Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС абвяргае інфармацыю пра беларускіх наймітаў у Лібіі і самалёце з золатам Кадафі


Муамар Кадафі

Муамар Кадафі

Намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына зявіла БелаПАН, што "чуткі, якія распаўсюджваюцца шэрагам СМІ, пра ўдзел грамадзянаў Беларусі ў якіх-небудзь вайсковых фарміраваньнях на тэрыторыі Лібіі, не адпавядаюць рэчаіснасьці".

Ваньшына таксама заявіла, што не адпавядае рэчаіснасьці і інфармацыя пра прылёт ў Беларусь самалёта Муамара Кадафі з каштоўнасьцямі на борце і пра візыт ў Менск яго пасланца.

Тэлеканал CNN паведаміў, што адзін з уцекачоў зь Лібіі, бачыў у ліку наймітаў "людзей з усходнееўрапейскай зьнешнасьцю": "Усе яны былі ўзброеныя аўтаматамі АК-47. Па чутках, гэта маглі быць сэрбы і беларусы".

Пра тое, што ў Менск прыцялёў самалёт з каштоўнасьцямі Кадафі, паведамляе ізраільская радыёстанцыя "Калі Ісраэль" ("Голас Ізраіля"). Паводле радыёстанцыі, некалькі дзён таму ў Менску прызямліўся самалёт "Боінг 737", які належыць сям'і Кадафі, на борце якога знаходзіліся наяўныя грошы, золата і дыямэнты на суму 3 млрд. даляраў ЗША.

Раней у інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра таемны візыт ў Менск пасланца Кадафі, начальніка галоўнага ўпраўлення тылу і вытворчасці Часовага галоўнага народнага камітэта абароны Лібіі Абдэррахмана Сэйідам, які нібыта прыехаў за зброяй.

Заходнія СМІ адзначаюць даўнія "адмысловыя адносіны" Муамара Кадафі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кіраўнік Беларусі наведваў Лібію з афіцыйным візытам у 2000 годзе.
Візіт Кадафі ў Беларусь адбыўся ў лістападзе 2008 году.

У сьнежні 2009 года падчас візыту ў Трыпалі беларускай дэлегацыі на чале зь міністрам абароны Юрыем Жадобіным быў падпісаны двухбаковы пратакол пра супрацоўніцтва ў галіне абароны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG