Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Гэта людзі, гатовыя на ўсё


Алесь Міхалевіч. Пасьля вызваленьня з турмы КДБ

Алесь Міхалевіч. Пасьля вызваленьня з турмы КДБ

“Калі таямніца сьледзтва ў тым, што паказаньні выбіваюцца праз катаваньні і зьдзекі – гэта парушае і беларускае заканадаўства, і міжнародныя нормы, і я павінен пра гэта паведаміць”, – сказаў А.Міхалевіч у інтэрвію Свабодзе.



Соўсь:
Што вы адчуваеце цяпер пасьля таго, як зрабілі заяву пра катаваньні ў КДБ? Стала лягчэй ці цяжэй?

Міхалевіч: Мне стала нашмат лягчэй. Кожную раніцу, якую я прачынаўся пасьля таго, мне трэба было галіцца і глядзець на сябе ў люстэрка, мне было вельмі няёмка глядзець самому сабе ў вочы, хаця я ведаў, што хутка гэтую заяву зраблю. Сёньня я ўпэўнены, што гляджу на сябе бяз дрэнных пачуцьцяў. Я ведаю, што я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. Я сказаў праўду, я сказаў тое, што было на самой справе. Спадзяюся, што гэта хоць неяк палегчыць знаходжаньне тых людзей, якія застаюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. І вельмі важна – я ніколі ня быў нічыім агентам, і ня буду нічыім агентам.

Соўсь: Якіх наступстваў вы чакаеце ад улады? Ці ня ёсьць галоснасьць тут галоўнай абаронай?

Міхалевіч: Магчыма, галоснасьць сапраўды важная. Я чакаю любых наступстваў – я ніяк не чакаў, што мяне ў ноч пасьля выбараў забяруць у турму, я ня быў арганізатарам тых падзеяў на Плошчы, і таму для мяне вельмі цяжка прагназаваць, што можа зрабіць наша ўлада. Адно што я ўпэўнены, што гэта людзі, якія гатовыя на ўсё. Проста тое, што я бачыў у адносінах да сябе там, калі знаходзіўся у СІЗА, гэта паказвае, што ніякіх тармазоў гэтыя людзі ня маюць.
Я ведаю, што я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць

Соўсь:
Ці вы можаце згадаць нейкія прозьвішчы? Можаце апісаць тых людзей, якія вас катавалі?

Міхалевіч: Я ўжо распавядаў, што гэта былі людзі ў масках, яны былі ў камуфляжнай вопратцы без апазнавальных знакаў. Гэта не супрацоўнікі сьледчага ізалятару, гэта людзі, якія прыехалі звонку. Тыя людзі, якія непасрэдна са мной працавалі – як мой сьледчы ды іншыя – пра ўсё гэта, усе апісаньні я надыктаваў на дыктафон і яны знаходзяцца ў надзейным месцы і яны будуць агучаны ў выпадку, калі я зноў апынуся ў сьледчым ізалятары. Што датычыць канкрэтнага апісаньня, думаю, што менавіта таму гэтыя людзі пачалі хадзіць у масках менавіта таму, каб ніхто іх ня змог апазнаць. Усё роўна рана ці позна, гэтыя людзі будуць апазнаныя.

Соўсь: Раскажыце слухачам “Свабоды” пра катаваньні ў турме КДБ.

Міхалевіч:
Непрыемна чарговы раз згадваць самыя складаныя, самыя цяжкія моманты, але проста з таго, што было і да чаго прывыклі дастаткова хутка. Калі нас выводзілі ў асобнае памяшканьне на так званы дагляд, ставілі голымі ля сьцяны на расьцяжку, людзі ў масках і камуфляжы падсякалі нам ногі, каб мы станавіліся практычна на шпагат, калі станавілася рэальна вельмі-вельмі балюча. Ногі проста распаўзаліся ў розныя бакі і немагчыма было стрымліваць, проста зьвязкі разрываліся. рукі ацякалі. Здавалася, што цягнулася гэта вечнасьць, але мы прыходзілі да высновы, што гэта цягнулася прыкладна паўгадзіны.
...пачалі выкручваць рукі так, што хрусьцелі косьці і суставы.

Але гэта быў толькі пачатак. Таму што асноўнае узьдзеяньне на мяне пачалося пасьля таго, як я пераехаў у "амэрыканку" з Валадарскага. Калі мяне выцягнулі з камэры і вельмі груба і балюча падчапілі ззаду на рукі кайданкі, паднялі кайданкі максымальна высока, каб мой твар апусьціўся да бэтоннай падлогі, а пасьля спусьцілі па лесьвіцы ў такім выглядзе, завялі ў памяшканьне і пачалі выкручваць рукі так, што хрусьцелі косьці і суставы. І пачалі патрабаваць ад мяне, каб я паабяцаў, што буду выконваць усё, што мне гавораць супрацоўнікі КДБ. І гэта не спынялася, было балюча з кожнай сэкундай усё больш, пакуль я не пачаў казаць, што я буду ўсё выконваць. І гэта рабілася некалькі разоў: 10 студзеня з раніцы перад тым, як мяне выклікалі супрацоўнікі КДБ ў сьледчы камітэт, і пасьля таго.

Соўсь: Вы тэлефанавалі жонцы за дзень да таго,я к яна павінна была ехаць на канфэрэнцыю ў Варшаву. Ці гэты званок быў вынікам таксама катаваньняў?

Міхалевіч: Зразумела, гэты званок быў пасьля таго, як са мной рабілі ўсё тое, пра што я казаў цяпер. Мне было сказана, што калі я гэта зраблю, то мне абяцаюць, то мне будзе вельмі вялікае паляпшэньне ў маіх умовах.

Соўсь: І так адбылося?

Міхалевіч: Не адбылося, але, што праўда, нічога моцна не пагоршылася. Я адразу сказаў, што мая жонка адрэагуе на гэта насуперак маёй просьбе, таму што мая жонка – гэта незалежная асобна, яна ня будзе слухацца мяне ў той момант, калі разумее, што побач са мной стаіць чалавек, які слухае, што я кажу і да гэтага прасіў мяне ёй патэлефанаваць і зьвярнуцца да яе з такой просьбай.

Соўсь: Чаму вы не зрабілі гэтую заяву не адразу па вызваленьні?
Я рабіў свае заявы не як палітык.

Міхалевіч: Я ўпэўнены, што за мной назіралі, кожны мой крок адсочваўся. Я, як звычайны чалавек, хацеў пабыць некалькі дзён зь сям'ёй, і я хацеў падрыхтаваць, каб гэтая заява дайшла да максымальнай колькасьці людзей. Я разумеў, што калі захачу склікаць прэс-канфэрэнцыю, адразу магу патрапіць назад – яшчэ да таго, як пасьпею нешта публічна сказаць. Таму я проста чакаў таго моманту, калі знайду месца, дзе будзе шмат журналістаў. Я вельмі рады, што і Юрась Губарэвіч, і "Рух за Свабоду" дазволілі скарыстацца іх нагодай – яны хацелі зрабіць сваю прэс-канфэрэнцыю, у іх было пра што сказаць, але зразумела, тое, што сказаў я – гэта нашмат больш значныя факты. Таму я зрабіў усё магчымае, каб пра гэтыя факты даведалася максымальна вялікая аўдыторыя – каб спыніць гэтыя зьдзекі і катаваньні максымальна хутка.

Соўсь: Ці была ўжо нейкая рэакцыя з боку ўладаў?

Міхалевіч: Да мяне пакуль ніхто з супрацоўнікаў КДБ не зьвяртаўся, не тэлефанаваў, я пакуль не адчуваю ніякага ціску, хаця разумею, што кожную хвіліну мяне могуць зноў забраць і зноў пасадзіць, таму што, як мне тлумачылася пры выхадзе, усё тое, што я сёньня распавёў, зьяўляецца таямніцай сьледзтва. Але я лічу, што калі таямніца сьледзтва ў тым, што гэтыя паказаньні выбіваюцца праз катаваньні і зьдзекі – гэта парушае і беларускае заканадаўства, і міжнародныя нормы. Я, як законапаслухмяны грамадзянін, павінен пра гэта паведаміць як грамадзтву, так і генэральнай пракуратуры, куды я напісаў заяву.
Я бачыў шмат паралеляў з кнігай Аляхновіча "Ў кіпцюрох ГПУ"

Соўсь: Як вы лічыце, чаму вязьні, якіх вызвалілі з КДБ раней за вас фактычна не падтрымалі вас, зрабіўшы аналягічныя прызнаньні? Чаму ніхто зь іх не заявіў пра тое, што падпісваў заяву пра супрацоўніцтва з КДБ?

Міхалевіч: Я ня ведаю. Я рабіў свае заявы не як палітык: я ня думаю пра свой палітычны імідж, а пра сябе як грамадзяніна і чалавека, які хоча глядзець на сябе з павагай. Я хачу спакойна размаўляць са сваімі сябрамі, ведаючы, што заўтра ніякія людзі з КДБ ня будуць мяне пытацца, што тыя гаварылі і патрабаваць ад мяне нейкай інфармацыі. Таму я не магу судзіць астатніх, я ня ведаю, якія ў іх былі умовы – мы сядзелі ў розных камэрах. Але я спадзяюся, што калі зь кімсьці яшчэ былі падобныя рэчы, то людзі знойдуць сілы і мужнасьць сказаць пра гэта публічна.
Мілана Міхалевіч

Соўсь: Ці раіліся вы з жонкай, з паплечнікамі па прэзыдэнцкай кампаніі пра сёньняшні крок?

Міхалевіч: Я ведаў, што мая жонка вельмі мужная асоба. Як вы памятаеце, яна ня ўдзельнічала ў маёй выбарчай кампаніі, яе не было на плошчы, але тое, што адбылося пасьля, прывяло да таго, што мая жонка пачала разумець нашмат больш тых людзей, якія бароняць правы чалавека. Яна пачала падтрымліваць мяне – у тым ліку ў шмат якіх момантах, пра якія мы раней проста не размаўлялі. Што да сяброў, я вельмі ім удзячны, асабліва тым, якія сказалі маёй жонцы, што Алесь застанецца нашым сябрам незалежна ад таго, што ён там падпісаў. Вельмі прыемна, што ёсьць людзі, якія разумеюць, што могуць быць розныя ўмовы, што чалавека проста могуць ламаць фізычна, і я ўдзячны сябрам, якія разумеюць і падтрымліваюць мяне. Сёньня я атрымаў сотні тэлефанаваньняў, СМС з падтрымкай, дзе кажацца: маўляў, трымайся, а калі спатрэбіцца дапамога, можаш на нас разьлічваць.

Соўсь:
Ці тое, што з вамі адбывалася ў КДБ, нагадвала вам нешта зь літаратурных твораў – магчыма, Салжаніцына, Шаламава – аўтараў, якія апісвалі зьняволеньне?

Міхалевіч:
Я бачыў шмат паралеляў з кнігай Аляхновіча "Ў кіпцюрох ГПУ". Гэта кніга, якая вельмі добра апісвае ўмовы, у якіх знаходзіліся людзі. Дарэчы, у Аляхновіча ёсьць таксама частка, прысьвечаная турме "Амэрыканка". Але галоўнае – адчуваньне таго, што ў гэтай турма ажыцьцяўляліся масавыя расстрэлы, што гэтая турма мае камэры, якія выглядаюць, як труна. Яны вельмі падобныя на труну, і калі прачынаесься – адчуваньне, што ляжыш у труне. У любым выпадку я штодня сьмяяўся, мы жартавалі з суседзямі і я захоўваў аптымізм і стараўся захоўваць добры настрой.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG