Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі?


Беларусь абвінавачваюць у пастаўках зброі Лібіі і Кот-д’Івуару. Наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя? Якую зброю можа пастаўляць Беларусь? Ці пагражаюць краіне міжнародныя санкцыі?

Удзельнікі: журналіст газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў
Аляксандар Алесін
Валер Карбалевіч

Наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя?


Валер Карбалевіч: «Амаль адначасова Беларусь трапіла адразу ў два міжнародныя скандалы. Замежныя назіральнікі зафіксавалі авіярэйсы паміж Беларусьсю і Лібіяй. І адразу ўзьніклі падазрэньні, што гаворка ідзе пра пастаўкі зброі рэжыму Кадафі, які вядзе вайну з паўстанцамі. Прычым Рада Бясьпекі ААН фактычна прызнала дзеяньні Кадафі злачынствам.

Другі выпадак. Офіс Генэральнага сакратара ААН абвінаваціў Беларусь у пастаўках верталётаў не прызнанаму міжнароднай супольнасьцю рэжыму былога прэзыдэнта Кот-д’Івуару. Такія пастаўкі забароненыя ААН.

Беларускае МЗС абвяргае абодва выпадкі, заяўляе, нібыта супраць Беларусі арганізаваная інфармацыйная змова. Наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя?»

Аляксандар Алесін: «Інфармацыя пра пастаўкі верталётаў у Кот-д’Івуар выглядае дзіўна. Таму што, паводле яе, гаворка ідзе пра верталёты савецкай вытворчасьці. То бок ім 25-30 гадоў. Іх рэсурс на мяжы. Кошт трох такіх верталётаў у суме на міжнародных рынках — каля 200 тыс. даляраў. Ці варта за такую мізэрную суму ахвяраваць іміджам і легальнымі кантрактамі на суму ў сотні мільёнаў даляраў? Таму я сумняваюся, што гэтая інфармацыя рэальная».

Карбалевіч: «Міжнародны імідж Беларусі настолькі дрэнны, што сапсаваць яго ўжо цяжка. Зь іншага боку, у Беларусі цяпер вялікі дэфіцыт валюты, таму нават 200 тысяч даляраў — ужо хлеб. Магчыма, улады думалі, што ніхто не заўважыць, пранясе».

Выпадак зь Лібіяй


Алесін: «Цяпер наконт Лібіі. Гэтая краіна купіла ў СССР 350 баявых самалётаў, 4 тысячы адзінак бранятэхнікі, вялікую колькасьць зэнітна-ракетных комплексаў, падводныя лодкі, караблі. Пра аўтаматы і кулямёты і казаць няма чаго. То бок зброі ў Лібіі занадта шмат.
Гаворка ідзе пра адзін рэйс „ІЛ-76“, які можа перавозіць груз у 40 т. Нават аднаго танка не перавязеш.

Гаворка ідзе пра адзін рэйс „ІЛ-76“, які можа перавозіць груз у 40 т. Нават аднаго танка не перавязеш. Таму я сумняваюся, што самалёт перавозіў зброю.

Верагодна, самалёт перавозіў тэхнічных спэцыялістаў для рамонту ваеннай тэхнікі і зброі паводле старога кантракту. Плюс запчасткі. Рэйс адбыўся 15 лютага, да ўвядзеньня санкцый ААН. А потым яны былі адпраўлены назад, адсюль і рэйс зь Лібіі ў Беларусь».

Андрэй Фёдараў: «Ужо шмат разоў Беларусь абвінавачваецца ці падазраецца ў пастаўках зброі ў „гарачыя кропкі“ ці краіны, якія знаходзяцца пад міжнародным эмбарга. Праўда, пакуль ніводнае такое падазрэньне не было пацьверджанае.

Але міжнароднае рэнамэ Беларусі гэтыя абвінавачваньні сапсавалі. Беларускія ўлады дэманструюць, што ў палітыцы ў іх няма маральных абмежаваньняў».

Якую зброю можа пастаўляць Беларусь?


Карбалевіч: «У інфармацыі пра пастаўкі зброі зь Беларусі ў Кот-д’Івуар гаворка ідзе пра тры верталёты. Але вядома, што Беларусь не вырабляе верталётаў. Дык якую зброю можа пастаўляць Беларусь?»

Алесін: «У спадчыну ад СССР Беларусі засталося 59 ударных верталётаў, каля 300 баявых самалётаў, больш за 3 тысячы танкаў, больш за 3 тысячу бронетранспарцёраў баявых машын пяхоты. Паводле міжнароднай дамовы частку гэтай зброі Беларусь павінна была альбо прадаць, альбо зьнішчыць.
Гэтая зброя моцна састарэлая, яе ня хочуць купляць нават найбяднейшыя краіны.

Таму краіна актыўна гандлявала зброяй у 1990-я гады. Але цяпер гэтая крыніца вычарпаная. І потым, гэтая зброя моцна састарэлая, яе ня хочуць купляць нават найбяднейшыя краіны.

Таму цяпер Беларусь гандлюе паслугамі па мадэрнізацыі авіяцыйнай, бранятанкавай тэхнікі, радыёлякацыйнага абсталяваньня, зэнітна-ракетных комплексаў. Савецкую зброю купляла шмат краін сьвету. Многія зь іх ня маюць грошай, каб купіць новую, але гатовыя плаціць за рамонт і мадэрнізацыю.

Напрыклад, нашы кантракты з Азэрбайджанам у гэтай сфэры, паводле некаторай інфармацыі, дасягаюць 1 млрд. даляраў. Прыкладна на такую ж суму заключаныя кантракты з Вэнэсуэлай. Такія ж паслугі Беларусь аказвае Сырыі, Ірану, Казахстану».

Карбалевіч: «Наколькі верагодна вэрсія, што Беларусь прадае не сваю зброю, а расейскую, то бок выступае пасярэднікам? Нібыта РФ сама ня хоча „сьвяціцца“, беражэ сваю міжнародную рэпутацыю. А Беларусі няма чаго ўжо губляць».

Фёдараў: «Адназначна казаць цяжка, але верагоднасьць існуе. Колькі год таму гэта было больш верагодна. Бо тады цяжка было вызначыць, ці гэта беларуская, ці расейская зброя».

Ці пагражаюць краіне міжнародныя санкцыі?


Карбалевіч: «У абодвух выпадках, калі пастаўкі зброі сапраўды былі, яны адбываліся ў парушэньне міжнародных правілаў, забаронаў. Чым гэта пагражае Беларусі? Ці могуць быць уведзеныя санкцыі супраць яе?»

Алесін: «Наўрад ці ўдасца знайсьці такія доказы паставак беларускай зброі, каб Рада Бясьпекі ААН увяла санкцыі супраць Беларусі. Бо там ёсьць нашы саюзьнікі — Расея і Кітай, якія не дазволяць увесьці санкцыі.
Калі факты пацьвердзяцца, то нават Расеі і Кітаю цяжка будзе абараніць Беларусь.

Але санкцыі могуць увесьці ЗША і ЭЗ супраць асобных беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый. І тады ім будзе зачынены шлях на розныя міжнародныя выставы, канфэрэнцыі. Таму найперш гэта вялікія страты для іміджу краіны. Гэта можа пашкодзіць і інвэстыцыям у нашу эканоміку ўвогуле. Могуць быць страчаны кантракты з такімі платаздольнымі краінамі, як Турцыя, Кувэйт, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты».

Фёдараў: «Калі факты пацьвердзяцца, то нават Расеі і Кітаю цяжка будзе абараніць Беларусь, бо яны ж самі ўдзельнічалі ва ўвядзеньні санкцый супраць Лібіі і Кот-д’Івуару. Пытаньне зь Лібіяй больш важнае, бо да яе цяпер прыкавана міжнародная ўвага. А прадаваць зброю можна і праз трэція краіны, напрыклад, праз Вэнэсуэлу».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG