Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У верасьні летась Магілёўскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд Ігару Мяліку, былому трэнэру джыў-джыцу, удзельніку злачыннай групоўкі, якая займалася разбоем на аўтамагістралі Гомель — Магілёў.

Як паведамляе Белта, цяпер судовы прысуд уступіў у законную сілу, касацыйныя скаргі пакінутыя без задавальненьня.

Летась разам зь Мялікам да пажыцьцёвага зьняволеньня быў асуджаны ягоны падзельнік, таксама трэнэр джыў-джыцу Аляксандар Сычоў.

Абодва асуджаныя — жыхары Гомельшчыны. Першае выкрытае сьледзтвам іх злачынства было зьдзейсьнена 25 чэрвеня 2009 году. За тры месяцы разбою яны забілі чатырох чалавек: двух грамадзянаў Расеі і двух — Малдовы.

Нядаўна прадстаўніца генпракуратуры, выступаючы па БТ, паведаміла, што прэзыдэнт адмовіў у памілаваньні яшчэ двум асобам – Андрэю Бурдыку і Алегу Грышкаўцову, асуджаным да сьмяротнага пакараньня ў траўні 2010 году.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягваюць выконвацца сьмяротныя прысуды. Прадстаўнікі Рады Эўропы заяўляюць, што ўвядзеньне мараторыя на выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі — адна з асноўных умоваў для вяртаньня краіне статусу «спэцыяльна запрошанай» у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якога Беларусь была пазбаўленая ў 1997 годзе.

Пасьля нядаўняга выкананьня ў Беларусі сьмяротных прысудаў Асамблея вырашыла замарозіць усе кантакты з краінай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG