Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародны экспэрт: гэта — катаваньне


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

28 лютага былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што вымушаны быў падпісаць заяву пра супрацоўніцтва з КДБ. Толькі на гэтых умовах яго вызвалілі з турмы КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Міхалевіч назваў гэтую турму канцлягерам у цэнтры Менску, дзе адбываюцца катаваньні. Як рэагуюць на гэтыя выказваньні апазыцыйнага палітыка іншыя экс-кандыдаты.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі так адказвае на пытаньні «Свабоды» — ці прапаноўвалі яму супрацоўнічаць з КДБ? Ці ўжываліся падчас арышту катаваньні?

«Я абсалютна разумею тое, што любая рэч, сказаная ці падпісаная мною, можа быць выкарыстана супраць мяне. Таму ніякіх рэчаў, якія я лічу амаральнымі, я не рабіў. Я агучыў абсалютна ўсе абставіны майго вызваленьня. Тыя ўмовы, тыя рэчы, якія былі зробленыя, я агучыў. І ня больш за тое. Калі б мне і была такая прапанова, то нічога, што я лічу амаральным, я не зрабіў бы, я б адмовіўся, прынамсі ў тых варунках, у якіх я быў.

На другое пытаньне — пра абставіны майго знаходжаньня ў СІЗА — я таксама адказаў раней досыць поўна і адкрыта. Гэта ня значыць, што я хачу абвінаваціць Алеся Міхалевіча ў хлусьні. Яго словы проста азначаюць, што да розных кандыдатаў, да кожнага палітычнага вязьня стаўленьне можа быць розным. І да кожнага ўжываюць тыя мэтады, якія менавіта для гэтага чалавека лічаць найбольш эфэктыўнымі».

Намесьнік кіраўніка Партыі БНФ, былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў цьвердзіць, што ні прапаноў, ні пагроз, ні нават кепскага слова на яго адрас у КДБ не прагучала:

«Са мной абыходзіліся надзіва прыстойна. Казалі: „Калі ласка, выйдзіце з машыны, калі ласка, прысядзьце, калі ласка, праходзьце“. У першую ж ноч пасьля затрыманьня я адмовіўся ісьці на допыт без адваката. І ў КДБ не настойвалі, адзінае — сказалі падпісаць паперу, што без адваката адмаўляецеся адказваць на пытаньні.

Самае непрыемнае, бадай, для мяне было тады, калі выклікалі ў КДБ на допыт пасьля таго, як я падаў скаргу ў ЦВК. І ў размовах „пра жыцьцё“ я праседзеў там да дзьвюх гадзін ночы. Думаў, што мяне там і зачыняць. Але не зачынілі.

Як толькі мяне затрымалі, у першую ж ноч у КДБ, я ў размове са сьледчымі адразу сказаў: хлопцы, ніякіх непрыстойных у маім разуменьні папер я не падпішу. Нават не прапаноўвайце. Гэтым разам я быў сам вельмі зьдзіўлены. Раней, а мяне затрымлівалі шмат разоў, напрыклад, падчас выбараў 2006 году, мяне за меншыя рэчы, як кажуць, размазвалі па сьценках найкапітальнейшым чынам. А тут — ня ведаю чаму, але ні прапаноў, ні пагроз, нават кепскага слова на мой адрас не прагучала».

Пракамэнтаваць словы Алеся Міхалевіча пра ягоныя катаваньні ў беларускім КДБ я папрасіў прадстаўніцу Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, расейскага экспэрта Вікторыю Громаву. Вось як яна пракамэнтавала сьведчаньні экс-кандыдата ў прэзыдэнты з пункту гледжаньня міжнародных правоў чалавека:

«…Можна характарызаваць як катаваньні, як жорсткае абыходжаньне зь людзьмі, якія знаходзяцца ў вязьніцы».

Праваабаронца Громава таксама сказала, што па падзеях 19 сьнежня ў Беларусі пачынае працаваць спэцыяльны дакладчык АБСЭ Нэйл Джарман зь Вялікай Брытаніі:

«Гэты чалавек будзе рабіць высновы пра тое, што адбывалася 19 сьнежня, была гэта акцыя гвалтоўнай ці негвалтоўнай, наколькі былі адэкватнымі дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і г.д.»

Як паведамляе БелаПАН, кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч абверг заяву Міхалевіча аб умовах утрыманьня ў СІЗА: «Што тычыцца ўжываньня катаваньня, то гэтая заява безумоўна не адпавядае рэчаіснасьці». Паводле спадара Антановіча, больш падрабязную інфармацыю ён зможа даць пасьля таго, як азнаёміцца з заявай Міхалевіча.
XS
SM
MD
LG