Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Турма робіць са зьняволеных сацыяльных інвалідаў"


Так лічыць маці 24-гадовага Аляксандра Тамара. У турме Саша мусіць правесьці 9 гадоў — ад 18 да 27. На волю ён ужо вернецца дарослым чалавекам. Але без належнага для такога ўзросту прафэсійнага, сацыяльнага і нават сэксуальнага досьведу.

"Сакавіцкая агрэсія"

Сваё злачынства Саша і двое яго сяброў зьдзейсьнілі ў сакавіку 2005 году. Сакавік, дарэчы, лічыцца самым крымінагенным месяцам. У гэты час у людзей, як і ў жывёлін, назіраецца найвышэйшы ўзровень мужчынскага палавога гармону — тэстастэрону, які таксама называюць рухавіком фізычнай агрэсіі. Пад узьдзеяньнем алькаголю (продаж якога ў Беларусі ад сярэдзіны 1980-х вырас амаль удвая) паводзіны чалавека робяцца яшчэ больш агрэсіўнымі. У выніку падвышаецца колькасьць цяжкіх гвалтоўных дзеяньняў, рабункаў, крадзяжоў.

Па колькасьці турэмных пакараньняў на 100 тысяч чалавек Беларусь сярод лідэраў у Эўропе і ў сьвеце.

Мянчук Саша і два ягоныя сябры селі на 9 гадоў, калі ім толькі споўнілася 18. Сашава маці Тамара з жахам узгадвае тыя падзеі шасьцігадовай даўніны, якія падзялілі жыцьцё іх маленькай сям’і на "да" і "пасьля". Гэта здарылася напярэдадні 8 сакавіка. Саша сказаў, што пойдзе да сябра.
За шэсьць гадоў сын з кантактнага хлопчыка ператварыўся ў вельмі закрытага чалавека. Вельмі злымі яны там становяцца, недаверлівымі, ня ведаюць, з кім можна сябраваць, каму давяраць.

Расказвае Сашава маці Тамара:

Тамара: "Ён увечары падышоў да мяне і сказаў: "Мамачка, я пайду да Сярожы. Мы зь ім пасядзім ля кампутара. Не хвалюйся — раніцай я выведу сабаку і вынесу сьмецьце". А ў 4 гадзіны ночы мне пазванілі зь міліцыі".

Разам з Сашам у гасьцях у Сяргея быў Дзіма. Апоўначы хлопцы пачалі зьбірацца дадому. Сяргей вырашыў іх праводзіць. Паблізу працаваў начны кіёск. Купілі па бляшанцы піва і селі ў двары на лаўцы. Міма праходзіў п’яны мужчына, які пачаў чапляцца да юнакоў, а потым панёс на іх матам. Хтосьці з хлопцаў ня вытрымаў, як сьлед урэзаў мужчыну ў твар і разьбіў яму нос. На крыкі жыхары выклікалі міліцыю і хуткую. Дзядзьку адвезьлі ў шпіталь. Праз тыдзень, выйшаўшы са стацыянару, ён паказаў, што яго да таго ж абрабавалі — скралі дакумэнты, грошы і нейкі плястыкавы пакет, дзе былі рэчы. Тамара ды дзьве іншыя маці ведаюць дакладна: крадзяжу не было. Мужчыну проста навучылі, як пакараць хлопцаў па поўнай праграме. Абодвум далі па 9 гадоў узмоцненага рэжыму за цялесныя пашкоджаньні і групавы разбой.

"Пакараньні за адмову ад супрацоўніцтва"

Сёньня адзін з Сашавых сяброў ужо на волі. З боку адміністрацыі калёніі да яго не было прэтэнзій, і ён выйшаў умоўна-датэрмінова. Саша мае праблемы з адміністрацыяй, бо, паводле Тамары, ён не падпісаў папераў аб супрацоўніцтве зь міліцыянтамі. За гэта хлопца час ад часу тыдні па два караюць утрыманьнем у ШЫЗА — маленькай камэры-адзіночцы з парашай у цэнтры, дзе няма ложка, спаць можна толькі на сырой каменнай падлозе, але збольшага даводзіцца стаяць.

Сярод іншых відаў пакараньня за несупрацоўніцтва — зьбіцьцё. Пра тое, што на зоне адбываюцца бойкі, Тамара больш здагадваецца па, так бы мовіць, вонкавых прыкметах на твары і целе сына. Сам Саша расказвае пра гэта мала і неахвотна.

"За шэсьць гадоў сын з кантактнага хлопчыка ператварыўся ў вельмі закрытага чалавека. Быў экстравэртам — стаў інтравэртам", кажа жанчына.

Тамара:
"Неяк я прыехала на спатканьне, бачу, у яго разьбітыя рукі. Пытаюся, што гэта. Кажа, прыйшлося пабіцца. Вельмі злымі яны там становяцца, замкнутымі, недаверлівымі, ня ведаюць, з кім можна сябраваць, каму давяраць. Усе збольшага даносяць адзін на аднаго. Сын падчас спатканьня кажа: лепш не ў будынку пагаворым, бо падслухоўваюць. Ідзем курыць у парк. Там ёсьць такі пад навесам з дроту. Туды выходзім курыць і размаўляем".

"Колькі каштуе турэмнае пакараньне сваякам"

Кожнае з двух дазволеных у год спатканьняў абыходзіцца Тамары прынамсі ў 250 даляраў. Крыху меней каштуюць пасылкі (чатыры разы на год). Таксама штомесяц даводзіцца дасылаць розныя грашовыя пераводы. Напрыклад, аднойчы на невядомы адрас прыйшлося накіраваць "падзяку" за тое, каб хвораму ў карцэры сыну дазволілі апрануць цяплейшую вопратку. Той адрас, як потым высьветлілася, належаў міліцыянту. Пазьней турэмніка абвінавацілі ў карупцыі.

Тамара: "Хтосьці перадаў мне ліст, каб выслала дзесьці 100 даляраў кудысьці на Віцебшчыну, а потым высьветлілася, што гэта мянту ў якасьці хабару. У сына была высокая тэмпэратура, і трэба было, каб яму дазволілі надзець цёплыя штаны, бо там належыць быць апранутым паводле формы".

Тое, што турма паступова адымае здароўе ў сына, для Тамары відавочна. Саша час ад часу скардзіцца то на суставы, то на страўнік.

"Усе яны там вельмі худыя, — кажа жанчына. — Кормяць пераважна нейкай пустой кашай зь селядцом ды салодкай гарбатай. Раз на тыдзень даюць яйка. Часам даюць баланду зь нейкімі молатымі курынымі касьцямі. Тым, хто не атрымлівае дапамогі, даводзіцца вельмі цяжка".

Каб дапамагаць сыну, супрацоўніца навукова-дасьледчага інстытуту робіць розныя кампутарныя працы. Грошай хапае ўпрытык — каб заплаціць за кватэру, камунальныя паслугі ды чагосьці па-сьціпламу паесьці. На пачатку году, пасьля спатканьня з сынам, 45-гадовая жанчына захварэла і зь цяжкім запаленьнем лёгкіх трапіла ў шпіталь. Падчас абсьледаваньня лекары знайшлі ў яе цэлы букет заўчасных для яе ўзросту хваробаў — сэрца, ныркі, эндакрыналёгія ды гінэкалёгія. Займацца ўласным здароўем Тамары няма калі і няма за што. Больш за ўсё яе хвалюе, што 6 гадоў так званага выпраўленьня аднялі здароўе ў яе маладога сына і да таго ж не прынесьлі яму аніякага досьведу, неабходнага, каб інтэгравацца ў соцыюм.

У чымсьці ён па-ранейшаму застаецца дзіцём. Просіць дасылаць у турму цукеркі і розныя іншыя салодкія прысмакі. Вучыцца прафэсіі яму, хутчэй за ўсё, давядзецца толькі, калі выйдзе на волю. Пасьля 27 гадоў. Тады ж давядзецца пачынаць будаваць стасункі з супрацьлеглым полам. Да арышту ў яго не было дзяўчыны. Усё гэта будзе нялёгка.

Тамара: "Зразумела, ён адарваны ад усяго гэтага жыцьця. Займаецца абы-чым. Яны ж там, за выключэньнем 10—20%, не працуюць. Процьма абібокаў. Яны становяцца сапраўднымі сацыяльнымі інвалідамі, а таму завязаныя на гэты крымінальны сьвет. Тое, чаго я найбольш баюся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG