Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ён атрымаў аўдыенцыю ў папы рымскага, пазалочаны пісталет ад прэзыдэнта Расеі, ён прымае вайсковыя парады. Паводле любых мерак, Коля Лукашэнка непадобны на звычайнага 6-гадовага хлопчыка. Але гэта і нядзіўна, калі ваш бацька – не звычайны прэзыдэнт, а Аляксандар Лукашэнка – апошні дыктатар Эўропы.

Аналітычны аддзел Радыё Свабода падрыхтаваў матэрыял пра Колю Лукашэнку.

Коля Лукашэнка – 6-гадовы бляндын, які ўжо пэўны час зьяўляецца на экранах тэлевізараў са сваім бацькам, беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам.

Чарговы раз тэлебачаньне паказала яго ў сьнежні падчас галасаваньня яго бацькі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пазьней Аляксандар Лукашэнка з гонарам распавядаў, як сын угаварыў яго ўпершыню прагаласаваць за сябе.

А. Лукашэнка: Заходзім у кабінку. Ён бярэ гэты ліст і пачынае чытаць. Пачаў чамусьці зьнізу. Паказвае : "Тата, вось Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч." Я пытаю: "А за каго ты будзеш галасаваць?" "Ды ладна, за цябе прагаласую". Таму я прагаласаваў за сябе, першы раз у жыцьці. І тое з падачы дзіцяці".

Такі пяшчотны дыялёг можа выглядаць шокам для тых, хто быў сьведкам крывавых падзеяў пасьля нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі сотні прыхільнікаў апазыцыі, сярод іх і кандыдаты ў прэзыдэнты, былі зьбітыя і кінутыя ў турмы.

Але для Лукашэнкі, які ўжо даўно культывуе імідж “бацькі”, Коля стаў каштоўным іміджавым актывам.

56-гадовы беларускі прэзыдэнт мае двух дарослых сыноў – Віктар і Зьміцер – ад яго пакінутай жонкі Галіны.

А 6-гадовы Коля – пазашлюбнае дзіця, плод раману Аляксандра Лукашэнкі і яго былога асабістага ўрача Ірыны Абельскай, раману, які ўжо скончыўся. На думку палітоляга, адносіны беларускага прэзыдэнта да Колі – "першыя сапраўдныя адносіны любві ў ягоным жыцьці ".

Падгол: " Лукашэнка гранічна самотны. Ён дыстанцыяваў ад сябе ўсіх, таму што ён усіх баіцца, нікому не давярае, нават у сваіх старэйшых сынах ён бачыць супернікаў, якія маглі б арганізаваць яго адхіленьне ад улады. І Коля зьяўляецца псыхалягічным кампэнсатарам яго самоты. Яны адзін аднаго любяць, адзін аднаму давяраюць і ён адзіны чалавек, якому Лукашэнка давярае. Таму што Коля маленькі, ён яго любіць і не нясе яму ніякай пагрозы.

Беларускія палітыкі па традыцыі хаваюць свае сямейныя адносіны ад грамадзкасьці. І існаваньне Колі было выяўлена толькі тады, калі хлопчыку было 2 гады. Але з тых часоў ён жыве паводле графіку, які напружыў бы і вопытнага дыплямата.

Ён прымаў удзел у сустрэчы сам на сам з прэзыдэнтам Армэніі, прымае парады беларускага войска, апрануты ў мініятурны вайсковы строй, яго нават пагладзіў па галаве папа Папа Бэнэдыкт XVI падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан.

Тэлебачаньне рэдка паказвае, як Коля размаўляе ці гуляе зь іншымі дзецьмі. Але некаторыя асабістыя дэталі часам зьяўляюцца. У рэпартажы са сьвяткаваньня Першамаю ў парку Горкага ў Менску бачна, як ён трымае новенькі iPhone. З іншага рэпартажу мы даведваемся, што ў яго алергія на шакаляд. У яшчэ адным ён асьцярожна нагадвае бацьку, што трэба падзякаваць прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву за падораны пазалочаны пісталет, які Коля трымае ў кабуры.

У большай частцы кадры – такія, як перамовы з армянскім лідэрам Сэржам Саркісянам, які ён правёў, седзячы на каленях у бацькі – ён робіць выгляд ціхага, спакойнага, але зьлёгку ашаломленага дзіцяці.

Аляксандра Дынько, беларуская журналістка, кажа, што пра Колю адносна мала вядома. Тэлерэпартажы больш распавядаюць пра бацьку, які сам быў выхаваны маці-адзіночкай, чым пра сына.

А. Дынько: Мужчына з маленькім дзіцём, вялікі, дужы, ён выклікае замілаваньне і павагу. І прэзыдэнт неаднаразова па чалавечы раскрываўся менавіта праз свайго маленькага хлопчыка. Ён яго называе "малыш", апісвае, як яны разам сустракаюць Новы год, як яны глядзяць па тэлебачаньні прэзыдэнцкія дэбаты. Грамадзтвам гэта ўспрымаецца як спосаб стаць простым і зразумелым. Але ўсё роўна хлопчыка не заўважаюць і да яго няма нейкага пэўнага стаўленьня.

Зусім нядаўна Коля суправаджаў свайго бацьку падчас яго інаўгурацыі ў студзені. Апранутыя ў адпаведныя строі, яны абодва ішлі поруч па ступенях Палацу рэспублікі ў Менску.

Заходнія назіральнікі лічаць, што Лукашэнка не шкадуе намаганьняў у забесьпячэньні свайго прэзыдэнцкага даўгалецьця, ён фальсыфікуе выбары і жорстка распраўляецца са сваімі апанэнтамі. У дэпэшах, апублікаваных парталам WikiLeaks, амэрыканскія дыпляматы ў Менску апісваюць беларускага лідэра, як чалавека, які "мае намер застацца ва ўладзе на нявызначаны тэрмін і ня бачыць прычын мяняць свой курс."

Лукашэнка дэманструе зьдзіўленьне, калі гутарка заходзіць пра тое, ці не зьбіраецца ён зрабіць Колю сваім пераемнікам. Такая дынастычная перадача ўлады можа здацца менш дзіўнай у такой краіне, як Азэрбайджан, дзе цяперашні лідэр Ільхам Аліеў стаў спадкаемцам свайго бацькі Гейдара у 2003 годзе, ці ў некаторых дзяржавах Цэнтральнай Азіі.

Але мала хто ў Беларусі ставіцца сур'ёзна да пэрспэктывы ўвацарэньня Колі, як і да пэрспэктывы, што Аляксандар Лукашэнка будзе кіраваць краінай яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Нават многія прыхільнікі Лукашэнкі ставяцца да пэрспэктывы прыходу да ўлады яго малодшага сына без энтузіязму.

Валер Карбалевіч, аўтар новай біяграфіі Лукашэнкі – "Палітычны партрэт", кажа, што дарадцы настойліва заклікаюць беларускага лідэра радзей зьяўляцца на тэлеэкранах разам з Колем

Карбалевіч: Яго зьяўленьне на тэлеэкранах разам з бацькам , асабліва ў пэрыяд, калі ён удзельнічае ў нейкіх афіцыйных мерапрыемствах, выклікае нэгатыўнае стаўленьне ў беларускім грамадзтве. Гэты піяр спрацаваў яму хутчэй у мінус, чым у плюс. Калі напачатку ён часта зьяўляўся з сынам, то пазьней яго зьяўленьняў на тэлеэкране стала значна менш. Відаць, яму патлумачылі, што гэта не працуе на ягоны рэйтынг.

Любоў Аляксандра Лукашэнкі да Колі не распаўсюджваецца на клопат пра ўсіх беларускіх дзяцей. Напачатку гэтага году органы апекі спрабавалі ўзяць на дзяржаўнае выхаваньне 3-гадовага сына кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і яго жонкі, журналісткі Ірыны Халіп, якія патрапілі ў турму за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту.

Урэшце органы апекі паведамілі, што дзіця можа застацца з бабулей, неўзабаве Ірына Халіп была вызваленая пад хатні арышт. Але пагроза ўзяць хлопчыка на дзяржаўную апеку стала жахлівым папярэджаньнем беларускай апазыцыі, што Лукашэнка можа скарыстаць дзяцей для палітычнага шантажу.

Сандра Сьміт-Адкок, спэцыяліст па праблемах дзіцячых паводзінаў з унівэрсытэту Флярыды, на падставе вывучэньня відэастужак з удзелам Колі кажа, што ён можа быць самотным і пазбаўленым звычайных дзіцячых адносінаў. Горш за тое, кажа яна, ён можа быць міжвольнай прыладай, што выкарыстоўваецца яго бацькам для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў:

Сьміт-Адкок: Гэтае дзіця выглядае як шчыт. Лукашэнка думае, што калі побач са мной такое прыгожае дзіця, калі я пакажу сябе клапатлівым бацькам, то людзі будуць больш лагодна ставіцца да мяне. І выкарыстаньне дзіцяці як шчыта, тое, што ён глыбока ўцягнуты ў сьвет бацькі, за кошт адносінаў зь іншымі людзьмі, гэта патэнцыйна вельмі сумна. Лукашэнка гэтак жа запалоханы, як і ягоны сын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG