Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрошчанкаву – 4, Новіку – 3,5, Малчанаву – 3 гады пазбаўленьня волі


Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў

У судзе Фрунзенскага раёну Менску агучылі выракі па крымінальнай справе супраць ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году.


18.55 Адвакаты заявілі, што яны абскардзяць рашэньне суду, бо лічаць вырак несправядлівым.

Бацька Аляксандра Атрошчанкава заявіў «Свабодзе», што ён лічыць прысуд палітычным. Ён кажа, што сам працэс прайшоў добра, але прысуд цалкам не адпавядае таму, што разглядалася на працэсе. Цяпер бацька Атрошчанкава піша заяву на спатканьне з сынам.



Жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак кажа, што не было відавочных доказаў таго, што яе муж біў вокны, у адрозьненьне ад іншых. Але тое, што яму далі большы тэрмін зьняволеньня, сьведчыць пра тое, што працэс палітычны.

«Мы з Атрошчанкавым вытрымаем гэта і перажывем. Як мы перажывем і дыктатуру ў Беларусі», сказала Дар’я.



Маці Малчанава заявіла «Свабодзе»: гэты прысуд сьведчыць пра тое, што ў Беларусі нельга выступаць на акцыях пратэсту.



Уладзімер Кобец
, які праходзіць па гэтай жа справе аб масавых беспарадках, сказаў, што ён шакаваны гэтым прысудам.

Судзьдзя прызнала Атрошчанкава, Новіка і Малчанава вінаватымі па гэтых артыкулах, што аспрэчвалася адвакатамі, але зьняла абвінавачаньне ў збройным супраціве прадстаўнікам улады і тое, што Малчанаў быў у нецьвярозым стане.


Камэнтары да выракаў


Юрыст, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсінскага камітэта Гары Паганяйла перакананы, што справа гэта надуманая, палітычна матываваная. Ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было, не гвалту над асобай, падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам ўлады. Разьбітыя шыбы цягнуць на дробнае хуліганства.

«Калі справа палітычна матываваная, галоўная мэта — абавязкова пакараць, тым самым напалохаць грамадзтва, уцягнуць яго ў стан страху перад гэтай хворай уладай. Залежныя ад выканаўчай улады і зьдзяйсьняюць так званае (у двухкосьсі) правасудзьдзе: пракуроры патрабуюць неадэкватна жорсткіязахады, а судзьдзі іх агалошваюць у прысудах».


Былы палітвязень Цімафей Дранчук, які ў 2006 годзе адседзеў амаль год па справе «Партнэрства»:

«Пракурор выдатна ведае пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за тое, што ён сьвядома патрабуе пасадзіць за злачынства, якое ён не зьдзяйсьняў. Такога злачынства, як масавыя беспарадкі, Атрошчанкаў не зьдзяйсьняў дакладна. На дадзены момант тая крымінальная справа, якая заведзена на факце масавых беспарадкаў, наагул не завершаная, таму глупа абвінавачваць некаторых з нібыта ўдзельнікаў у тым, чаго яшчэ ў прынцыпе па сутнасьці і агулам не даказана, Таму які б прысуд абвінавачаным ня быў вынесены сёньня, які б тэрмін ня быў, я ўпэўнены, што пракурор калі-небудзь будзе несьці за гэта крымінальную адказнасьць».


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што такія выракі — гэта тэндэнцыя, і чакаць апраўдальных прысудаў ужо ня варта:

«Адбываецца проста расправа над гэтымі людзьмі. Ніякіх доказаў масавых беспарадкаў у судзе так прад’яўлена і не было — ніякіх доказаў узброенага супраціву, падпалаў і ўсяго таго, што сьледзтва там ім панапісвала. Нават Маўчанаву, які прызнаў, што ён штосьці дзесьці разьбіў і зьняў сьцяг — пакараньне несуразьмерна, і ўвогуле ня тая кваліфікацыя. А ў шэрагу выпадкаў там увогуле доказаў віны няма. Гэта проста паказальная расправа».



18.30 Аляксандру Атрошчанкаву далі 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандра Малчанава пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Зьмітру Новіку далі тры з паловай гады, таксама ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандраў Атрошчанкаў
Аляксандар Малчанаў
Зьміцер Новік

18.06 Пачалося абвяшчэньне прысуду.


Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Зьмітра Новіка пяцьцю гадамі зьняволеньня.
Як ацэньваюць гэта юрысты, грамадзкія дзеячы?
Былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка:

«З майго пункту гледжаньня тое, што адбылося 19 сьнежня, увогуле ня цягне на масавыя беспарадкі. Таму спроба пакараць людзей вельмі жорстка — гэта нейкая злоба, гэта нейкая неадэкватнасьць юрыдычная. Ну якую небясьпеку для грамадзтва ўяўляюць гэтыя хлопцы? Тым больш — прэс-сакратар, журналіст… Гэта ўжо нейкія палітычныя матывы, каб у грамадзтве пасеяць страх. Гэта не паддаецца нармальнай лёгіцы».

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі:

«Мы бачым па першых дзеяньнях, што ўсё ідзе даволі аб’ектыўна. І тое, што ўчора адклалі па шэрагу затрыманых суды ў сувязі з тым, што высьветліліся нейкія новыя абставіны, кажа пра тое, што правасудзьдзе падыходзіць да спраў вельмі грунтоўна і разглядае іх дасканала».

15.45 Перапынак да 17.45. Чакаецца, што пасьля перапынку будуць абвешчаныя выракі.
Я не зрабіў нічога з таго, у чым мяне абвінавачваюць


15:35 Атрошчанкаў сказаў, што за час сьледзтва так і не зразумеў, у чым яго злачынства. «Я не зрабіў нічога з таго, у чым мяне абвінавачваюць, не наносіў удараў. Я прызнаю, што мае дзеяньні могуць падпадаць толькі пад адміністратыўную адказнасьць», — сказаў Атрошчанкаў. Ён дадаў, што ніякага супраціву міліцыі не аказваў.

15:34 Новік сказаў, што судом устаноўлена, што ён не рабіў ніякіх разбурэньняў. Ён сказаў, што падчас знаходжаньня ў СІЗА ўсьвядоміў свой праступак і глыбока раскаяўся. «Турэмны тэрмін мяне ніяк ня выправіць», — сказаў Новік. — «Ніякай шкоды трэцім асобам я не зрабіў. Прашу прызначыць максымальна мяккае пакараньне».

15.30 Малчанаў выступае з апошнім словам. Ён кажа, што шкадуе аб сваіх непрадуманых учынках, што яго дзеяньні справакавалі жорсткі разгон людзей.

15.33 Мушынскі кажа, што ў Атрошчанкава не было крымінальнага намеру падчас яго знаходжаньня на плошчы. Цяжка зразумець, што прымусіла сьледчыя органы завесьці на яго крымінальную справу, арыштаваўшы яго.

Цяжка зразумець, што прымусіла сьледчыя органы завесьці на Атрошчанкава крымінальную справу
Сьледчыя не далі яму магчымасьці рэалізаваць права на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу, кажа адвакат. Ён зьвяртае ўвагу суду, што ў ізалятары яму не давалі магчымасьці сустракацца з падабаронным падчас сьледзтва.

Мушынскі мяркуе, што ў дзеяньнях Атрошчанкава ёсьць толькі адміністратыўнае парушэньне. Ён папрасіў вынесьці яму апраўдальны прысуд.

15:27 Паводле адваката, незразумела, на чым будуецца тэза аб узгодненасьці і змове падсудных. Яны ўпершыню ўбачыліся ў судзе. Яны на Плошчы знаходзіліся ў розных месцах, не сустракаліся перад гэтымі падзеямі.

Атрошчанкаў патлумачыў мэту свайго знаходжаньня на мітынгу: ён жадаў пачуць думкі грамадзянаў пра выбары прэзыдэнта, а апрача таго, ён як журналіст супрацоўнічаў з інтэрнэт-парталам DELFI. Таму высновы сьледзтва пра мэты Атрошчанкава — нібыта разбурэньні і ўдзел у беспарадках — галаслоўныя, кажа адвакат Мушынскі.

Паводле адваката, сьледчы матэрыял толькі пацьвярджае прыналежнасьць Атрошчанкава да апазыцыі, ня больш. Незразумела, што гэтым хацела давесьці сьледзтва.

Паводле адваката, на кадрах відэазапісаў бачна, што Атрошчанкаў знаходзіцца ў натоўпе і назірае за падзеямі. Тое, што напісалі абвінаваўцы на ягоны адрас, у ягоных дзеяньнях не фіксуецца.

15.20 Адвакат Атрошчанкава Вадзім Мушынскі таксама не пагадзіўся з ацэнкамі абвінавачаньня наконт кваліфікацыі дзеяньняў 19 сьнежня як масавых беспарадкаў.

Адвакат Атрошчанкава кажа, што яго падабароннаму інкрымінуецца ня менш як адзін удар па шчытах у дзьвярным праёме Дома ўраду. Пасьля дасьледаваньня матэрыялаў справы абвінавачаньне не знайшло пацьвярджэньня гэтаму ў залі суду.

15.26 Санковіч папрасіў апраўдаць Новіка па 293-м артыкуле. Ягоныя дзеяньні падпадаюць толькі пад адміністратыўную адказнасьць, лічыць адвакат. Апрача таго, адвакат просіць улічыць, што Новік раскайваецца, што страты пагашаныя, ніякіх цяжкіх наступстваў яго дзеяньняў не было. Адвакат просіць апраўдаць Новіка з-за адсутнасьці ў яго дзеяньнях складу злачынства.

15:12 Адвакат Новіка кажа, што яго падабаронны не наносіў удараў, а толькі ціснуў на загародку, і таму нельга ягоныя дзеяньні кваліфікаваць як удары і як зьнішчэньне маёмасьці. Маёмасьць можна было адрамантаваць. Не прыведзена ніводнага доказу, што ў каго-небудзь з удзельнікаў шматтысячнага мітынгу была зброя. Таму пра збройны супраціў прадстаўнікам улады гаворка ісьці ня можа. Шкада, што абвінаваўца падтрымаў гэты тэзіс. Санковіч лічыць, што гэтая прыкмета падлягае выключэньню. Тое, што людзі не паслухалі патрабаваньняў ДАІ і рушылі далей — не супраціў міліцыі, а толькі непадпарадкаваньне.
Мітынг праходзіў мірна, ніякай агрэсіі ягоныя ўдзельнікі не ўчынялі


15.10 Паводле адваката, зь відэа было бачна, што людзі на мітынгу дзейнічалі арганізавана, былі выступы, шэсьце, не было некіраванай масы. Таму нельга казаць, што былі прыкметы масавых беспарадкаў, і гэта не знайшло пацьвярджэньня ў судзе. Нідзе не ўказана, што зьнішчыў асабіста Новік, дзьверы ўжо былі разбураныя, пра разбурэньне сталоў актаў няма. Таму гэтая прыкмета павінна быць выключана. Акт агляду месца здарэньня пацьвярджае, што дзьверы і вокны падлягаюць аднаўленьню і не былі зьнішчаныя. Таму нельга казаць, што было зьнішчэньне маёмасьці. Таму і няма такога складу злачынства.

15:04 Адвакат Новіка Андрэй Санковіч лічыць, што падчас суду не была даказана віна падабароннага ў цяжкім злачынстве — масавых беспарадках. Не было зьнішчэньня маёмасьці — таму яго дзеяньні нельга кваліфікаваць па 293 артыкуле. Трэба ўстанавіць, ці былі масавыя беспарадкі?

Адвакат мяркуе, што гэта не былі масавыя беспарадкі, бо гэтыя дзеяньні мелі лякальны характар. «Мітынг праходзіў мірна, ніякай агрэсіі ягоныя ўдзельнікі не ўчынялі. Невялікая група асоб — ад 7 да 15 — разьбіла шыбы. Білі толькі 5 чалавек, а астатнія больш за 10 тысяч чалавек нічога не пашкодзілі, не было ніякіх бясчынстваў і масавых беспарадкаў.

Прычым дзеяньні невялікай групы мелі стыхійны характар, а іх мэтай было ня зьнішчыць маёмасьць, а пранікнуць у Дом ураду. Паводле адваката, падзеі 19 сьнежня можна падзяліць на два этапы. На першым этапе невялікая група людзей знаходзілася каля ўваходу, некаторыя зь іх разьбілі вокны. На другім этапе зьявіўся спэцназ. На відэа зафіксавана, што толькі 5 чалавек білі вокны. Ніякіх масавых дзеяньняў не было.

15.05 Адвакат Быліна кажа, што яе падабаронны прызнаў віну ў сваіх дзеяньнях, але лічыць, што гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя няправільна. Адвакат Малчанава кажа, што ў дзеяньнях Малчанава не было зьнявагі сьцяга. Што да масавых беспарадкаў, то гвалту над асобамі, падпалаў, разбурэньняў і збройнага супраціву, якія прадугледжваюцца артыкулам пра масавыя беспарадкі, Малчанаў не ўчыняў.

Паводле Быліны, змовы не было, тое, што Малчанаў быў п’яны, не даказана. Акту мэдычнага абсьледаваньня ў матэрыялах справы няма, таму абцяжваючую акалічнасьць трэба выключыць.

Малчанаў зьявіўся з павіннай, прызнаў сваю віну, супрацоўнічаў са сьледзтвам, раскайваецца, мае двух непрацаздольных бацькоў. Адвакат Малчанава спадзяецца на гуманны прысуд.

14.50 Пачаўся выступ адвакатаў.

14.45 Дзяржаўны абвінаваўца кажа, што Атрошчанкаў адцясьняў супрацоўнікаў ДАІ на праспэкце, пры гэтым на ягоным твары была ўсьмешка. Відэа Тацяны Гаўрыльчык сьведчыць пра тое, што на праспэкце былі масавыя беспарадкі, апагей якіх быў на плошчы Незалежнасьці.

Дзеяньні падсудных па артыкуле 293 кваліфікаваныя правільна, як і абвінавачваньне Малчанава ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга. Дзяржаўны абвінаваўца цалкам падтрымала ў судзе абвінавачаньне.

У дзеяньнях Малчанава яна знайшла рэцыдыў, бо ў яго адна непагашаная судзімасьць. Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя дзейнічалі па змове групы асобаў.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла Малчанаву за зьнявагу сьцяга 3 месяцы арышту, але, выкарыстоўваючы прынцып паглынаньня мякчэйшага пакараньня стражэйшым, у выніку папрасіла 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе Малчанаву, Новіку і Атрошчанкаву па 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.


14.37 Суд скончыў дасьледаваньне матэрыялаў справы. Адзін з адвакатаў папрасіў перапынак для падрыхтоўкі, але судзьдзя Тацяна Чаркас не пагадзілася. Суд пераходзіць да дэбатаў бакоў. Першай выступае дзяржаўны абвінаваўца Тацяна Маладцова.

Маладцова гаворыць пра тое, што дзеяньні Малчанава, Атрошчанкава і Новіка знайшлі пацьвярджэньне падчас судовага сьледзтва. Яна адзначыла, што Малчанаў не хаваў свайго нэгатыўнага стаўленьня да дзейнай улады яшчэ да мітынгу, а Атрошчанкаў быў у натоўпе, які імкнуўся прабіць загарадку ў дзьвярах Дома ўраду. Паводле Маладцовай, дзеяньні Малчанава па зрываньні дзяржаўнага сьцяга даказаныя, як і ягоны ўдзел у спробе прарыву ў Дом ураду.

14.28 Другое і трэцяе відэа таксама, паводле судзьдзі, прысьвечанае дзеяньням Малчанава. Малчанаў не апазнаў сябе і на гэтых відэазапісах.

14.12 Працягваецца дэманстрацыя відэазапісаў з камэраў вонкавага назіраньня будынка КДБ. Запісы бяз гуку, бачныя дробныя фігуркі. Малчанаў сябе апазнаць ня можа, але не выключае, што гэта ён.

14.05 Пачаўся прагляд яшчэ трох відэадыскаў. На першым — дзеяньні Малчанава са сьцягам.

13.50 Судовы працэс аднаўляецца. Падсудных прыводзяць у кайданках і саджаюць у мэталічную клетку. Іх ахоўваюць 4 супрацоўнікі міліцыі.

13.05 Усе пісьмовыя дакумэнты вывучаныя. У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 14.00.

12.54 У справе ёсьць яўка з павіннай Малчанава, у якой ён прызнае, што сарваў сьцягі з будынка КДБ і пад уплывам эфэкту натоўпу стукаў у дзьверы Дома ўраду. Ён шкадуе пра зьдзейсьненае.

12.38 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае, якія дакумэнты ёсьць у справе, але не цытуе іх: пратаколы вобшукаў і агляду прадметаў, іх канфіскацыі, праслухоўваньня тэлефонных размоў, пастановаў сьледзтва.

12.10 Яшчэ адзін пратакол агляду цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду — на бакавой тумбе помніка Леніна знойдзена рэчыва бурага колеру, бутэлька з вадкасьцю і фрагмэнтамі заціснутай тканіны, каністры з гаручай вадкасьцю.

12:05 Зафіксавана, як білі шыбы ў першым шэрагу дзьвярэй. У другім шэрагу дзьверы ў Дом ураду зачыненыя, бачных пашкоджаньняў няма. Знайшлі заплечнік з сольлю і содай, бутэлькай з вадкасьцю, дымавой шашкай. У матэрыялах шмат разоў адзначаецца, што знойдзеныя бутэлькі з «вадкасьцю, нібыта гаручай». Што за вадкасьць і ці сапраўды гаручая, ня высьветлена.

11.59 Пачалі дасьледаваць пісьмовыя матэрыялы справы.
На відэа чуваць, як апэратыўнікі ў цывільным пры разгоне крычаць спэцназаўцам: «Свае-свае-свае, ГУВД!»


Сярод іх — пратакол агляду мясцовасьці на плошчы Незалежнасьці і знойдзеных там рэчаў: газавага балёнчыка, дымавой шашкі, рыдлёўкі, бутэлькі з-пад вады «Банаква» зь меркаванай гаручай вадкасьцю, каністры з бэнзінам, мэталічных прутоў.

11.45 На відэа чуваць, як апэратыўнікі ў цывільным пры разгоне крычаць спэцназаўцам: «Свае-свае-свае, ГУВД». Гэтае відэа ўжо разглядалася падчас суду над Васілём Парфянковым. Урыўкі зь яго таксама паказвалі па БТ.

11.44 Пра наступны эпізод «штурму», у якім Атрошчанкаў знаходзіўся ў задніх шэрагах натоўпу, ён кажа, што на яго націснулі ззаду і ён паддаўся, бо было сьлізка. Атрошчанкаў сказаў: «Я тут знаходзіўся ў якасьці журналіста і разумеў, што тут адбываецца нешта важнае».

11.38 Аляксандар Атрошчанкаў пазнаў сябе на заднім пляне падзей ля дзьвярэй Дома ўраду: «Я гляджу, што адбываецца».

11:36 Малчанаў не пазнаў сябе на відэа, калі невядомыя б’юць шчыты на ўваходзе ў Дом ураду.

11:31 Праглядаецца наступны дыск з запісамі дзеяньняў Новіка каля ўваходу ў Дом ураду. Новік сябе пазнаў на відэаздымках, на якіх натоўп б’е па драўляных сталах, якімі спэцназаўцы забарыкадавалі ўваходы ў Дом ураду. Адвакат налічыў на відэа толькі 3 ўдары Новіка нагою, калі ўжо не было шкла. Абвінавачаньне цьвердзіць — як мінімум 21 удар.

11.20 Допыт сьведкаў скончаны. Суд вырашыў аднавіць прагляд відэазапісаў. Адзін зь іх учора не ўдалося даглядзець, бо дыск аказаўся сапсаваны.

На відэа дэманструюцца падзеі 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы, воклічы людзей «Жыве Беларусь», момант зрыву афіцыйнага сьцяга з будынка КДБ. Падсудны Малчанаў прызнаў, што гэта ён сарваў сьцяг, але ён не таптаўся па тых сьцягах.

11.17 Наступны сьведка — Мікіта Кастыцкі, 1987-га году нараджэньня, пажарны зь Менску.

Ён сказаў, што ведае Зьмітра Новіка, пацьвердзіў, што Новік карыстаўся сім-карткай, якая зарэгістраваная на ягонае (Кастыцкага) імя.

Кастыцкі кажа, што Новік нічога не расказваў пра свой удзел у мітынгу, толькі папрасіў, што калі яго праваахоўныя органы спытаюць пра тэлефон, каб ён адказаў, што проста праходзіў паўзь мітынг.

11.15 Наступны сьведка — Тацяна Гаўрыльчык, відэаапэратар сайту «Нашай нівы».

Дзяржаўны абвінаваўца распытвае Тацяну пра яе працу на плошчы, пра зьняцьцё сьцягоў з будынка КДБ. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў: «Што ён рабіў са сьцягамі?»

Тацяна адказала: «Убок адкінуў, дрэўка сьцяга не паламаў». Яна сказала, што ня можа апісаць чалавека, які ўсталёўваў бел-чырвона-белы сьцяг на будынку. Як той быў апрануты, згадаць не змагла.Таксама яна не змагла прыгадаць, ці гэта адна асоба зрывала дзяржаўны сьцяг і ўсталёўвала нацыянальны. Яна паказала, што хлопец спрабаваў парэзаць афіцыйны сьцяг, што ён таптаў сьцяг — ня памятае.

11:05 Наступны сьведка — Віталь Ляўчук, 1986-га году нараджэньня з Барысава, які таксама ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск з Барысава.
Мы зьбіраліся выказаць пратэст і нязгоду з тым, як ідуць прэзыдэнцкія выбары. Мы меркавалі, што выбары будуць сфальшаванымі, і дамовіліся паехаць на Плошчу выказаць сваю нязгоду


«Мы зьбіраліся выказаць пратэст і нязгоду з тым, як ідуць прэзыдэнцкія выбары. Мы меркавалі, што выбары будуць сфальшаванымі, і дамовіліся паехаць на Плошчу выказаць сваю нязгоду».

У адказ на пытаньні прадстаўніцы абвінавачваньня сьведка распавядае пра мітынг на Кастрычніцкай плошчы, пра рух па праспэкце, кажа што міліцыя ім не замінала ісьці па праезнай частцы.

Ляўчук кажа, што ня бачыў, што рабілі людзі ля ўваходу ў Дом ураду, толькі чуў, як разьбіваецца шкло. Ён кажа, што не размаўляў з Малчанавым пасьля плошчы, пазьней пры праглядзе відэа з плошчы ён ня бачыў Малчанава. Але бачыў відэа, дзе Малчанаў махае бел-чырвона-белым сьцягам.

Ляўчук быў за рулём, калі яны ехалі ў Менск з Барысава. Кажа, што ягоныя пасажыры крыху выпілі піва па дарозе, прыкмет ап’яненьня ў іх не было.

10:50
Новік кажа, што сьведка яго агаварыў з-за непрыязных адносінаў. Сьведка кажа, што яму прапанавалі апазнаць сябе ў перахопленым тэлефонным запісе, дзе Новік расказваў, што ён біў па сталах і ў яго баліць нага.

10:36 Допыт наступнага сьведкі Ўладзімера Красава, кіроўцы амбасады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Сьведка сказаў: Новік не распавядаў яму, што ён хацеў трапіць у будынак Дома ўраду. Для чаго ён наносіў удары па загародцы — Новік сьведку не казаў. «Я спачатку падумаў, што Новік пахваліўся, і не прыдаў сур’ёзнасьці ягоным расповедам».

Сьведка ведаў, што будзе мірная акцыя, і калі прыйшоў на плошчу Незалежнасьці, то ўбачыў, што там «абсалютна мірная акцыя і ў лёзунгах на плошчы ня бачыў нічога нямірнага».

Новік сказаў, што гэты сьведка «здаў» яго супрацоўнікам КДБ, бо супрацоўнікі выйшлі пасьля плошчы спачатку на яго. Адносіны паміж Новікам і сьведкам былі сапсаваныя яшчэ да 19 сьнежня.

10.32 Наступны сьведка — Сяргей Маёраў, 1977-га году нараджэньня, кіроўца пагрузчыка зь Менску. Сьведка паведаміў суду, што 19-га сьнежня ён працаваў на праспэкце Незалежнасьці, рух па праспэкце, калі ён ехаў, быў заблякаваны натоўпам. Ён вымушаны быў стаяць на рагу вуліцы Леніна і праспэкта. Хлопец залез на пагрузчык і пачаў размахваць сьцягам — якім, сьведка не зьвяртаў увагі. «Я запатрабаваў, каб ён зьлез. Але ён нічога не адказаў, там было шумна, крык. Пазьней я зьехаў зь месца, калі рух быў разблякаваны».



10.30 Першы сьведка — беспрацоўны Сяргей Уленскі, зь Віцебску, сябар Малчанава. Ён ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск, сказаў, што па дарозе выпілі піва зь ім, двухлітровую бутэльку.

Прыехалі ў Менск а 18 гадзіне, ва Ўручча. Каля 20-й былі на Кастрычніцкай плошчы. «Там было шмат людзей, выступалі кандыдаты. Потым мы рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. Людзі ішлі па праспэкце. Гаварылі між сабой», — распавёў сьведка.

На плошчы Незалежнасьці сьведка зноў убачыў Малчанава, насупраць Чырвонага касьцёла. «Даслоўна ня памятаю, што расказаў мне там Малчанаў, пра сьцягі на будынку КДБ не расказваў. Ён мне адназначна не расказваў пра тое, што ён здымаў сьцягі».

Сьведку дапытвае прадстаўніца абвінавачваньня.

Судзьдзя дадае рэдкія рэплікі: «Ці бачылі на відэа ў інтэрнэце Малчанава?

«Падобны да яго чалавек біў шкло, стукаў у дзьверы. Ён пазьней мне ў размове пацьвердзіў, што гэта быў ён. Матывацыяй ягоных дзеяньняў я не цікавіўся».

Суд вырашыў часткова зачытаць вытрымку з пратаколу допыту сьведкі на папярэднім сьледзтве, бо заўважыў супярэчнасьць у ягоных паказаньнях у судзе.

На папярэднім сьледзтве Сяргей Уленскі паказаў, што Малчанаў распавядаў яму пра тое, што менавіта ён зьняў сьцягі з будынка КДБ і размахваў пазьней бел-чырвона-белым сьцягам з трактара на праспэкце. Сьведка пацьвердзіў свае паказаньні, але дадаў, што ўспрымаў гэтую размову як выхваляньне сябра.

10.02 Працэс аднавіўся. Працягваецца допыт сьведкаў.

9.50 Судовы працэс працягнецца ў той самай залі, што і 1 сакавіка. Яна разьлічана прыкладна на 36 чалавек. Палову залі, каля 15 чалавек, займаюць невядомыя, якія не прадстаўляюцца. У залю трапіла мала праваабаронцаў і журналістаў. Спачатку прапускалі прадстаўнікоў афіцыйных мэдыяў.

Працэс пачаўся 1 сакавіка. Атрошчанкава і Новіка вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Малчанава — яшчэ і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які ён сарваў з будынка КДБ.

Малчанаў прызнаў сваю віну цалкам, Новік — часткова, Атрошчанкаў цалкам не прызнаў сваёй віны. Аляксандар Атрощчанкаў — прэсавы сакратар былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачаньні па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі выстаўленыя 42 грамадзянам :
  • 29 — утрымліваюцца пад вартай;
  • 2 — пад хатнім арыштам;
  • 8 — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

17 лютага ў Фрунзенскім судзе Менску адбыўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Васілём Парфянковым, якога зьвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году.

Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі калёніі строгага рэжыму.
Таксама ён павінен кампэнсаваць матэрыяльныя страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў.

У судзе Маскоўскага раёну Менску 10 сакавіка працягнецца працэс над удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам, а таксама прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем.


Артыкул 293 «Масавыя беспарадкі»
1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, збройным супрацівам прадстаўнікам улады, —
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай дадзенага артыкула, —
караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Аляксандар Атрошчанкаў
Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.

У 2001—2006 гг. быў сябрам арганізацыі "Зубр", браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.

Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 — прэсавым сакратаром штабу Андрэя Саньнікава.

Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца паводле артыкула 293 КК.
Аляксандар Малчанаў
Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў "зуброўцам". Вучыўся ў вечаровай школе і на курсах маляроў. Потым паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Менску.

Пасьля акцыі пратэсту на Плошчы быў затрыманы 6 студзеня ў сябе дома ў Барысаве. Яму выстаўленае абвінавачаньне па справе аб масавых беспарадках.
Дзьмітры Новік
Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG