Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН ухваліла санкцыі супраць рэжыму Муамара Кадафі і заклікала да міжнароднага расьсьледаваньня ваенных злачынстваў у Лібіі. Італія скасавала дамову аб супрацоўніцтве зь Лібіяй. Вялікабрытанія скасавала статус дыпляматычнай недатыкальнасьці для Кадафі і яго сыноў. Сьвет рыхтуецца да сыходу палкоўніка Кадафі пасьля ягонага 41-гадовага кіраваньня краінай.

Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН, прынятая 26 лютага, накладае на Лібію эмбарга на гандаль зброяй, уводзіць візавую забарону для 16 лібійскіх кіраўнікоў ды замарожвае актывы Муамара Кадафі і ягоных сямейнікаў. Рэзалюцыя таксама заклікае правесьці міжнароднае расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму супраць мірных пратэстоўцаў. Гэта другі выпадак, калі Рада бясьпекі ААН зьвярнулася да Міжнароднага крымінальнага суду з просьбай расьсьледаваць ваенныя злачынствы ў краіне-сябры ААН (раней падобная рэзалюцыя была прынятая ў адносінах да Судану).

27 лютага Італія заявіла, што яна прыпыняе дамову зь Лібіяй з 2008 году аб двухбаковым супрацоўніцтве. "Здаецца, мы ўжо перайшлі пункт невяртаньня" – сказаў міністар замежных справаў Італіі Франка Фраціні, дадаючы, што сыход Кадафі – "непазьбежны".

Камэнтатары зьвяртаюць увагу, што гэты крок Італіі адчыняе дарогу выкарыстаньню італьянскіх вайсковых базаў у Лібіі ў магчымай міжнароднай вайсковай апэрацыі супраць сілаў Кадафі.

27 лютага брытанскі ўрад адмяніў статус дыпляматычнай недатыкальнасьці ў Вялікабрытаніі для лівійскага лідэра Муамара Кадафі і яго сыноў. "Вядома, для палкоўніка Кадафі прыйшоў час сысьці", – заявіў міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Ўільям Хэйг у інтэрвію Бі-бі-сі.

Таксама 27 лютага прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што палкоўнік Кадафі ўжо страціў легітымнасьць і мусіць сысьці. Абама падпісаў распараджэньне ад замарожваньні актываў Кадафі і ягонай сям’і ды замежных актываў лібійскага ўраду.

"Мы хочам, каб ён сышоў і закончыў сваё кіраваньне, каб ён адклікаў наёмнікаў і аддзелы, якія застаюцца яму ляяльнымі" – сказала пра Кадафі дзяржаскратар ЗША Гілары Клінтан таго самага дня, зьбіраючыся ў Жэнэву на сустрэчу з арабскімі і афрыканскім дыпляматамі, каб абмеркаваць далейшае разьвіцьцё сытуацыі ў Лібіі.

Два вядомыя амэрыканскія сэнатары, Джозэф Лібэрман і Джон МакКэйн, заклікалі Абаму прызнаць часовы ўрад Лібіі, які стаў фармаваць былы міністар юстыцыі Лібіі на тэрыторыі краіны пад кантролем паўстанцаў. Паводле гэтых сэнатараў, ні ЗША, ні НАТО не павінны скідаць з уліку магчымасьць вайсковай інтэрвэнцыі ў Лібіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG