Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: "Ваенныя пастаўкі ў Афрыку — праз замежныя кампаніі-пасярэдніцы"


Арганізацыя Аб'яднаных Нацый абвінавачвае Беларусь у незаконных пастаўках баявой тэхнікі ў Кот-д'Івуар, дзе насьпявае грамадзянская вайна. Офіс кіраўніка ААН Пан Гі Муна паведамляе: першы ваенны верталёт дастаўлены самалётам у сталіцу гэтай афрыканскай краіны Ямусукра ў ноч на 28 лютага. Прыбыцьцё астатніх заплянавана на 1 сакавіка. Беларускія ўлады факт паставак абвяргаюць. Экспэрты, якія працавалі вайсковымі дарадцамі ў Афрыцы, кажуць, што падобныя схемы могуць ажыцьцяўляцца празь фірмы, якія фармальна ня маюць адносінаў да Беларусі.

Згодна з заявай Пан Гі Муна, у парушэньне ўведзеных у 2004 годзе міжнародных санкцыяў афіцыйны Менск плянуе паставіць тры баявыя гелікоптэры ўзброеным фармаваньням, якія падтрымліваюць не прызнанага ўсясьветнай супольнасьцю прэзыдэнта Кот-д'Івуара Ларана Гбагбо. У гэтым зьвязку ААН адзначае: пастаўкі вайсковай тэхнікі і маёмасьці сілам, якія падтрымліваюць Гбагбо, — гэта сур'ёзнае парушэньне эмбарга. Факт вынесены на разгляд камітэту Рады бясьпекі, адказнага за ўжываньне санкцыяў.

Аднак у Менску абвяргаюць заявы пра тое, што Беларусь экспартуе зброю ў абыход рашэньняў Рады бясьпекі ААН. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных адзначае, што МЗС заклапочаны зьяўленьнем гэтай заявы:

"Рэспубліка Беларусь заўсёды вельмі адказна ставілася да выкананьня ўсіх рашэньняў Рады бясьпекі ААН. І, натуральна, мы заяўляем пра тое, што ніякія баявыя верталёты ў Кот-д'Івуар зь Беларусі не пастаўляліся. У Беларусі створаная эфэктыўная сыстэма экспартнага кантролю над узбраеньнямі. Мы таксама зьвярнулі ўвагу, што на сайце ААН дадзены матэрыял мае досыць дзіўны загаловак, а менавіта — заява, якая прыпісваецца прэсаваму сакратару Генэральнага сакратара ААН. Неабходна высьветліць паходжаньне гэтага матэрыялу і як ён зьявіўся на афіцыйным сайце ААН. Магчыма, што ён ня мае ніякага дачыненьня да офісу Генэральнага сакратара ААН. Цяпер гэтая праца праводзіцца праз Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі ў Нью-Ёрку".

Тым часам экспэрты ў галіне экспарту зброі нагадваюць: Беларусь мае багаты досьвед ваеннага супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі. У той жа Кот-д'Івуар яшчэ да ўвядзеньня санкцый на пачатку 2000-х пастаўляўся шырокі асартымэнт тэхнікі: штурмавікі Су-25, верталёты Мі-24, баявыя машыны пяхоты, артылерыйскія сыстэмы, мінамёты і г.д.

Аляксандар Іваноў некалькі гадоў адпрацаваў ваенным дарадцам у Афрыцы і не выключае, што падобнае супрацоўніцтва працягвалася і ў абыход міжнародных санкцый:

"Амаль няма сумневу, што такія пастаўкі ажыцьцяўляюцца не наўпрост, а празь нейкую кампанію-пасярэдніцу — дапусьцім, з Аўстрыі ці зь нейкай іншай краіны. Таму Беларусь цалкам можа нідзе і не фігураваць, але і таго, што яна нібыта ня мае да гэтага ніякага дачыненьня, гэта таксама не азначае. Бо праз такога кшталту схемы можна замаскіраваць што заўгодна".

Карэспандэнт: "Ці мясцовыя арміі — тая ж івуарыйская — маюць кваліфікаваныя кадры, каб гэтай тэхнікай кіраваць, яе абслугоўваць, рамантаваць?"

Іваноў: "Мясцовых спэцыялістаў амаль што няма. Звычайна ў такіх выпадках там пастаянна знаходзяцца экспэрты з кампаніі, якая тэхніку прадае, альбо запрашаюцца адмыслоўцы зь нейкай іншай краіны. Як паказвае досьвед, гэта пераважна альбо расейцы, альбо Ўкраіна, Беларусь. Ну, хто ведае практычны бок. Інакш кажучы, з тых армій, якія рэальна ведаюць ці тыя верталёты, ці танкі. Любое абсталяваньне, якое засталося яшчэ ад савецкіх часоў".

Беларускія ўлады катэгарычна адмаўляюць удзел сваіх спэцыялістаў у падзеях яшчэ ў адной гарачай кропцы на мапе Афрыкі — Лібіі. Хоць падчас ранейшых перамоваў кіраўнікоў дзьвюх краінаў — Аляксандра Лукашэнкі і Муамара Кадафі — пытаньне супрацоўніцтва ў вайсковай галіне называлася сярод прыярытэтных. Мой суразмоўца Аляксандар Іваноў у Лібіі ня быў, але ў размовах з калегамі пра беларускую прысутнасьць у гэтай краіне чуў:

"Калі я ў Афрыцы быў, то ведаў пра гэта з размоваў. Вайскоўцаў, якія працуюць у гэтай сфэры, ня так і шмат, таму ўсе адзін аднаго досыць добра ведаюць. Расказвалі, хто дзе працаваў ці па нейкіх кантрактах працуе. Ну і ўсплывала, што нехта працаваў у Лібіі, нехта ў Судане і г.д. Але спэцыфіка ў тым, што, як правіла, гэта не такія кантракты, што заключаюцца зь дзяржавай. Яны падпісваюцца зь нейкай фірмай, можа нават і эўрапейскай, таму беларускія карані могуць, зноў жа, не фігураваць".

Пасьля грамадзянскай вайны 2002—2004 гадоў Кот-д'Івуар на парозе новага збройнага канфлікту. Пры канцы лістапада 2010-га тут адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, па выніках якога абодва кандыдаты — лідэр апазыцыі Ўатара і дзейны кіраўнік Гбагбо — абвясьцілі пра сваю перамогу. Міжнародная супольнасьць прызнала кіраўніком дзяржавы Ўатара і заклікала Гбагбо сысьці ў адстаўку. Але апошні, карыстаючыся падтрымкай войска, на такі крок не пагаджаецца.
XS
SM
MD
LG