Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня месяц, як з турмы КДБ пад хатні арышт былі пераведзеныя экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і журналістка Ірына Халіп — жонка яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду кіраўніка Беларусі Андрэя Саньнікава. Як пражылі гэты месяц у хатняй ізаляцыі былыя вязьні “Амэрыканкі”?

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, асобам, якія знаходзяцца пад хатнім арыштам, забаронена:

– выходзіць з жытла цалкам або ў пэўны час;
– весьці тэлефонныя перамовы, карыстацца сродкамі сувязі;
– мець зносіны з пэўнымі асобамі і прымаць каго б там ні было ў сябе.

Бацька Ірыны Халіп, рэжысэр-кінадакумэнталіст Уладзімер Халіп кажа, што цяжка знайсьці нешта станоўчае ў абмежаваньні волі наагул і ў хатнім арышце ў прыватнасьці:

"Я б не параўноўваў гэтыя дзьве акалічнасьці. Бо і тое кепска, і тое. Што яна дома — на першы погляд, цудоўна. Перадусім, яна бачыць сваё дзіця. У кватэры ёсьць гарачая вада, чаго нельга сказаць пра тую ўстанову, якую яна пакінула. Але ж усё роўна гэта — варта, пастаянная прысутнасьць чужых людзей. То бок, па сутнасьці, нічога не зьмянілася. А можа, у нечым і горш стала. Яна ня мае магчымасьці выйсьці на сьвежае паветра, хоць там такая магчымасьць была. Так што — як лічыць, ад чаго браць адлік".

Карэспандэнт: "Данік пастаянна пры маці?"

"Так, у садок больш ня водзім. Ён, дарэчы, увесь час задае пытаньне: а чаму да дамафону не падыходзіць мама? Ну, і процьма іншых пытаньняў, на якія, на вялікі жаль, адказаў у нас няма і быць ня можа".

Карэспандэнт: "За прамінулы месяц зьнешнія, маральныя зьмены ёсьць?"

"Безумоўна, яна ж разам са сваім Данікам! А гэта проста неверагодна вялікае шчасьце. І гэта асноўнае, што яе ў такой сытуацыі жывіць".

Карэспандэнт: "Калі прыходзіце яе наведваць, вас абшукваюць?"

"Не-не, нічога такога няма".

Калі Ірыне Халіп дазволена быць з 3-гадовым сынам, то Ўладзімеру Някляеву са сваімі дочкамі забаронена нават бачыцца. Эва Някляева некалькі разоў зьвярталася па дазвол на спатканьне з бацькам, прасіла паразмаўляць хоць бы праз тэлефон. Аднак усё бяз плёну:

"Турма фактычна пераехала за ім сьледам, бо ў кватэры ўвесь час сядзяць двое гэбэшнікаў, сочаць за кожным яго крокам. Практычна там жывуць... А як назваць тое, што не адпускаюць у шпіталь? Мы колькі разоў пыталіся, ці можна яго куды адвезьці, каб паглядзець галаву! Бо як ён з турмы прыйшоў, яго галаўныя болі не адпускаюць. Аднойчы завезьлі ў шпіталь КДБ страўнік праверыць, бо ў турме пачаліся са страўнікам таксама праблемы. Але ў нармальную лякарню, каб праверыць галаву, так і не адпусьцілі. Мы ж і зараз напэўна яшчэ ня ведаем, што насамрэч адбылося, калі яго 19 сьнежня зьбілі. То бок ёсьць траўма галавы ці не — ня ведаем дагэтуль. Ну і адносна праблемаў зь ціскам, што ў яго былі ў КДБ, то яго жонцы сказалі: яна можа апісаць сымптомы лекару, і калі той прапіша лекі, то бацька зможа іх прымаць. Гэта ўжо поўны зьдзек, як мне здаецца".

За месяц хатняга арышту спадара Някляева адзін раз звазілі на на допыт у КДБ і аднойчы – у турэмны шпіталь. А заадно некалькі сэкундаў падыхаў сьвежым паветрам. У іншым, як кажа Эва, ніякай разнастайнасьці няма. Калі не лічыць суду, які раней ці пазьней адбудзецца:

"Для мяне самае важнае і галоўнае, каб мэдычны агляд правесьці. Я ня ведаю, калі будзе суд, ня ведаю, дадуць яму тыя 15 гадоў турмы ці не. Але калі ён у такім стане, што ў яго і галава баліць, і сьпіна зараз пачала балець, і са страўнікам праблемы, і зь ціскам праблемы… І вось калі ў такім стане зараз яго яшчэ пасадзяць у турму, ён там проста ня вытрымае. Трэба з гэтым нешта рабіць. Гэта якраз тое, што мяне зараз найбольш хвалюе".

Ці разумее Эва, чаму Ірына Халіп мае магчымасьць бачыцца з бацькамі і сынам, а Ўладзімера Някляева абмежавалі толькі кантактамі з жонкай?

Чаму нам не дазволена як дочкам сустракацца? Напэўна, гэта яшчэ адзін спосаб ціску, ніякага іншага рэзону ў забароне на спатканьні няма
"Я ўвогуле гэтую сытуацыю не разумею, бо фармальна яму ўсё ж дазволеныя сустрэчы зь сям'ёй. Чаму нам не дазволена як дочкам сустракацца? Напэўна, гэта яшчэ адзін спосаб ціску, ніякага іншага рэзону ў забароне на спатканьні няма. Толькі дзеля таго, каб яму яшчэ горш было, каб яшчэ сумней было ад усьведамленьня сваёй ізаляванасьці. Увогуле ж не дазволена практычна ўсё. Нічога не зьмянілася. Літаральна ад таго часу, як ён толькі прыехаў і калегі, сябры пайшлі яго прывітаць на наступны дзень. А яму нават да вокнаў не дазволілі падыходзіць".

Толькі са слоў сваіх родных абвінавачаныя ведаюць, што за час іх утрыманьня пад хатняй вартай Ірына Халіп атрымала прэстыжную журналісцкую ўзнагароду Расеі "Залатое пяро", а Ўладзімера Някляева літаратарская супольнасьць прапанавала вылучыць на Нобэлеўскую прэмію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG