Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду пазбавілі апошняй "індульгенцыі"


Барыс Хамайда

Барыс Хамайда


На скаргу міліцэйскага кіраўніцтва віцебскі абласны суд адмяніў пастанову Чыгуначнага райсуду, згодна зь якой выхады апазыцыянэра зь бел-чырвона-белым сьцягам не лічыліся несанкцыянаваным пікетам.

Судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова пастанавіла, што апраўдальнае рашэньне, вынесенае 10-га лютага судзьдзёй Чыгуначнага райсуду Аленай Грабянчук, падлягае адмене. Прычына адмены — неадпаведна аформлены міліцэйскі пратакол, які разглядаўся ў судзе: у ім нібыта недакладна названыя адзнакі пікету, які ўсё ж праводзіў Барыс Хамайда.

23-га лютага падобнае рашэньне прыняла судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова. Яна адмяніла апраўдальную пастанову, вынесеную 4-га лютага судзьдзёй Чыгуначнага райсуду Аленай Цыганковай, якая ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

Барыс Хамайда кажа, што ніякія судовыя рашэньні яго ня спыняць:

"Раней пастановы Цыганковай і Грабянчук былі маімі "індульгенцыямі" — мяне пэўны час не затрымлівалі, калі я выходзіў пад бел-чырвона-белым сьцягам распаўсюджваць незалежныя СМІ. Але цяпер сытуацыя зьмянілася: некалькі дзён таму мяне зноў затрымалі, і судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў прысудзіў мне штраф памерам 1 мільён 50 тысяч рублёў. Я разумею, чаму скаргі ў абласны суд ініцыяваў начальнік Чыгуначнага райаддзелу міліцыі: ён ня хоча, каб я стаяў у цэнтры Віцебску пад нацыянальным сьцягам і каб гэта бачылі мінакі".

Апазыцыянэр зьбіраецца пашыць новы бел-чырвона-белы сьцяг замест таго, які застаўся ў пастарунку, і выйсьці зь ім у бліжэйшыя дні.

3-га студзеня спадар Хамайда абвясьціў акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. І мае намер яе працягваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG