Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолю Лябедзьку паабяцалі сустрэчу з адвакатам, але сустрэча так і не адбылася. Жонка прэзыдэнта Польшчы выказала падтрымку Ўладзімеру Някляеву і Андрэю Саньнікаву. Актывіста Паўла Вінаградава трымаюць у камэры, дзе на 15 ложкаў 24 вязьні.

Жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана атрымала ад яго ліст пасьля двух тыдняў маўчаньня. Напярэдадні Сьвятлана даведалася пра заяву Алеся Міхалевіча адносна катаваньняў у турме КДБ:

«Ня ведаю, што і думаць. Які раз перачытваю ліст Анатоля, шукаю паміж радкоў зьвесткі пра тое, што зь ім там адбываецца».

У Анатоля пачаў псавацца зрок, і жонка палітыка мяркуе, што зьвесткі Міхалевіча пра заўсёднае сьвятло ў камэрах КДБ — праўда. Таксама зь ліста Сьвятлана даведалася, што яе муж разьлічваў на сустрэчу з адвакатам, але нічога зноў не атрымалася:
Які раз перачытваю ліст Анатоля, шукаю паміж радкоў зьвесткі пра тое, што зь ім там адбываецца.

«Ва ўчорашнім лісьце ён піша, што яму там паабяцалі, што пусьцяць да яго адваката. Я адмыслова пазваніла адвакату, і сёньня яна паспрабавала да яго прайсьці. Яе там пратрымалі некалькі гадзінаў, але так і не пусьцілі да яго, спаслаўшыся на тое, што няма вольных пакояў».

Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, атрымала ліст ад лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, зь якім рэгулярна лістуецца. Дашкевіч дагэтуль знаходзіцца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. Паводле Зьмітра, працэс над ім пачнецца ў першай дэкадзе сакавіка ў Маскоўскім судзе. Таксама Марына Адамовіч пракамэнтавала заяву Алеся Міхалевіча пра тое, як у КДБ абыходзяцца з вязьнямі:

«Мяркую, гэта годны ўчынак прыстойнага чалавека. Мы за яго яму вельмі ўсе удзячныя, бо спадзяёмся, што гэта паўплывае ў лепшы бок на сытуацыю там».

Напярэдадні жонка прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўская пазваніла Люцыне Бяльзацкай, маці беларускай журналісткі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам.

«Ганна Камароўская сказала, што падтрымлівае нас, пыталася пра тое, якую яна можа дапамогу нам аказаць. Я сказала, што для нас вялікая падтрымка — гэта тое, што Польшча і ўвесь цывілізаваны сьвет нас падтрымліваюць і цікавяцца нашай сытуацыяй. Яшчэ яна цікавілася справамі Ірыны, як яна сябе адчувае. Я казала, што Ірына — моцная жанчына. Ганна Камароўская ўсё ведала пра ўмовы, ў якіх знаходзіцца Ірына, пра Даньку. Яна сказала, што тое, што Іра — моцная, бачна па яе паводзінах, па яе стаўленьні да ўсяго».

Таксама Ганна Камароўская прасіла перадаць найлепшыя пажаданьні Андрэю Саньнікаву.

Званок ад першай лэдзі Польшчы раздаўся і ў кватэры Ўладзімера Някляева. З Ганнай Камароўскай размаўляла жонка палітыка Вольга Някляева:

«Я пачула словы падтрымкі і аповед пра канцэрт салідарнасьці ў Варшаве, на якім выконваліся песьні на вершы Уладзімера Пракопавіча».

Заўтра, 2 сакавіка, Уладзімера Някляева зноў павязуць на допыт ў КДБ.
На 15 ложкаў там цяпер 24 вязьні.


Большасьць абвінавачаных паводле падзей 19 сьнежня трымаюць у сьледчым ізалятары на Валадарскага. У якіх умовах?

«У камэру сына падсадзілі яшчэ аднаго падсьледнага. Такім чынам на 15 ложкаў там цяпер 24 вязьні», — пераказаў бацька Паўла Вінаградава Юрый зьвесткі зь ліста ад сына.

А вось што распавяла пра сына Паўла Алена Ліхавід.

«Дагэтуль знаёмяцца са справай. Я бачылася з адвакатам, яна сказала, што была сустрэча ўчора, а наступная ажно ў чацьвер».
XS
SM
MD
LG