Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі адкрываецца фотавыстава "19 сьнежня вачыма журналістаў"


2 сакавіка ў Бруселі ў офісе Пастаяннага прадстаўніцтва Каралеўства Швэцыі ў Эўрапейскім Зьвязе адкрыецца фотавыстава “19 сьнежня вачыма журналістаў”, на якой будуць прадстаўленыя амаль паўсотні фотаздымкаў сямі беларускіх фатографаў.

Кіраўнік офісу "За дэмакратычную Беларусь" у Брусэлі Вольга Стужынская распавяла:

"Гэта была супольная ідэя Беларускай асацыяцыі журналістаў і нашага офісу. Мы зьвярнуліся да Швэдзкага прадстаўніцтва ў Эўразьвязе, каб яны патрымалі і дапамаглі нам арганізаваць гэта мерапрыемства, якое разьлічана на самыя шырокія колы тут, у Брусэлі: на прадстаўнікоў інстытуцыяў Эўразьвязу, якія працуюць па рэгіёнах альбо па Беларусі, журналістаў, проста зацікаўленых людзей, якім неабыякава, што адбываецца ў Беларусі".

Беларускія фотарэпартэры Ксенія Авімава, Сяргей Балай, Дзьмітры Брушко, Уладзімер Грыдзін, Вадзім Заміроўскі, Аляксандар Зянкоў і Аляксей Мацюшкоў дапамогуць убачыць падзеі 19 сьнежня і тое, што было пасьля іх у Менску праз аб’ектывы сваіх фотакамэр. Сяргей Балай кажа:

Я ня ведаю, ці можа фотаздымак схлусіць... На маю думку, фатографы – гэта самыя шчырыя журналісты, бо яны паказваюць тое, што адбываецца насамрэч
"Я ня ведаю, ці можа фотаздымак схлусіць... На маю думку, фатографы – гэта самыя шчырыя журналісты, бо яны паказваюць тое, што адбываецца насамрэч. Мы не карыстаемся фоташопам, мы паказваем так, як было.
І страху здымаць няма. Мне падаецца, тым фатографам, якія здымалі ў Эгіпце, зараз працуюць у Лібіі, напэўна, страшна. Бо там могуць забіць проста выпадкова. Не зважаючы на тое, што ты журналіст. У нас таксама можна пацярпець ад АМАПу, спэцслужбаў, але, на маю думку, мы проста робім сваю працу".

Менавіта фотакарэспандэнты былі ў самым гушчы падзеяў плошчы, спэцслужбы іх зьбівалі, клалі "тварам у сьнег", у некаторых наўмысна пашкодзілі апаратуру. Але многім рэпартэрам удалося злавіць надзвычай яскравыя кадры, якія абышлі ўвесь сьвет. Распавядае Аляксей Мацюшкоў:

"Наагул, на любых мерапрыемствах я стараюся быць да канца. Я, напэўна, адзін з апошніх сыходзіў з плошчы. Я здымаў, калі вельмі жорсткі гвалт быў, калі плошча была цалкам ачэпленая, хаця мяне людзі ў цывільным "за шманты" пастаянна цягалі ўлева-управа. Было вельмі цяжка псыхалягічна. Але я стараюся неяк выкручвацца, вельмі хутка перасоўвацца".

І пасьля падзеяў 19 сьнежня да фотакарэспандэнтаў і відэарэпартэраў улады выявілі асаблівую цікавасьць. У "нашаніўцаў" Юліі Дарашкевіч і Тацяны Гаўрыльчык былі ператрусы, канфіскавалі тэхніку. Вадзіма Заміроўскага і Ксенію Авімаву выклікалі на допыты ў КДБ. Меркаваньне Сяргея Балая:

мы жывем у цэнтры Эўропы, у нас ёсьць спадарожнікавы інтэрнэт, і схаваць некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, немагчыма зараз
"Я ўвогуле не разумею гэтых перасьледаў і нагоды гэтых перасьледаў. Я разумею, што не жадаюць улады, каб гэта інфармацыя трапіла ў замежныя сродкі масавай інфармацыі. Але, зь іншага боку, мы жывем у цэнтры Эўропы, у нас ёсьць спадарожнікавы інтэрнэт, і схаваць некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, немагчыма зараз".

На пытаньне, ці страшна працаваць у такіх умовах, Аляксей Мацюшкоў адказаў так:

"Крыху страшна становіцца, калі вакол цябе нейкія нечаканыя дзеяньні адбываюцца, нейкі гвалт. Але ўсё гэта асэнсоўваеш толькі пры канцы сваёй працы. То бок, калі ўсё скончылася, быў, канечне, у шоку. У такім шоку, што два дні адыходзіў, было ніякавата. Але потым пачынаюцца звычайныя будні, і ты працягваеш сваю працу. Хаця стрэсы, напэўна, кожны дзень бываюць".

Перад адкрыцьцём выставы “19 сьнежня вачыма журналістаў” у Брусэлі прадстаўнікі БАЖ і фатографы распавядуць пра сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG