Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі вязьняў узрушаныя заявай Міхалевіча


Сваякі зьняволеных у СІЗА КДБ камэнтуюць заяву экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ. Міхалевіч тыдзень таму быў адпушчаны са сьледчага ізалятара на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

Бацька Ірыны Халіп, якая выпушчана з СІЗА КДБ пад хатні аршыт, Уладзімер Халіп, сказаў, што сёньняшнія заявы Міхалевіча пра катаваньні не былі для яго нечаканымі.

Уладзімер Халіп
«Уся гэтая сыстэма, якая ў нас існуе, выйшла з 37-га году, і яна зараз аднаўляецца ў Беларусі. Ідзе зьдзек зь людзей абсалютна ні ў чым не вінаватых. Гэтая ідэя наконт нейкай антыдзяржаўнай змовы ўзьнікла толькі ў хворых галовах кіраўнікоў гэтай няшчаснай дзяржавы. І таму лёс людзей, якія ўзяты ў якасьці закладнікаў, можа быць самы непрадказальны. Тое, што сказаў Міхалевіч, гэта ён крышачку прыадчыніў тую кухню, якая існуе ў тых людзей, якія сёньня валодаюць нашай краінай. Гэта такая сыстэма. Сваволя. Яны могуць рабіць усё, што ім уздумаецца. І мы нічога ня зробім, калі толькі грамадзтва не мабілізуецца, не праявіць сваю сілу і ня дасьць гэтым людзям па руках. Само знаходжаньне ў гэтых вязьніцах, на Акрэсьціна, у КДБ, на Валадарцы — гэта спрэс катаваньне. Таму мы вельмі хвалюемся за тое, у якім стане і як там сябе пачувае Андрэй і астатнія вязьні таксама. Мы за ўсіх перажываем, за ўсіх хвалюемся».

Маці зьняволенага пасьля падзеяў 19 сьнежня Аляксандра Класкоўскага Людміла, якая цяпер знаходзіцца ў Швэцыі, таксама ўзрушана заявай Алеся Міхалевіча:

«Я з жахам чытала сёньня сьведчаньні Алеся Міхалевіча, які распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ. У лістах, якія даходзяць сваякам ад вязьняў, толькі скупыя радкі: усё, маўляў, добра, жывы-здаровы. Перадайце, як мне напісаў Саша, больш гарбаты і сухароў. Калі ўбачыла відэа з допытаў Сашы, не пазнавала нават яго: сіні твар, сінія вусны, бегае позірк. Я, яго маці, ведаю свайго сына, кожную рыску, кожны позірк, яго, як неба, блакітныя вочы. А там, наогул, я ня ведаю, што я ўбачыла. Што ж гэта адбываецца, людзі?»

Маці Паўла Севярынца Тацяна сказала, што як толькі прачытала аповед Алеся Міхалевіча, то ёй адразу захацелася ехаць у Менск і «штурмаваць» КДБ. Яна сказала, што гэта вельмі мужны, прыстойны ўчынак Міхалевіча:

Тацяна Севярынец
«Мне асабліва балюча за свайго сына. Але мне балюча і за ўсіх астатніх — і за Мікалая Статкевіча, і за Саньнікава, і за Лябедзьку, і за ўсіх тых, хто там сядзіць. Ведаеце, мне было б лягчэй, каб зь мяне зьдзекваліся такім чынам, калі думаеш, што над тваім дзіцём так зьдзекуюцца. Хаця Павал дарослы чалавек, 34 гады. Але для маці дзіця заўсёды дзіця. Не для таго я яго нарадзіла, каб нейкая пачвара зь яго зьдзеквалася».

28 лютага Алесь Міхалевіч выступіў з заявай, дзе распавёў пра катаваньні ў турме КДБ. Міхалевіч паведаміў пра так званыя «расьцяжкі» і выкручваньні рук у кайданках, вывад аголеным на холад, доўгае стаяньне ля сьцяны амаль у шпагаце, прымусовае знаходжаньне ў памяшканьні са сьвежапафарбаванай падлогай з пахам ацэтону, абразы, пагрозы, маральны ціск. А таксама тое, што яго ўтрымлівалі ў перапоўненай камэры, не дапускалі адваката. Міхалевіч мяркуе, што падобныя катаваньні і зьдзекі могуць ужывацца супраць іншых палітзьняволеных. Міхалевіч называе гэта канцэнтрацыйным лягерам. Таксама Алесь Міхалевіч апавёў, што разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў перад тым як выйсьці з ізалятару. Гэтыя прызнаньні Алеся Міхалевіча асабліва ўсхвалявалі сваякоў і блізкіх тых, хто дагэтуль утрымліваецца ў зьняволеньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG