Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч сёньня сказаў "Свабодзе", што пра палеміку, якую вядзе зь ім КДБ, ён ведае толькі праз мэдыі:

"Рэакцыю КДБ я адсочваю з мэдыяў, з камэнтарыяў прэсавага сакратара КДБ. Да мяне адтуль ніхто не зьвяртаўся, ніхто не тэлефанаваў. Але вельмі шмат тэлефанаваньняў ад грамадзянаў, ад журналістаў. У інтэрнэце шмат пішуць, вельмі шмат людзей пішуць, што яны мяне падтрымліваюць, што я мужны чалавек і што вельмі добра зрабіў, калі распавёў праўду".

Алесь Міхалевіч таксама сказаў, што ён праз дыпляматычныя каналы перадаў скаргу на катаваньні ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў:

"Буду адсочваць яе лёс. Вельмі спадзяюся, што Ўпаўнаважаны па пытаньнях катаваньняў вельмі хутка прыме рашэньне, каб правесьці праверку ўтрыманьня зьняволеных у Сьледчым ізалятары КДБ".

Былы кандыдат на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Беларусі сказаў "Свабодзе", што ён не баіцца помсты з боку КДБ. Ён выходзіць на вуліцу, праводзіць шмат сустрэч. "Адзінае — я цяпер сам не саджуся за руль аўто" — сказаў Алесь Міхалевіч.

28 лютага Алесь Міхалевіч на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што вымушаны быў падпісаць заяву пра супрацоўніцтва з КДБ. Толькі на гэтых умовах яго вызвалілі з турмы КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Міхалевіч назваў гэтую турму канцлягерам у цэнтры Менску, дзе адбываюцца катаваньні.

Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў Інтэрфаксу, што гэтыя выказваньні не адпавядаюць рэчаіснасьці і ім нельга верыць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG