Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі замежны доўг расьце, каб падтрымаць тое, што ёсьць».


Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Дзяржаўны доўг Беларусі за студзень вырас на 7,3% — больш чым на мільярд даляраў. Толькі сёлета на абслугоўваньне замежнага доўгу Мінфін плянуе накіраваць 862 мільёны даляраў, у тым ліку 695 мільёнаў — выключна на выплату працэнтаў. Ці дасягаюць тэмпы росту замежнага доўгу нейкіх крытычных памераў? Ці рэальныя пляны беларускага ўраду дасягнуць станоўчага сальда замежнага гандлю? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Зьміцер Крук.

Цыганкоў: Часам, калі гавораць пра замежных доўг Беларусі, адзначаюць, што ён яшчэ не дасягнуў нейкай крытычнай лічбы паводле міжнародных парамэтраў. Але тэмпы росту — 7 працэнтаў за адзін месяц! Ці не здаецца гэты рост занадта хуткім і пагрозьлівым?

Крук: Я згодны з тым, што варта гаварыць пра тэмпы росту замежнага доўгу, а ня толькі пра абсалютныя лічбы гэтага доўгу. На сёньня гэтыя тэмпы трэба ахарактарызаваць як вельмі небясьпечныя. Яны адлюстроўваюць тыя праблемы, што назапасіліся ў беларускай эканоміцы. І гэта хутчэй люстэрка той эканамічнай палітыкі, што праводзіцца, і тых дыспрапорцыяў, якія мы маем.

Цыганкоў: На кожнага жыхара Беларусі доўг ужо складае звыш 2 тысячаў даляраў. Ці ёсьць тут пагроза для будучых пакаленьняў, ці лічбы зноў-такі пакуль выглядаюць дапушчальнымі?

Крук: На дадзены момант, паводле міжнародных супастаўленьняў, доўг знаходзіцца ў нармалёвых рамках.
Калі ў іншых краінаў доўг расьце, каб пазбавіцца ад небясьпечных тэндэнцыяў, то ў Беларусі доўг расьце толькі для таго, каб падтрымаць тое, што ёсьць.
Але ж, на маю думку, тут трэба прымяняць іншыя крытэрыі. Наколькі абгрунтавана нарошчваньне доўгу? Калі ў іншых краінаў доўг расьце, каб пазбавіцца ад небясьпечных тэндэнцыяў, ад эканамічных дыспрапорцыяў, ідзе на мадэрнізацыю эканомікі, то ў Беларусі цягам апошніх двух гадоў доўг расьце толькі для таго, каб падтрымаць тое, што ёсьць.

Захадаў для таго, каб пераламіць нэгатыўныя тэндэнцыі, фактычна не рабілася. Там у сама «ідэалёгія» назапашваньня замежнага доўгу ў такіх умовах выклікае шмат пытаньняў.

Цыганкоў: Апошнім часам улады часам заяўляюць пра тое, што ў найбліжэйшыя гады яны плянуюць выйсьці на станоўчае сальда замежнага гандлю. Але праходзіць месяц — і новая статыстыка паказвае, што нэгатыўнае сальда зноў вырасла. Ці ёсьць нейкія падставы ў беларускай эканоміцы, каб станоўчы балянс гандлю зьяўляўся?

Крук: Для таго, каб зьмяншаўся нэгатыўны балянс, у рамках пэўнага пэрыяду дастаткова некаторых макраэканамічных крокаў, такіх, як скарачэньне штучнага стымуляваньня ўнутранага попыту. Больш за тое, у 2011 годзе будзе павялічвацца экспарт калійных угнаеньняў, чакаецца пазытыўны эфэкт ад экспарту некаторых іншых пазыцыяў. Таму некаторыя перадумовы для зьмяншэньня дэфіцыту ёсьць.

Што тычыцца выхаду на станоўчае сальда, то я скептычна да гэтага стаўлюся. Бо тут павінна быць рэфармавана ня толькі структура эканомікі, што ўжо прызнае ўрад, але і мэтады кіраваньня эканомікай. Калі ў праграме разьвіцьця экспарту даюцца заданьні кожнаму прадпрыемству і кожнаму райвыканкаму, на колькі яны павінны нарасьціць экспарт, то да такіх мэтадаў я стаўлюся вельмі скептычна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG