Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньні праваабаронцаў ня спраўдзіліся


Суд па справе Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Маўчанава

Суд па справе Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Маўчанава

Сёньня ў Фрунзенскім і Маскоўскім раённых судах Менску прайшлі паседжаньні па крымінальных справах абвінавачаных у масавых беспарадках 19 сьнежня. Два судовыя працэсы — па справах расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава — доўжыліся па адной гадзіне і перанесеныя на 10 сакавіка, слуханьні па справе Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Маўчанава працягваліся цэлы дзень. Праваабаронцы адзначаюць агульныя тэндэнцыі пры разглядзе ўсіх гэтых крымінальных спраў.

Пасьля першага судовага паседжаньня па справе расейскіх грамадзянаў Брэўса і Гапонава, калі справу адклалі да перакваліфікацыі абвінавачаньня, былі спадзевы на тое, што абвінавачваньне будзе мякчэйшае, але гэтага не адбылося, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

"Відавочна, што сьледзтва, дый суд таксама, скіраваныя на тое, каб усіх гэтых людзей прызнаць вінаватымі і асудзіць. На жаль, нашы чаканьні, што будзе перакваліфікацыя на мякчэйшы артыкул, не апраўдаліся. У абвінавачаньні пакінуты той жа самы артыкул — 293, частка 2. Відавочная яшчэ адна тэндэнцыя: у справе зьяўляюцца так званыя пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі. Мяркую, што супрацоўнікі міліцыі будуць сьцьвярджаць, што яны памятаюць, як іх білі Брэўс і Гапонаў. Хаця і папярэдняе судовае паседжаньне паказала, што там і ў двух супрацоўнікаў міліцыі супярэчаньні былі і па часе дзеяньняў, і па сутнасьці".

Прычым, людзі знаёміліся з аднымі абвінавачаньнямі, але калі працэсы пачаліся, зьявіліся іншыя. У прыватнасьці, дадалося шмат пацярпелых міліцыянтаў:

"15 чалавек адных і тых жа пацярпелі ад Гапонава, і гэтыя ж 15 пацярпелі ад Брэўса. Ня ведаю дакладна, ці ўсе 15, але шмат якія з гэтых прозьвішчаў называліся яшчэ і ў справе Мядзьведзя. І яшчэ вельмі "клясная" фармулёўка ў абвінавачаньні ў пракурора была: іншыя асобы выкарыстоўвалі сродкі, ломікі, але шкоду нанесьлі менавіта Гапонаў і Брэўс".

Бальшыня сьведкаў, якія праходзяць па справе — менавіта супрацоўнікі сілавых структур. На думку генэрал-лейтэнанта Мечыслава Грыба, сьведчаньні міліцыянтаў ня могуць быць цалкам аб'ектыўнымі:

"Калі яны ўдзельнічаюць у спыненьні беспарадкаў, яны, як мне здаецца, зьяўляюцца прадстаўнікамі аднаго з бакоў. І ў гэтай справе міліцыянт ня можа быць сьведкай. На мой погляд, яны зьяўляюцца людзьмі зацікаўленымі ў гэтай справе. Калі яны падначаленыя, яны зробяць усё, што ім скажуць. Скажуць выставіць пазовы па пакрыцьці матэрыяльнай і маральнай шкоды да абвінавачаных — яны і выставяць гэтыя пазовы. Хутчэй за ўсё, так і зробяць".

Хоць матэрыяльная шкода за разьбітыя шыбы пагашаная, пацярпелыя міліцыянты, колькасьць якіх усё павялічваецца, могуць выставіць свае грамадзянскія пазовы, перакананы і праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

"Зноўку вымалёўваюцца матэрыяльныя патрабаваньні, якія ня будуць пагашаныя прынамсі пэўны час, калі кожнаму абвінавачанаму (а іх там праходзіць па справе больш за 50) будуць выстаўленыя пазовы, то сума будзе вельмі вялікая".

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб наагул дзівіцца, што бальшыню спраў па падзеях 19 сьнежня вядзе не міліцыя, а КДБ:

"Чаму гэтай справай аб так званых масавых беспарадках (хоць я лічу, што там іх няма) займаецца не міліцыя, асноўнае расьсьледаваньне вядзе, а КДБ? І абвінавачаныя сядзяць у ізалятары КДБ. Што за гэтым усім стаіць? А ў справе тэракту, выбуху 2008 году, што адбыўся падчас канцэрту, калі па ўсіх прыкметах зразумела, што там быў тэракт, справу заводзяць па хуліганству і аддаюць яе міліцыі, а не КДБ, якое павінна весьці расьсьледаваньне па тэракту? Чаму ўсё пераблытана?"
XS
SM
MD
LG