Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сакавіка Эстонія скасоўвае плату за нацыянальныя візы для беларусаў. Раней пра такое ж самае рашэньне абвясьцілі Польшча, Латвія, Нямеччына. Як такое паслабленьне паўплывае на перамяшчэньне беларусаў на тэрыторыю гэтых краін і ці можна чакаць зьмены агульнай візавай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларусаў.

Лаўры Бамбус – віцэ-канцлер у консульскіх і юрыдычных пытаньнях Міністэрства замежных спраў Эстоніі ў размове са "Свабодай" 28 лютага пацьвердзіў:

Але хачу падкрэсьліць, што гэта візы не для турызму. Турыстычныя візы – гэта шэнгенскія візы
"Сапраўды, з заўтрашняга дня гэта норма пачне дзейнічаць. І таму тыя грамадзяне Беларусі, якія хочуць прыехаць у Эстонію на кароткатэрміновую працу, вучобу і г.д, могуць хадайнічаць пра выдачу нацыянальнай візы. І яна ім будзе выдадзеная бясплатна. Але хачу падкрэсьліць, што гэта візы не для турызму. Турыстычныя візы – гэта шэнгенскія візы".

Пад гэту норму падпадаюць і выкладчыкі, дзеячы культуры, спартоўцы. Тым, хто зьбіраецца ехаць у Эстонію па нацыянальнай, эстонскі дыплямат раіць папярэдне прагледзець інфармацыю на афіцыйным сайце МЗС. Цікаўлюся ў спадара Бамбуса, ці магчыма з такой візай зьезьдзіць у іншую краіну шэнгенскай зоны?

"Канечне, гэта віза найперш для знаходжаньня ў Эстоніі. Але калі вы знаходзіцеся ў нас, то можаце далей паехаць і ў іншыя краіны".

Віцэ-канцлер МЗС Эстоніі не бярэцца прагназаваць, наколькі павялічыцца колькасьць беларусаў, якія пажадаюць скарыстацца новай візавай магчымасьцю:

"Цяпер сапраўды цяжка сказаць, колькі будзе жадаючых прыехаць па гэтай візе ў Эстонію. Думаю, што гэта ня будзе вельмі вялікая колькасьць. Але з другога боку, спадзяемся, што гэта лічба будзе расьці".

Бясплатныя нацыянальныя візы для Беларусі ўжо ўвялі Польшча, Латвія, Нямеччына. А вось кошт шэнгенскай візы для беларусаў па-ранейшаму застаецца ў памеры 60 эўра. Ці ёсьць і на гэтым кірунку нейкія пэрспэктывы атрымліваць візы бясплатныя?

Кіраўніца Офісу за дэмакратычную Беларусь у Брусэлі Вольга Стужынская кажа: пра адмену візавага збору пакуль казаць заўчасна:

Рада Эўразьвязу спадзяецца выдаць мандат на пачатак перамоваў па візавае спрашчэньне (фасілітацыю)
"Ёсьць заявы палітыкаў, якія зьвярталіся да Брусэлю і казалі пра важнасьць таго, каб візы для беларусаў сталі бясплатнымі і больш даступнымі. Але трэба ўсё-такі вярнуцца да тэхнічнага працэсу. І мне вядома, што Рада Эўразьвязу спадзяецца выдаць мандат на пачатак перамоваў па візавае спрашчэньне (фасілітацыю). На тыя прапановы, што былі дасланыя Эўракамісіяй у лістападзе, Рада Эўразьвязу павінна адказаць і выдаць мандат.

Я думаю, што рашэньне будзе пазытыўным у бліжэйшы час. Гэта значыць, што будзе мандат па візавай фасілітацыі. Не па зьняцьцю візавага рэжыму альбо адмене ўвогуле кошту віз. Візавая фасілітацыя – гэта зьніжэньне кошту візы да 35 эўра і таксама спрашчэньне выдачы візаў. То бок гэта будзе мандат на перамовы з беларускім кіраўніцтвам пра візавую фасілітацыю і дамову пра рэадмісію".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG