Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прызначаны адмысловы дакладчык па падзеях 19 сьнежня ў Менску


Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі аб’явіў аб прызначэньні адмысловага дакладчыка па расьсьледаваньні падзей 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

У адмысловай заяве гаворыцца, што вулічная акцыя, якая адбылася ў Менску 19 сьнежня мінулага году, а таксама затрыманьні і арышты грамадзянаў выклікалі розную рэакцыю ў беларускай і ў міжнароднай супольнасьцях.

«Задачай дакладчыка будзе аб’ектыўная бесстароньняя ацэнка падзей, і ў першую чаргу, публічнага мерапрыемства на плошчы Незалежнасьці. Ён ацэніць, ці быў сход 19 сьнежня мірным з пункту гледзішча міжнародных стандартаў, ці было прапарцыйным і абгрунтаваным прымяненьне сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а таксама наступная рэакцыя дзяржавы ў выглядзе адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў акцыі».

Адмысловым дакладчыкам прызначаны Ніл Джарман, незалежны міжнародны экспэрт, кіраўнік Інстытуту па вывучэньні канфліктаў (Вялікабрытанія), кіраўнік групы экспэртаў АБСЭ па свабодзе мірных сходаў. Пры ім таксама будзе працаваць група экспэртаў з краін АБСЭ па праблематыцы свабоды сходаў і мерах паліцэйскага рэагаваньня, якую ўзначаліць Майкл Гамільтан — калега Джармана, прафэсар Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту.

Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі – асамблея недзяржаўных праваабарончых арганізацый з краін-сябраў АБСЭ, якая была ўтвораная ў студзені сёлета ў сувязі з падзеямі 19 сьнежна 2010 году ў Менску і іх наступствамі. Камітэт не зьяўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам АБСЭ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG