Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 сакавіка ў менскай страўні "Камяніца" адбудзецца штогадовая цырымонія ўручэньня ўзнагародаў "Experty.by". Найлепшыя беларускія альбомы 2010 году ў розных намінацыях вызначаць беларускія і замежныя музычныя крытыкі.

Праект "Experty.by" распачалі ў 2008 годзе чатыры беларускія музычныя крытыкі — Зьміцер Бескаравайны, Сяргей Будкін, Алег Клімаў і Зьміцер Падбярэзскі. Кожны зь іх ставіць сваю ацэнку дыску, потым вылічваецца сярэдні бал, і такім чынам вызначаюцца пераможцы. Кіраўнік праекту Зьміцер Безкаравайны пагадзіўся падзяліцца таямніцай, хто сёлета выйшаў у фінал:

"Асноўная барацьба за званьне лепшага альбому году разгарнулася паміж альбомам "Рух" гурту "Дзецідзяцей" і "Афтары праўды" гурту "Нэйра Дзюбель".

Карэспандэнтка: "Але ж ужо "Дзецідзяцей" як гурту няма...

"Так, гурту няма, але ж альбом ёсьць".

Карэспандэнтка: "А чым адметнай будзе гэта цырымонія? Можа, зьявяцца новыя намінацыі ці чагосьці ня будзе?"

"Мы за тое, каб сыстэма ўзнагародаў была пастаяннай, каб правілы гульні не зьмяняліся кожны год. Інакш нельга будзе параўнаць вынікі розных гадоў, зразумець нейкія тэндэнцыі, хто і за што сапраўды быў лепшым".

Карэспандэнтка: "Але ж, кажуць, што ня будзе намінацыі "Лепшы поп-альбом". Ужо няма ў Беларусі поп-музыкі?"

У гэтым годзе проста, на жаль, не было нейкіх альбомаў адметных, якія б набралі хаця б 6 балаў з 10 максымальных
"У гэтым годзе проста, на жаль, не было нейкіх альбомаў адметных, якія б набралі хаця б 6 балаў з 10 максымальных. Мы ж ня можам уручаць узнагароды за тое, што проста нехта выдаў альбом. Павінна прысутнічаць досыць высокая якасьць. Спадзяемся, што ў будучым гэта становішча выправіцца, бо добрая менавіта беларуская поп-музыка сапраўды патрэбна".

Карэспандэнтка: "А намінацыя "Лепшы беларускамоўны альбом" захавалася?"

"Безумоўна будзе, так".

Найлепшым поп-альбомам 2009 года быў прызнаны "Taboo" гурту "Atlantiсa". Сёлета крытыкі адслухалі 44 альбомы. Летась іх было 60. Але нічога адметнага ў жанры поп-музыкі не заўважылі. Вось меркаваньне Зьміцера Падбярэзскага:

"Летась былі альбомы, сярод якіх можна было вызначыць лепшы. А сёлета, відаць, нашы поп-выканаўцы нічога новага выбітнага ня выдалі. Таму і намінацыі няма. Як, напрыклад, не было намінацыі "Лепшы альбом фальклёрнай музыкі”, таму што быў выдадзены толькі адзін альбом фольк-музыкі. Сёлета такіх альбомаў выдадзена тры, таму гэта намінацыя вярнулася".

1 сакавіка будзе названы лепшы альбом году паводле вэрсіі экспэртаў з краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь (летась прыз атрымаў альбом "Dip" гурту "Port Mone").

У намінацыі "Прыз народных экспэртаў" будзе узнагароджаны альбом, які атрымае самыя высокія адзнакі наведнікаў сайту (летась гэта быў "ViaVanilla" гурту "Cherryvata".

Будзе названы і пераможца ў намінацыі "Лепшы дэбютны альбом. Летась у гэтай і яшчэ трох намінацыях перамог альбом "Hello" гурту "The Toobes".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG