Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судны дзень за Плошчу. Онлайн-рэпартаж


1 сакавіка ў Менску праходзілі адразу тры працэсы над удзельнікамі падзей 19 сьнежня. Фрунзенскі суд Менску пачаў разглядаць справу Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава. Суд працягнецца 2 сакавіка а 10-й раніцы. У судзе Маскоўскага раёну працягваўся працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. Тамсама пачаўся разгляд справы прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя. У справе Гапонава-Брэўса і Мядзьведзева абвешчаны перапынак да 10 сакавіка.

Перайсьці ў пачатак онлайн-рэпартажу.




Суды за Плошчу

Эніра Браніцкая
Хаду працэсу над Атрошчанкавым, Новікам і Малчанавым камэнтуе праваабаронца Эніра Браніцкая.

«Па справе Аляксандра Атрошчанкава няма зусім нічога. Ён не прызнае сваю віну. Няма сьведкаў таго, што ён наносіў удары. Гэтага няма і на відэа. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што ён запомніў Сашу з-за вялікага росту і шапкі.

Малчанава вінавацяць у зьдзеку над дзяржаўнымі сымбалямі. Ягонае злачынства ў тым, што ён сарваў сьцяг. Ён гэта прызнае. Супрацоўнікі КДБ кажуць, што дзеяньні Малчанава зафіксавалі камэры назіранья. Але ў судзе не паказалі гэтыя здымкі. Ён толькі сарваў сьцяг. Праз 30 хвілінаў сьцяг павесілі на старое месца. Малчанаў таксама прызнае, што наносіў удары.

Удары, якія нібыта наносіў Новік, мы ня бачылі на відэа.

Ніхто са сьведкаў-міліцыянтаў не казаў пра падпалы і ўзброены супраціў. Яны казалі, што ў некаторых дэманстрантаў былі вуды, на якія начэпліваюцца нацыянальныя сьцягі. Гэта значыць была стандартная акцыя.

Сьведкі-міліцыянты таксама прызгаюць, што, магчыма, у дэманстрантаў было жаданьне трапіць у будынак Дому ўраду, але масавых беспарадкаў пры гэтым не было.

Мяне дзівяць дзеяньні міліцыі. Яны кажуць, што падзеі на ганку Дома ўраду доўжыліся прыкладна 40 хвілінаў. Было дзьве хвалі. Міліцыя спыніла першую хвалю. Чакала. Пасьля пайшла другая хваля. І яны яшчэ чакалі некалькі хвілінаў перад тым, як спыніць дэманстрантаў. Чаму супрацоўнікі міліцыі не спынілі дэманстрантаў на самым пачатку? Гэта вельмі вялікае пытаньне».

Праваабаронца Алена Танкачова дзеліцца ўражаньнямі ад першага дня суду над Атрошанкавым, Новікам і Малчанавым:

«Усё, што тычыцца абвінавачваньняў у папярэдняй змове групы асобаў і ва ўзброенай барацьбе, не знайшло сёньня доказаў у судзе. Гэта не пацьвярджаецца ні паказаньнямі сьведкаў, ні паказаньнямі абвінавачаных, якія нават не былі паміж сабой знаёмыя. Гэта асноўны вынік першага дня паседжаньня.
Усё, што тычыцца абвінавачваньняў у папярэдняй змове групы асобаў і ва ўзброенай барацьбе, не знайшло сёньня доказаў у судзе.

З паказаньняў супрацоўнікаў МУС не вынікае, што абвінавачаныя дзейнічалі па змове. Гэтыя сьведкі таксама не паказваюць, што ўдзельнікі акцыі былі настроеныя агрэсіўна. Акрамя пашкоджанай маёмасьці іншых сьведчаньняў няма. Але Галоўная гаспадарчая ўправа Адміністрацыі прэзыдэнта адклікала грамадзкі пазоў за матэрыяльныя страты, бо ім усё кампэнсавалі.

Шмат пытаньняў узьнікае да віэаздымкаў, якія прадстаўленыя ў судзе ў якасьці доказаў. Яны не суправаджаюцца хранамэтражом часу. Таму дакладна нельга вызначыць, што калі адбывалася. А гэта вельмі істотна, каб суд якасна разабраўся ў справе.

Заўтра судзьдзя працягне вывучаць матэрыялы справы. У судзе апытаюць іншых сьведак. Цяжка сказаць, колькі працягнуцца спрэчкі бакоў. Улічваючы хуткацечнасьць суду над Васілём Парфянковым, пакуль складана казаць, наколькі суд прасунецца ў гэтай справе за 2 сакавіка».

17.25 У судзе абвесьцілі перапынак да 10.00 2 сакавіка.

Апошняе відэа ў судзе дагледзець не змаглі. Судзьдзя заявіла, што сапсаваўся відэазапіс і перанесла суд на 2 сакавіка.

17.00 Ідзе прагляд трэцяга відэа з Плошчы. Атрошчанкаў пазнаў сябе ў натоўпе, калі судзьдзя спыніла кадар і запыталася: «Ці гэта вы?»

16.50 Падчас прагляду відэаздымак падзеяў ля Дома ўраду Малчанаў прызнаў сябе ў кадры, калі ён біў шыбы.
У якасьці зброі бачыў толькі вуды, на якіх апазыцыянэры носяць сьцягі.


16.45 Паказваюць другую стужку. На ёй зафіксаваныя дзеяньні кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага на плошчы: яго выступы, інтэрвію, заклікі. Людзей, якіх судзяць сёньня, заўважыць на відэа цяжка.

16.20 Малчанаў прызнаў, што гэта ён размахваў сьцягам, забраўшыся на трактар. На відэа шмат кадраў, якія ўжо паказвалі па БТ.

16.15 Допыты сьведкаў скончаныя. Пачынаюць вывучаць відэаматэрыялы. Манітор вельмі малы. Прадстаўніца абвінавачваньня кажа, што на відэазапісе зафіксаваныя дзеяньні Малчанава.

16.00 Сьведка-міліцыянт, адказваючы адкавату: падпалаў не было, узброенага супраціву таксама: «У якасьці зброі бачыў толькі вуды, на якіх апазыцыянэры носяць сьцягі».

15.31 Наступны сьведка Мікалай Шаўко з ГУУС Менска.

19 сьнежня Шаўко таксама займаўся апэратыўнымі відэаздымкамі на Кастрычніцкай і Плошчы Незалежнасьці. «Чуў як Статкевіч заклікаў ісьці да дому ўраду», — заявіў ён.
Чуў як Статкевіч заклікаў ісьці да дому ўраду


У сьведкі падчас шэсьця вырвалі з рук камэру і разьбілі аб асфальт. Тады яму далі новую камэру і ён працягваў запіс ля Дому ўраду. Ён спыніўся ля дзьвярэй. Там разьбівалі вокны.

Сьведка апазнаў Атрошчанкава, што той быў ля Дому ўраду, але не ў першых шэрагах: разганяў натоўп, якія прарываўся.

15.02
Наступны сьведка — Дзяніс Антонаў, 1976 году нараджэньня. Супрацоўнік ГУУС Менгарвыканкама. Сьведка кажа, што быў у групе дакумэнтаваньня, рабіў відэаздымкі падзеяў з 20 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы.
Асаблівай агрэсіі на Кастрычніцкай плошчы не было, звычайны мітынг


Сьведка апісвае храналягічна падзеі вечара 19 снежня: збор, мітынг, рух натоўпы па праспэкце Незалежнасьці, прыход на Плошчу незалежнасьці, мітынг і падзеі на ганку Дома ўраду.

«Асаблівай агрэсіі на Кастрычніцкай плошчы не было, звычайны мітынг».

Кажа, што ў часе шэсьця рух транспарту па праспэкту быў перакрыты, ДАІ спрабавала аднавіць яго, але дэманстарнты не зьвярталі ўвагі.

Спачатку я знаходзіўся каля кандыдата Саньнікава, а потым каля дома ўраду. «Калі пачалі біць шкло, я фіксаваў гэта на камэру».

Кажа, што мітынгоўцы спачатку білі шкло, а потым спрабавалі ўвайсьці ў Дом ураду, выламалі дзьверы, выцягнулі адзін стол на вуліцу.

Нехта з натоўпу зьбіраўся прабіцца ў будынак. Твары бачыў і на здымках ёсьць. Кажа, што бачыў Атрошчанкава, які разганяўся разам з натоўпам, калі некалькі чалавек спрабавалі зьнесьці загародку.

Кажа, што бачыў таксама Новіка, які спрабаваўся прарвацца ў будынак. Малчанава згадаць ня змог.

Сказаў, што Атрошчанкаў ня быў у першых шэрагах, а крыху далей.

Кажа што натоўп разганяўся 2-3 разы «спакойным бегам».

Канкрэтна Атрошчанкаў не датыкаўся да загародкі.

«Я наагул ня бачыў, каб хтосьці пацярпеў фізычна на плошчы».

14:48
Наступны сьведка прыйшоў у вайсковай форме — Валянцін Казыра, 1982 года нараджэньня, таксама супрацоўнік КДБ. Казыра 19-га сьнежня таксама дзяжурыў у КДБ. Яго таксама распытваюць пра эпізод з сарванымі сьцягамі і відэазапісы гэтага інцыдэнту.

Сьведка паказаў: 21.09 пачаўся рух ад Палаца рэспублікі. У 21.12 на прыступках будынку КДБ сталі рэпартэры. У 21.17 адзін малады чалавек падбег зьняў сьцяг зь левай калоны, кінуў на зямлю, яго нехта падсажваў. А потым той жа зрабіў спробу зьняць сьцяг з правай калёны, яго не зламалі, але некалькі разоў аб землю ўдарылі.

Кажа, што ён з Палюховічам зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг і вярнулі ранейшы. Сьцяг пашкоджаны.

Усе падзеі ён назіраў на маніторы камеры назіраньня. Сьведка апазнаў, што сьцягі зрываў менавіта Малчанаў.

14.36
Наступны сьведка — Віталь Палюховіч, 1984 году нараджэньня, супрацоўнік КДБ.
Боек не было, бутэлькі не кідалі… Самога інцыдэнту з дзяржаўным сьцягам ня бачыў


Паведаміў, што 19-га сьнежня ён быў у дзяжурным нарадзе па КДБ. Паведаміў, што дзяржаўныя сьцягі знаходзіліся на калонах цэнтральнага ўваходу будынку КДБ. Ён ахоўваў унутраны пэрыяд і фасад будынку КДБ.

«19-га сьнежня вялікая колькасьць людзей ішла з боку праспэкту да Пэдінстытуту. І каб не правакаваць інцыдэнтаў, усе супрацоўнікі КДБ пайшлі ўнутар будынку КДБ.

Я назіраў некаторыя моманты праз вокны. Боек не было, бутэлькі не кідалі. Штосьці крычалі, былі супрацоўнікі СМІ. Самога інцыдэнту з дзяржаўным сьцягам ня бачыў. Пазьней бачыў гэты момант толькі на відэаздымцы з камэры назіраньня. Было бачна, ня вельмі дакладна, а але бачна, што хтосьці з маладах хлопцаў зьняў дзяржаўны сцяг і павесіў палатно зь бел-чырвона-белай сыміболікай».

Нейкіх дзеяньняў зь у дачыненьні да дзяржаўных сцягоў сьведка ня бачыў.

Сьведка не заўважыў, хто павесіў бела-чырвона-белы сьцяг, ці той самы, хто зьняў.

Што дэманстранты рабілі са зьнятымі сцягамі, сьведка ня бачыў.

Сьведка сказаў, што менавіта ён па загадзе кіраўніцтва пайшоў зьняць бел-чырвона-белы сьцяг. Павесіў дзяржаўныя сьцягі на папярэдняе месца.

Падрабязна апісвае адзеньне таго хто зьняў сьцяг: «Меў чорную шапку зь белымі фрагментамі». Кажа, што той, хто вешаў нацыянальны сьцяг, атрымліваў нібыта нейкія ўказаньні па тэлефоне.
14.27
Дапытваюць наступнага сьведку, беспрацоўнага Валянціна Прытыку з Барысава. Прытыка сказаў, што даўно ведае Малчанава, са школы, мае зь ім сяброўскія адносіны. Абвінаваўца зноў распытвае пра палітычныя погляды Малчанава, сьведка нічога ня можа сказаць.
Бачыў толькі па тэлебачаньні відэа з Плошчы, але Малчанава на ім не заўважыў


Сьведка кажа, што Малчанаў казаў яму што зьбіраецца 19-га паехаць у Менск пагуляць. «Без паняцьця, не памятаю»,— так адказвае сьведка на большасьць пытаньняў абвінаваўцы. «Ужо даўно было».

Не памятае таксама, ці тэлефанаваў яму Малчанаў з Плошчы 19-га: «Пра Плошчу 20-га студзеня мы не гаварылі, відэа ён мне не паказваў».

«Бачыў толькі па тэлебачаньні відэа з Плошчы, але Малчанава на ім не заўважыў».

Абвінаваўца кажа, што ў ходзе папярэдняга следзтва сведка даваў іншыя паказаньні.

У пратаколе занатавана, што ён адгаворваў Малчанава ехаць на плошчу.

14.25
Сьведка ня мае ніякіх зьвестак, што Малчанаў 19-га быў нецьвярозы.

14.22 Прадстаўніца абвінавачваньня запыталася Сазонава, як Малчанаў у размове зь ім ацэньваў свае дзеяньні на Плошчы. Сазонаў адказаў: «Ён потым шкадаваў, казаў, што за ім могуць прыйсьці з КДБ».

Сам Малчанаў патлумачыў, што ён паказваў Сазонаву відэа з YouTube.

14.20
Сазонаў бачыў таксама відэа, як Малчанаў махаў нацыянальным сьцягам.

14.15 20 сьнежня Сазонаў сустрэўся з Малчанавым зноў і той расказаў яму пра падзеі ў Менску, пабітыя шыбы ў Доме ўраду. Малчанаў паказаў Сазонаву відэа з Плошчы, на якім зафіксаваны Малчанаў, які біў дзьверы Дома ўраду. Сьведка кажа, што Малчанаў патлумачыў яму мэту акцыі — дамагацца новых выбараў, зьвергнуць дзейны ўрад.

14.05 Працэс аднавіўся. Дапытваюць 5 сьведак. Першым дапытваюць сьведку Сяргея Сазонава, студэнта з Барысава, сябра Малчанава. Сазонаў паведаміў, што Малчанаў раней быў у арганізацыі «Зубр». Прадстаўніца абвінавачваньня распытвае сьведку пра палітычныя погляды Малчанава. Сазонаў паведаміў, што Малчанаў яму тэлефанаваў 19-га з Плошчы, але ніякай канкрэтыкі не казаў.

13.05 У судзе над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым абвешчаны перапынак.


Дзьмітры Новік
12.30
Пачаўся допыт Зьмітра Новіка.

«19 сьнежня я быў на Кастрычніцкай плошчы каля 19 гадзіны. Я ведаў, што там будзе мітынг, я раней не прымаў у іх удзелу і хацеў пабачыць, што гэта такое. Даведаўся са СМІ, з інтэрнэту ў першую чаргу. Агучваліся ў СМІ розныя мэты мітынгу — у тым ліку чаканьне афіцыйных вынікаў выбараў. Я ня ведаў, ці дазволены гэты мітынг».

«На плошчы Незалежнасьці людзі паводзілі сябе мірна. Ніякага намеру захапіць Дом ураду ў людзей не было».

«Гэта была акцыя пратэсту. АМАП пачаў адсякаць людзей. Я ня бачыў, як ламалі дзьверы».

«Калі я апынуўся ля Дома ўраду, дзьверы аказаліся пабітымі».

«Людзі паводзілі сябе мірна. Натоўп ня быў агрэсіўным. Была ў людзей эўфарыя. На 15 сэкундаў я падбег да ўваходу і стункуў нагамі па загародцы. Пазьней супакоіўся і вырашыў сысьці, бо зразумеў, што АМАП будзе разганяць, і зрабілася небясьпечна».

«10 разоў я ўдарыў нагой у загародку і 2-3 разы штурхнуў яе рукамі. Цяпер мне сорамна за гэта. Гэта было неабдумана. У мітынгу нічога кепскага не было. Гэта была мірная акцыя».

Новік сказаў, што быў кіроўцам у амбасадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

«Намеру зьнішчыць дзьверы не было. Біў па сталах і загародцы, якія не былі пашкоджаныя. А дзьверы былі разламаныя і раней».


12.25 Адвакат папрасіў далучыць да справы рэкамэндацыйны ліст, які пацьвярджае, што на момант знаходжаньня на Плошчы Атрошчанкаў супрацоўнічаў зь міжнародным інфармацыйным парталам Delfi.Судзьдзя далучыла дакумэнт да справы.

Аляксандар Атрошчанкаў
11.48
Пачынаецца допыт Атрошчанкава. З абвінавачаным Малчанавым Атрошчанкаў зусім не знаёмы. З Новікам бачыўся да таго адзін раз падчас выбарчай кампаніі — пагаварылі пра выбары, збор подпісаў. Гэта быў кароткі эпізод.

Абвінавачваньне: «Зь якой мэтай прыйшлі на Плошчу?»

Атрошчанкаў: «Я прыйшоў, каб прысутнічаць на мітынгу. Прэзыдэнцкія выбары — вельмі значная падзея, і я прыйшоў як журналіст асьвятляць гэты мітынг».

Абвінавачваньне: «Ці вядома вам было, якая мэта мітынгу?»
Атрошчанкаў: Я ведаў, што кандыдаты на прэзыдэнта плянуюць мірную акцыю…

Атрошчанкаў: «Я ведаў, што там будуць кандыдаты на прэзыдэнта. Я ведаў, што кандыдаты на прэзыдэнта плянуюць мірную акцыю».

Абвінавачваньне: «Ці можна назваць гэта акцыяй пратэсту?»


Атрошчанкаў: «Ня ведаю».

Аднак Атрошчанкаў прызнаў, што там былі людзі, нязгодныя з Лукашэнкам. Як журналіст ён хацеў асьвятляць, што адбывалася на плошчы.

Як прэсавы сакратар ён са СМІ кантактаваў больш у тэхнічным ключы, арганізоўваў інтэрвію Андрэя Саннікава, сваіх камэнтароў не даваў. «Я нікога не заклікаў прыйсьці на мітынг», — заявіў Атрошчанкаў.

Распавядае, што асабіста рабіў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці: «Там былі ўсе апазыцыйныя кандыдаты, апрача Някляева. Зьмест іх выступаў згадаць не магу».

«Я назіраў за тым, як білі. Сам стаяў ля помніка Леніну і стараўся стрымліваць журналістаў, якія хацелі падняцца да кандыдатаў, каб не было цісканіны.

Спробаў адкрыць забарыкадаваныя дзьверы я ня бачыў. Ніякіх прадметаў у руках людзей, якія білі дзьверы, ня бачыў.

Пазьней разам з натоўпам падыйшоў да будынка Дома ўраду.

Калі выскачылі спэцназаўцы, я знаходзіўся ля ганку Дома ўраду».

Судзьдзя: «Ці сам натоўп пайшоў да Дома ўраду, ці заклікалі?»

Атрошанкаў: «Я ня чуў такіх заклікаў… Я не прымаў удзелу ў масавых беспарадках. Для мяне нават сумнеўна, што там былі беспарадкі. Не было ніякіх падпалаў, не было супраціўленьня міліцыі. Было толькі разбіта некалькі шыбаў… Калі пачаўся разгон, тады я пакінуў плошчу Незалежнасьці».

«Калі натоўп рушыў на дзьверы з крыкамі: „Раз! Два! Тры!“, я выйшаў з гэтага натоўпу. Ніякіх прадметаў у руках людзей ня бачыў. Ніякіх актыўных дзеяньняў я не рабіў. Стаяў і назіраў… Я ніякіх удараў не наносіў. Актыўных дзеяньняў там ня вёў».

«Супрацоўнікі міліцыі ніяк не перашкаджалі шэсьцю, толькі кардон супрацоўнікаў ДАІ, які я лёгка абышоў. Ля Дома ўраду я ня чуў заклікаў міліцыі разысьціся».


Аляксандар Малчанаў
11.09
Пачаўся допыт Малчанава.

Абвінавачваньне: «Зь якой мэтай прыехаў 19-га ў Менск?»

Малчанаў: «Я прыехаў у Менск, каб прыняць удзел у дэманстрацыі».

А.: «Калі вырашылі?»

М. «Я ведаў пра яе задоўга, а канкрэтнае рашэньне прыняў за дзень да пачатку… Я ня згодны з палітыкай дзейнага прэзыдэнта, хацеў далучыцца да людзей, якія таксама ня згодныя… Даведаўся пра мітынг са СМІ, мой прыезд быў маёй асабістай ініцыятывай… Прыбыў у Менск на машыне зь дзьвюма іншымі асобамі».

Далей распавядае, што рабіў у Менску да Плошчы:

«Калі людзі пайшлі ў бок плошчы Незалежнасьці, я згубіў хлопцаў, зь якімі прыехаў, і ішоў адзін у натоўпе. Ля будынка КДБ я сарваў 2 дзяржаўныя сьцягі, залезшы на калёну. Я нічога не скандаваў. Людзі скандавалі: „Пара мяняць лысую гуму“.

Я быў упэўнены, што мітынг пройдзе мірна, выступяць людзі, ня будзе ніякіх разгонаў і пагромаў, выступяць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты.
Малчанаў: Калі праходзілі праз КДБ, хтосьці сказаў, што каб я быў вышэйшы, то сарваў бы гэтыя сцягі, а мне рост дазваляў, і я падбег, сарваў…

Калі праходзілі паўз КДБ, хтосьці сказаў, што каб я быў вышэйшы, то сарваў бы гэтыя сцягі, а мне рост дазваляў, і я падбег, сарваў. У мяне была эўфарыя, ніякай агрэсіі. Пачуў прапанову, а пра яе сутнасьць не задумваўся. Вялкі шумны натоўп, усе радасныя, і гэты настрой перадаўся мне. Кінуў два дзяржаўныя сьцягі на зямлю, бо не зьбіраўся іх несьці далей.

Далей пайшоў на плошчу Незалежнасьці, залез на снегаўборачны трактар, памахаў зь яго бел-чырвона-белам сьцягам. Я пабачыў, што вельмі шмат людзей, ня бачна было ні пачатку калёны, ні канца».

Прызнаў, што адзін ці два разы штурхнуў дзьверы Дома ўраду. Пачуў заклік спыніць правакацыі і адышоў ад дзьвярэй. Потым падышоў зноў разам з натоўпам паглядзець, што там адбываецца, пачуў гук шкла, якое б’ецца. Нанёс некалькі ўдараў па драўляных шчытах, якія закрывалі дзьверы.

Абвінавачваньне: «Зь якой мэтай наносілі удары?»

Малчанаў: «Гэта быў эфэкт натоўпу. Я ня думаў пра гэта, зь якой мэтай гэта раблю. Была пэўная эўфарыя. Я закінуў за агароджу скол шкла, каб ён не траўмаваў людзей. Думаў, што там за загародкай няма людзей. Пазьней я пабачыў, што там ёсьць супрацоўнікі міліцыі.

Калі я падняўся на дзьверы, каб паглядзець, што там, дзьверы былі ўжо адчыненыя. Пабачыў кандыдата Рымашэўскага, які спрабаваў спыніць натоўп. Пасьля Плошчы пайшоў на чыгуначны вакзал і сеў на электрычку ў Барысаў. Гэтых людзей, зь якімі ў адным працэсе, я ня ведаў раней.

На сёньняшні момант ацэньваю свае дзеяньні — гэта была памылка, беспарадкі і хуліганства і ў іх ня варта было браць удзел. Зараз я шкадую, што прыняў у гэтым удзел».

На пытаньне адваката Санковіча Малчанаў адказаў, што ня чуў патрабаваньняў міліцыі на плошчы Незалежнасьці. Толькі ўжо падчас разгону пачуў іх патрабаваньні разысьціся.

11.06 Малчанаў сваю віну прызнаў цалкам. Новік — прызнаў часткова.

11.04 Атрошчанкаў віну не прызнаў цалкам. Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў дапытаць спачатку Малчанава, Атрошчанкава, Новіка, сьведкаў і разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы.

Атрошчанкаў
абвінавачваецца ў тым, што дзейнічаў у складзе натоўпу, узяў актыўны ўдзел у масавых беспарадках. У 22.15 ён узгоднена з Малчанавым і Новікам спрабаваў з ужываньнем фізычнай сілы трапіць у Дом ураду. Нанёс ня менш як адзін удар.

11.02 Новіка вінавацяць у тым, што ён разам з натоўпам прымаў актыўны ўдзел у масавых беспарадках з узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Каля 22 гадзіны разам з Малчанавым і Атрошчанкавым спрабаваў незаконна прайсьці ў Дом ураду. Нанёс ня менш як 21 удар па дзьвярах.



11.30 Расейская амбасада ў Беларусі лічыць абвінавачаньні Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву надуманымі і патрабуе іх вызваленьня.

«Пазыцыя амбасады палягае ў тым, што мы лічым абвінавачваньні Брэўсу і Гапонаву надуманымі і лічым, што яны павінны быць вызваленыя», — заявіў журналістам у аўторак у Менску дарадца расейскай амбасады Вадзім Гусеў.

«Мы настойваем на вызваленьні расейскіх грамадзян. Наша пазыцыя па гэтым пытаньні не мяняецца. Яна была неаднаразова выказаная міністрам замежных спраў Расеі і вышэйшым кіраўніцтвам краіны», — сказаў Гусеў.

11.00 Працэс над менскім прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем у Маскоўскім раённым судзе перанесьлі на 10 сакавіка ў сувязі з новым абвінавачаньнем.



11.00 Прадстаўнік абвінавачаньня кажа, што Малчанаў быў п’яны і дзейнічаў таксама ў згодзе з Атрошчанкавым і Новікам. З ужываньнем фізычнай сілы незаконна спрабаваў трапіць у Дом ураду.

10.59 Зачытваецца абвінавачваньнне Малчанаву: за абразу дзяржаўных сымбаляў. Нібыта сарваў з будынка КДБ два сьцягі.

10.58 Суд адмовіўся зьмяніць Новіку меру стрыманьня.

10.50 У судзе над Гапонавым і Брэўсам паседжаньне суду адклалі да 10-га сакавіка, каб абарона магла падрыхтавацца. Хадайніцтва адвакатаў адхілілі, Брэўс і Гапонаў застаюцца пад вартай.

10.45 Прозьвішчы міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі ад дзеяньняў Брэўса і Гапонава: Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Комар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў. У суд прад’яўлены пратаколы іхніх допытаў, пастановы аб накіраваньні іх на мэдычныя экспэртызы

10.45 Адвакат Новіка выступіла з хадайніцтвам пра зьмену меры стрыманьня. Суд пайшоў у пакой для нарадаў.

10.45 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Паколькі грошы за матэрыяльныя страты былі выплачаныя, пазоўнік — Гаспадарчае ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта — адмовіўся ад матэрыяльных прэтэтнзіяў.

10.38 У судзе Маскоўскага раёну пракурор абвінавачвае Дзьмітрыя Мядзьведзя ў збройным супраціве і гвалтоўных дзеяньнях супраць некалькіх міліцыянтаў. Імкнуўся прарваць ачапленьне, наносіў удары нагамі. Таксама яму прад’яўлены пазоў.

Абвешчаны 20-хвілінны перапынак у зьвязку з тым, што яму перакваліфікавалі абвінавачаньне. Цяпер яно больш дэталёва сфармуляванае. Нібыта ён карыстаўся мэталічнымі прутамі, бутэлькамі з запальнай сумесьсю, нанёс фізычную шкоду прыкладна 10 міліцыянтам.

10.35 Аляксандра Малчанава вінавацяць у абразе дзяржаўных сымбаляў і ўдзеле ў масавых беспарадках. Зьмітра Новіка і Аляксандра Атрошчанкава — ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

10.30 На судзе над Брэўсам і Гапонавым абвешчаны маленькі перапынак на 10 хвілін. Адвакаты заявілі хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня, матывуючы гэта тым, што абвінавачаныя раней не былі судзімыя. Пракурор выступіў супраць.

Новае абвінавачаньне Брэўсу і Гапонаву — фактычна тое самае: ва ўдзеле ў масавых беспарадках, толькі цяпер да яго далучаныя пацярпелыя міліцыянты. Не апраўдаліся прадказаньні, нібыта расейцам выставяць мякчэйшае абвінавачаньне.



10.30 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Судзьдзя выйшла ў дарадчы пакой, каб вынесьці пастанову, ці спыняць разгляд пытаньня пра матэрыяльную шкоду, паколькі тая была раней выплачаная. Перапынак у працэсе.

10.25 У судзе над Брэўсам і Гапонавым пракурор хадайнічае аб далучэньні да справы дакумэнтаў аб 15-ці пацярпелых міліцыянтах.

10.24 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Судзьдзя Тацяна Чаркас у сувязі з тым, што грамадзкі пазоўнік у суд не зьявіўся, вырашыла пачаць безь яго. Прадстаўніца абвінавачаньня — Маладцова, адвакаты — Быліна, Станковіч, Мушынскі.

10.22 У судзе Маскоўскага раёну пачаўся працэс над менскім прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем. Судзьдзя Алена Рудніцкая, адвакат Сяргей Лепеш, прадстаўнік абвінавачваньня спадар Мазоўка.

10.21 Пачалося паседжаньне суду над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Іх судзяць у адным працэсе.Судзьдзя высьвятляе асобы падсудных. Відэа- і фотаздымка забароненая.

10.16 На судзе паведамілі, што Брэўс і Гапонаў падпісаліся, што азнаёміліся з новым абвінавачаньнем

10.15 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. У залі прысутнічаюць дыпляматы ЗША, Латвіі, Чэхіі ды іншых краінаў. Шмат ахвотных у залю суду не патрапілі, бо няма месцаў. Частка людзей стаіць у калідоры.

10.13 Менскага прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя даставілі ў залю суду Маскоўскага раёну. Там забаранілі відэа- і фотаздымкі.

10.10 Пачаўся працэс над Брэўсам і Гапонавым. Пракурор зачытвае сьпіс пацярпелых міліцыянтаў, іх больш за 10 чалавек. Паводле пракурора, Брэўс і Гапонаў нібыта ў гэтым бралі ўдзел, білі нагамі міліцыянтаў.

10.00 У судзе Фрунзенскага раёну, дзе будзе праходзіць суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, увесь трэці паверх і лесьвіцы забітыя людзьмі, месцаў у залі пасяджэньняў ужо няма. Сярод прысутных — Аляксандар Мілінкевіч.

Чарга ў судзе Фрунзенскага раёну. Фота Facebook. Ц.Дранчук

9.55 У Маскоўскім раённым судзе сёньня працягнецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. У залю запусьцілі журналістаў і праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці. Прысутнічаюць усе асноўныя расейскія тэлеканалы, прадстаўнікі расейскай амбасады ў Менску, шмат праваабаронцаў, журналістаў, якім дадзена магчымасьць зрабіць відэа-і фотаздымкі да пачатку працэсу. Праваабаронцы не выключаюць, што абарона можа запатрабаваць некалькі дзён для вывучэньня матэрыялаў і падрыхтоўкі сваёй пазыцыі.

9.40 У Фрунзенскім судзе для працэсу выдзелілі маленькую залю, усяго на 36 месцаў. Перад уваходам у залю сабралася даволі шмат «людзей у цывільным», маладых коратка стрыжаных хлопцаў, якія могуць заняць пэўную частку месцаў у залі. Пакуль у залю прапускаюць сваякоў.

У Маскоўскім судзе працягнецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. Жыхароў Менску Гапонава і Брэўса, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі, пачалі судзіць 22 лютага. Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, калі прысутныя ў залі суду чакалі прызначэньня судовых спрэчак, прадстаўнік абвінавачаньня нечакана ўзяў перапынак да 1 сакавіка, каб падрыхтавацца да вылучэньня новых абвінавачаньняў.

Таксама ў Маскоўскім судзе будуць судзіць менскага прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя.

У Фрунзенскім судзе судзьдзя Тацяна Чаркас будзе весьці працэс над прэсавым сакратаром Андрэя Саньнікава Аляксандрам Атрошчанкавым, а таксама над Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым.

Маці Малчанава Галіна Андрэеўна жыве ў Барысаве. Зьміцер Новік — з Баранавічаў.

Прэсавы сакратар штабу Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў — найбольш вядомая з усіх падсудных асоба. Пра Атрошчанкава згадвалася і ў прапагандысцкім фільме БТ «Жалезам па шклу». Паведамлялася, што ён нібыта ўдзельнічаў у штурме ўваходу Дома ўраду.
Аляксандар Атрошчанкаў
Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.

У 2001—2006 гг. быў сябрам арганізацыі "Зубр", браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.

Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 — прэсавым сакратаром штабу Андрэя Саньнікава.

Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца паводле артыкула 293 КК.
Дзьмітры Новік
Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).
Аляксандар Малчанаў
Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў "зуброўцам". Вучыўся ў вечаровай школе і на курсах маляроў. Потым паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Менску.

Пасьля акцыі пратэсту на Плошчы быў затрыманы 6 студзеня ў сябе дома ў Барысаве. Яму выстаўленае абвінавачаньне па справе аб масавых беспарадках.
Дзьмітры Мядзьведзь
Нарадзіўся 16 студзеня 1960 году ў Менску. Скончыў БНТУ. Паводле спэцыяльнасьці — інжынэр-энэргетык. Зь нядаўняга часу меў уласны дробны бізнэс, фірма займалася ў асноўным рамонтнымі працамі. Дома яго чакаюць жонка Тацьцяна і сын, які нарадзіўся летась 16 студзеня.

Быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і асуджаны на 10 сутак, пасьля адбыцьця якіх затрыманы зноў, ужо ў рамках крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG