоды сёньня заявіла што гэтыя “выказваньні намесьніка міністра, працытаваныя інфармацыйным агенцтвам БЕЛТА, не адпавядаюць рэчаіснасьці”

“Літва да цяперашняга часу не адобрыла справаздачу аб ацэнцы ўплыву на асяродзьдзе. Літва так і не атрымала адказаў на пытаньні аб крытэрах выбару пляцоўкі пабудовы ў Астраўцы, якая знаходзіцца ўсяго ў 50 км ад Вільні, а таксама сапраўднасьці высноваў, якія былі прадстаўленыя ў АУАС”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы.

Літоўскі бок падкрэсьлівае, што Беларусь ня выканала ўмоваў канвэнцыі Эспоо аб своечасовым і ўсебаковым інфармаваньні ды іншых працэдураў, у тым ліку і адкрытым грамадзкім абмеркаваньні плянаў пабудовы АЭС. Таму Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы адмовілася прызнаць сустрэчу літоўскіх і беларускіх прадстаўнікоў 18 чэрвеня 2010 г. у якасьці задавальняючых кансультацыяў паводле канвэнцыі Эспоо. Беларусь пра гэта была праінфармаваная ў адмысловым лісьце 9 ліпеня 2010 г.

У сярэдзіне лета мінулага году беларускі бок даслаў у Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы дапоўненую справаздачу аб ацэнцы ўплыву на асяродзьдзе. Літоўскае міністэрства пераслала яе ўсім зацікаўленым інстытуцыям.

Калі будуць абагульненыя ўсе заўвагі, Літва накіруе ў Беларусь адказ. Аднак дасюль, падкрэсьлівае сёньняшні прэс-рэліз літоўскага міністэрства аховы асяродзьдзя, Літва прытрымліваецца пазыцыі, што канвэнцыя Эспоо была парушаная беларускім бокам.
XS
SM
MD
LG