Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «Гэта проста паказальная расправа»


Сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску абвешчаны прысуд па справе Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, а таксама Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава. Атрошчанкаву прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі, Новіку — 3,5 году, Малчанаву — 3 гады зьняволеньня. Як ацэньваюць гэты прысуд юрысты, праваабаронцы, былыя палітзьняволеныя, грамадзкія дзеячы?

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Зьмітра Новіка пяцьцю гадамі зьняволеньня. Судзьдзя Таця наЧаркас вынесла прысуды з крыху меншымі тэрмінамі.

Валер Костка
Былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка:

«З майго пункту гледжаньня, тое, што адбылося 19 сьнежня, увогуле ня цягне на масавыя беспарадкі. Таму спроба пакараць людзей вельмі жорстка — гэта нейкая злоба, гэта нейкая неадэкватнасьць юрыдычная. Ну якую небясьпеку для грамадзтва ўяўляюць гэтыя хлопцы? Тым больш — прэс-сакратар, журналіст… Гэта ўжо нейкія палітычныя матывы, каб у грамадзтве пасеяць страх. Гэта не паддаецца нармальнай лёгіцы».

Гары Паганяйла
Юрыст, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла перакананы, што справа гэтая надуманая, палітычна матываваная. Ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было, не было гвалту над асобай, падпалаў, пагромаў, збройнага супраціву прадстаўнікам улады. Разьбітыя шыбы цягнуць максымум на дробнае хуліганства:

«Калі справа палітычна матываваная, галоўная мэта — абавязкова пакараць, тым самым напалохаць грамадзтва, уцягнуць яго ў стан страху перад гэтай хворай уладай. Залежныя ад выканаўчай улады і зьдзяйсьняюць так званае „правасудзьдзе“: пракуроры патрабуюць неадэкватна жорсткіх захадаў, а судзьдзі іх агалошваюць у прысудах».

Цімафей Дранчук
Былы палітвязень Цімафей Дранчук, які ў 2006 годзе адседзеў амаль год па справе «Партнэрства», выказаў такое меркаваньне:

«Пракурор выдатна ведае пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за тое, што ён сьвядома патрабуе пасадзіць за злачынства, якога ён не зьдзяйсьняў. Такога злачынства, як масавыя беспарадкі, Атрошчанкаў не зьдзяйсьняў дакладна. На дадзены момант тая крымінальная справа, якая заведзена на факце масавых беспарадкаў, наагул не завершаная, таму дурасьць — абвінавачваць некаторых зь нібыта ўдзельнікаў у тым, што яшчэ ў прынцыпе, па сутнасьці і агулам не даказана. Таму які б прысуд абвінавачаным ні быў вынесены сёньня, які б тэрмін ні быў, я ўпэўнены, што пракурор калі-небудзь будзе несьці за гэта крымінальную адказнасьць».

Віктар Гумінскі
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі раніцай 3 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў парлямэнце выказаў меркаваньне наконт правядзеньня сьледзтва і першых судовых працэсаў:

«Мы бачым па першых дзеяньнях, што ўсё ідзе даволі аб’ектыўна. І тое, што ўчора адклалі па шэрагу затрыманых суды ў сувязі з тым, што высьветліліся нейкія новыя абставіны, кажа пра тое, што правасудзьдзе падыходзіць да спраў вельмі грунтоўна і разглядае іх дасканала».

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што такія суровыя прысуды — гэта ўжо тэндэнцыя, і чакаць апраўдальных прысудаў ня варта:

«Увогуле адбываецца проста расправа над гэтымі людзьмі. Ніякіх доказаў масавых беспарадкаў у судзе так прад’яўлена і не было — ніякіх доказаў збройнага супраціву, падпалаў і ўсяго таго, што сьледзтва там ім панапісвала. Нават Малчанаву, які прызнаў, што ён штосьці дзесьці разьбіў і зьняў сьцяг — пакараньне несувымернае, і ўвогуле ня тая кваліфікацыя. А ў шэрагу выпадкаў там увогуле доказаў віны няма. Гэта проста паказальная расправа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG