Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі псыхааналітык: "Вязьні КДБ не павінны маўчаць"


Сярод спэцыялізацыяў бэрлінскага псыхааналітыка Карла-Гайнца Бомбэрга — псыхічная траўматызацыя асобы падчас палітычных рэпрэсіяў. У мінулым сам вязень Штазі — Бомбэрг кансультуе тых, хто прайшоў допыты ды катаваньні службаў дзяржбясьпекі ГДР. Ён перакананы, што прынамсі траціна гэтых вязьняў мае посттраўматычны сындром (ПТС) або сур’ёзныя псыхічныя ці псыхасаматычныя расстройствы.

Праблемы са здароўем могуць пачацца і праз 20 гадоў пасьля турмы


У розны час у псыхіятрычны кабінэт Карла-Гайнца Бомбэрга, што на Прэнцлаўэр Бэрг ва ўсходняй частцы Бэрліну, агулам зьвярнулася прыкладна 150 ахвяраў Штазі. Шмат у каго зь іх псыхічныя або псыхасаматычныя праблемы зьявіліся гадоў праз 10 і нават 20 пасьля падзеньня рэжыму Хонэкэра.

Брандэнбуржац Томас Ханэман — пацыент Бомбэрга з 10-гадовым стажам. У часы ГДР ён атрымаў пяць гадоў турмы за антыўрадавую дзейнасьць. Як кажа Ханэман, якому цяпер 51 год, сапраўднае жыцьцё ён адчуў толькі пасьля падзеньня Бэрлінскага муру ў 1989 годзе. Ён зьмяніў шмат прафэсіяў, ад аквалянгіста да прадпрымальніка, і адчуваў сябе цалкам нармальна, як кожны здаровы чалавек.

І толькі на пачатку 2000-х, праз 14 гадоў пасьля турмы, у яго пачаліся начныя кашмары, болі ў страўніку і беспадстаўная непрадказальная нянавісьць ды агрэсія да ўсіх кіраўнікоў.

"Падобныя размытыя, дыфузныя сымптомы маюць многія колішнія "палітычныя" з былой ГДР", кажа Бомбэрг. — "Лячыць людзей, чыё здароўе сыстэматычна разбурала Штазі, досыць складана".
Пасьля таго, што гэтыя людзі перажылі, яны трывала знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане. Гэта такая псыхічная перапрацоўка-жвачка перажытага — катаваньняў, допытаў і гэтак далей.


Бомбэрг:"Вось нядаўна да мяне зьвярнуўся пацыент, які дваццаць гадоў пасьля турмы Штазі ні на што не пакутаваў. Ніколі. І тут у яго раптам усё пачало балець. Як высьвятляецца, такія болі маюць псыхагенныя прычыны. Пасьля таго, што гэтыя людзі перажылі, яны трывала знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане. Гэта такая псыхічная перапрацоўка-жвачка перажытага — катаваньняў, допытаў і гэтак далей. Вельмі важны момант, што акрамя псыхічнай рэакцыі на ўвесь гэты досьвед існуе і саматычная, цялесная рэакцыя зь невыноснымі болямі — галавы, хрыбетніка, суставаў. Найперш псыхічныя расстройствы выклікаюць ускладненьні на страўнікава-кішэчным тракце, наступны орган — гэта сэрца. Паступова настае ня толькі псыхічная, але і саматычная дэпрэсія".

Самае галоўнае — пазбавіцца недаверу


Недавер у колішніх вязьняў набіраецца з-за таго, што доўгі час яны былі аб’ектам кантролю ды сачэньня спэцслужбаў, лічыць Бомбэрг. Цяпер, пасьля доўгіх размоваў зь лекарам, многія зь яго пацыентаў, як той жа Ханэман, ужо спакайней рэагуюць, скажам, на павольны праезд аўтамабіля, нечаканыя званкі ў дзьверы або праз тэлефон, і ня
Я ведаю, што многія вязьні проста ня хочуць нічога гэтага ўзгадваць, а хочуць толькі забыцца. І толькі пасьля таго як палітыкі, мэдыкі, праваабаронцы пачнуць актыўна нагадваць людзям пра іх правы, тыя зноў павераць у сябе.
скардзяцца на болі.

Як кажа доктар Бомбэрг, канчаткова вылечыцца ад перажытай несправядлівасьці, на жаль, немагчыма. Наступствы псыхатраўмы магчыма толькі зьмякчыць, паціху перапрацаваўшы адчуваньні перажытай несправядлівасьці. Гэта крок за крокам робіць доктар са сваімі пацыентамі.

"Свабода": "Што б вы маглі параіць у сувязі з гэтым беларускім вязьням, якія знаходзяцца ў турмах пад масіўным псыхалягічным ціскам з боку спэцслужбаў, а таксама тым, хто выйшаў зь вязьніцы і адчувае пэўныя душэўныя расстройствы? Пры гэтым трэба ўлічваць, што лекар-псыхіятар у постсавецкіх краінах — гэта спэцыяліст, да якога чалавек пойдзе ў апошнюю чаргу, асабліва так званы палітычны?"

Бомбэрг: "Ёсьць пэўныя моманты, якія зьвязаныя з палітыкай і могуць вырашацца на палітычным узроўні ў адпаведнасьці з тымі пагадненьнямі, да якіх далучылася Беларусь. Згодна з гэтымі пагадненьнямі трэба пільна дамагацца выкананьня такіх правоў, як права на кантакт з адвакатам, на спатканьні, на мэдычны дагляд. Таксама нейкімі агульнымі міжнароднымі намаганьнямі можна было б нейкім чынам наладзіць адпаведныя кансультацыі заходніх адмыслоўцаў-псыхіятраў, каб дапамагчы пацярпеламу справіцца зь ягонымі псыхатраўмамі. Я ведаю, што многія вязьні проста ня хочуць нічога гэтага ўзгадваць, а хочуць толькі забыцца. І толькі пасьля таго, як палітыкі, мэдыкі, праваабаронцы пачнуць актыўна нагадваць людзям пра іх правы, тыя зноў павераць у сябе. Я гэта назіраю на маіх пацыентах, якія шмат маўчалі. Аднак цяпер, ведаючы пра свае правы больш, яны болей займаюцца ўласнымі праблемамі".

У гэтыя дні ініцыятыва "Вызваленьне", якая аб'ядноўвае сваякоў палітвязьняў па "справе 19 сьнежня", перадала ў амбасаду Вэнгрыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, зварот, у якім заклікае Эўропу праявіць цьвёрдасьць у пытаньні неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

У звароце прыводзяцца прыклады катаваньня над вязьнямі ў засьценках КДБ. Гэта жорсткае стаўленьне канваіраў у чорных масках, шантаж і псыхалягічны ціск на падсьледных, адсутнасьць туалета ў многіх камэрах і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG