Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску пройдзе паседжаньне Нацыянальнай каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазыцыі. Яго ўдзельнікі абмяркуюць супольную працу, скіраваную на супрацьдзеяньне тэрору і рэпрэсіям з боку ўладаў.

Нацыянальныя каардынацыйная рада дэмакратычнай апазыцыі, якую стварылі 9 студзеня, вызначыла шэсьць кірункаў, дзе можна дзейнічаць супольна. Адзін зь іх, напрыклад, аднаўленьне, стварэньне і разьвіцьцё структуры. І сапраўды, дзе можа сабрацца апазыцыйны актыў, калі ўлады прымусяць Партыю БНФ пакінуць яе офіс на праспэкце Машэрава? Іншага падобнага памяшканьня ў апазыцыі няма. Як выйсьце, узьнікае прапанова – купіць, пабудаваць альбо ўзяць у арэнду сумесна нейкае памяшканьне.

Валянціна Сьвяцкая – прадстаўніца ў радзе ад аргкамітэту ў справе стварэньня "Беларускага руху" ўпэўненая: толькі разам дэмакратычная апазыцыя можа зрабіць нешта карыснае:

Тое, што наступіў час зноўку зьбіраць усё да адзінства, адчуваюць прадстаўнікі ня толькі апазыцыйных палітычных партыяў, але і грамадзкіх аб'яднаньняў
"Тое, што наступіў час зноўку зьбіраць усё да адзінства, адчуваюць прадстаўнікі ня толькі апазыцыйных палітычных партыяў, але і грамадзкіх аб'яднаньняў. Таму што толькі разам можна зрабіць сур'ёзную справу, ад якой будзе карысьць і вынікі якой для ўсіх будуць відавочнымі".

Найбольшую актыўнасьць у новай радзе пакуль праяўляе партыя левых "Справядлівы сьвет". Спадарыня Сьвяцкая так тлумачыць гэты факт:

"Яны прайшлі з найменшымі стратамі гэтую выбарчую кампанію. Ім не так дасталася, як усім астатнім. Я маю на ўвазе, што менш у іх грамілі структуры, кіраўніцтва і г.д. Хаця і ў іх не абышлося без вобшукаў ды іншых інцыдэнтаў. Гэта – і АГП, і Партыя БНФ, і сацыял-дэмакраты, і жаночая партыя. Далучыліся і беларускія хрысьціянскія дэмакраты. Раней яны ўвесь час ігнаравалі сумесную працу ў структурах, дзе прысутнічалі Калякін і яго камуністы. Цяпер, дзякуй Богу, і яны адчулі, што дамагацца перамогі трэба сумесна".

Палітоляг Вацлаў Арэшка лічыць, што пакуль зарана казаць пра аб'яднаньне апазыцыйных сілаў, а тое, што адбываецца, гэта яшчэ толькі спроба кансалідацыі:

Трэба так ці інакш скаардынавацца, шукаць спосабы для розных структур
"Зараз усе прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі разумеюць – паасобку сур'ёзных спраў у нашай краіне не зробіш. Трэба так ці інакш скаардынавацца, шукаць спосабы для розных структур, нават з рознымі падыходамі для супрацоўніцтва і распрацоўкі новых правілаў у той сытуацыі, якая ўзьнікла пасьля 19 сьнежня.

І мне здаецца, гэта пэрспэктыўны крок. Я сам трошкі ў гэтым удзельнічаў і бачу, што ёсьць жаданьне намацаць агульныя кропкі, знайсьці магчымасьці для супольнай працы. Гэта такое супрацоўніцтва. Яго яшчэ цяжка назваць аб'яднаньнем, бо аб'яднаньне бывае на базе супольнай працы. Калі ёсьць, што рабіць разам, тады знаходзіцца і паразуменьне".

Шэсьць кірункаў супольнай працы акрэсьленыя так: салідарнасьць; аднаўленьне, стварэньне і разьвіцьцё інфраструктуры; падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў; інфармацыйная кампанія; масавыя мерапрыемствы і праца з мэтавай аўдыторыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG