Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч


Нарадзіўся 15 траўня 1975 г. у Менску ў сям'і навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тады Акадэміі навук БССР).

Вучыўся ў матэматычнай школе №19 г. Менску, Беларускім гуманітарным ліцэі.

У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "палітоляг-юрыст". Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Аб'яднаньне Беларускіх Студэнтаў – грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім (Польшча) і Оксфардзкім (Англія) унівэрсытэтах.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП "Аркадыя", якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. У сувязі з удзелам кіраўніка кампаніі ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году сама кампанія стала аб’ектам шматлікіх праверак і інспэкцый. Сёмая праверка прывяла Алеся Міхалевіча да рашэньня пакінуць пост генэральнага дырэктара СП "Аркадыя".

У 2004 – 2008 гг. – намесьнік старшыні партыі БНФ.

Пасьля вылучэньня на пост старшыні партыі ў 2008 г. і прапановы праграмы па яе рэфармаваньні выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва.

З 2003 па 2007 гг. – дэпутат Пухавіцкага раённага савета Менскай вобласьці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У той жа час – выдавец газэты "Рэгіён" (г. Мар'іна Горка Менскай вобласьці), ініцыятар шэрагу рашэньняў па пашырэньні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваньня.

З 2006 г. – антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ.

У 2007 – 2008 гг. – юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане.

У 2008 – 2010 гг. – юрыст Беларускага незалежнага прафсаюза.

Акрамя родных беларускай і расейскай, таксама вольна валодае польскай і ангельскай мовамі, вывучае нямецкую мову.

Радавы запасу ЎС РБ (не праходзіў тэрміновую службу з прычыны блізарукасьці сярэдняй ступені).

Жанаты, бацька дзьвюх дачок. Жонка Мілана – настаўніца ангельскай мовы. Дочкі: Леся, 2000 года нараджэньня, і Алена, 2009 года нараджэньня.
XS
SM
MD
LG